Главная » Новости » Лента новостей

Хто дапамагаў хлебаробам Астравеччыны ўбіраць ураджай – Аляксандр Субаткевіч з Міхалішкаўскага лясніцтва

202

 

Падчас уборачнай кампаніі яны мянялі звыклае месца работы на кабіну камбайна, каб не толькі зарабіць і дапамагчы вяскоўцам своечасова прыбраць з палёў саспелыя рапс і збажыну, але і атрымаць асалоду ад працэсу. Сваімі гісторыямі ўдзелу ў жніве падзяліліся работнікі розных галін, якія гэтым летам працавалі хлебаробамі. 

Лесанарыхтоўшчык Аляксандр Субаткевіч:

– Некаторыя на час уборкі бяруць адпачынак. А нас, работнікаў лясніцтва, афіцыйна накіравалі на дапамогу КСУП «Міхалішкі». 

Напэўна, і пальцаў на руках не хопіць, каб пад­лі­чыць, якая для мяне гэтая ўборка. Пачынаў памоч­нікам у Эдуарда Іванавіча Завішы – была ў нас тады «Мега-208». Праз шэсць гадоў пераселі на «Ліду-1300». 15-ты год пайшоў, як працую на гомсельмашаўскіх камбайнах, якія ў народзе называюць «Палессем».

Пазалетась атрымаў новы хлебаўборачны камбайн гэтай жа вытворчасці. Па вялікім рахунку, агрэгат мала чым адрозніваецца ад свайго папярэдніка. Праўда, бункер больш умяшчальны і оптыка лепшая. А па ўнутраным начыненні тое самае. Але новы камбайн ёсць новы… 

Не сказаць, што збожжа сёлета лепш сыпалася, чым у мінулым годзе. Праўда, усё залежала ад участкаў. Нядрэнны рапс вырас – без некалькіх дзясяткаў тон амаль тысячу намалацілі па гаспадарцы. Найбольш за дзень набіваў 90 тон крыжакветкавага і 85 тон азімай пшаніцы пры тым, што ў сярэднім за змену намалочвалі каля 45-50-ці тон.

У КСУП «Міхалішкі» я першы і адзіны з камбайнераў, хто ўзяў «тысячу». Таму ж Мірыку Памецьку ці Генадзю Мілашу плошчаў не хапіла, да таго ж яны стаялі некалькі дзён на рамонце. Вый­грае той, чый камбайн не псуецца. 

Падышоў да мяне неяк хлопец – у яго хлебаўборачны агрэгат таксама з навейшых – і запытаў, як сталася, што я больш за яго набіў тон. Кажу: папрацуй ты 20 гадоў на камбайне, тады будзеш ведаць. (Усміхаецца.)

КСУП «Міхалішкі» першыя ў раёне справілі сімвалічныя «Дажынкі». Тут і збожжавы клін самы меншы ў раёне, і ўраджайнасць невялікая – таму паспелі хутчэй за астатніх. 

Вычышчу камбайн, змажу ўсе дэталі – і можна ставіць «Палессе» на захаванне да наступнай уборкі. А я? На трактар – і ў лес падбіраць за вальшчыкамі бярвёны і вазіць іх… Па сутнасці, там сваё «жніво». (Усміхаецца.)

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: