Дзевяностагадовы юбілей адзначыла жыхарка Мураванаашмянкоўскага сельсавета Яніна Маркоўская
У Год беларускай жанчыны вялікая ўвага надаецца прыгожай палове чалавецтва. І гэта зразумела. На жаночыя плечы кладзецца вялікая адказнасць. Жанчына, быццам руплівая пчала, імкнецца атуліць клопатам сям’ю, быць дбайнай гаспадыняй, паспяхова спраўляцца са штодзённымі абавязкамі. Некаторыя толькі адкрываюць у сабе жаноцкасць і прыгожы пачатак, за плячыма іншых – доўгі шлях. Часам ён звілісты і цярністы, часам — гладкі і светлы.
У канцы лютага свой дзевяностагадовы юбілей адзначыла жыхарка Мураванаашмянкоўскага сельсавета Яніна Маркоўская. Гэта падзея стала знакавай не толькі для самой жанчыны, але і для яе родных, блізкіх, суседзяў і аднавяскоўцаў. Ва ўтульнай зале мясцовай бібліятэкі сабраліся яе дзеці, унукі, суседзі, сяброўкі, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый. Вочы юбіляркі іскрыліся асаблівай дабрынёй і ўдзячнасцю да кожнага, хто завітаў у гэты дзень у бібліятэку.
Першай павіншавала Яніну Ігнатаўну старшыня сельвыканкама Галіна Каспяровіч.
-У сенняшні святочны дзень я хачу звярнуцца да вас не толькі са словамі віншавання, але і з удзячнасцю. Увесь час вы з’яўляецеся актыўнай жыхаркай сваёй малой радзімы і дастойным прыкладам для маладога пакалення. На працягу доўгіх гадоў вы былі старастай роднай вёскі Цімуты, прыкладалі намаганні, каб вёска была чыстай, утульнай і прыгожай. Не раз вас можна было заўважыць за касьбой, зборам смецця ў ваколіцах вёскі. Вы ўзялі на сябе таксама адказнасць за парадак ля прыдарожнага крыжа, які знаходзіцца ў пачатку населенага пункта. Сваім асабістым прыкладам, душэўнай цеплынёй, справядлівымі адносінамі да людзей вы заслужылі цёплыя адносіны да сябе, — адзначыла Галіна Тадэвушаўна.
Маладыя гады юбіляркі выпалі на пасляваенны час. Жанчына і сёння добра памятае тыя выпрабаванні, праз якія давялося прайсці. Аднак па жыцці яна ішла заўжды з аптымізмам і лагоднай усмешкай. Яніна Ігнатаўна ўсё жыццё працавала ў калгасе: хадзіла ў паляводства, рвала і вязала лён, палола буракі, а калі пачыналася зіма – цыравала калгасныя мяшкі. Доўгі час яна была малаказборшчыкам – на кані збірала па вёсках малако. А дома заўсёды трымала вялікую гаспадарку. Трэба было і пасадзіць, і прапалоць, і нарыхтаваць сена на зіму.
Самаадданую працу ў гаспадарцы адзначыла і Аксана Людкевіч, якая прадстаўляла раённую прафсаюзную арганізацыю работнікаў аграпрамысловага комплексу. Аксана Анатольеўна падкрэсліла, што юбілярка з’яўляецца чалавекам працы, і падзякавала Яніне Ігнатаўне за яе руплівасць і самаадданасць.
Паспявала жанчына не толькі рупліва працаваць. За сваё прыгожае жыццё яна выхавала дваіх дзяцей – Іосіфа і Тарэсу. Пасля радавалася ўнукам, якіх у жанчыны чацвёра. На сённяшні дзень благаславіў Бог яе таксама і праўнукамі. Павіншаваць матулю прыехала дачка з унучкай. Маладое пакаленне адзначыла, што мама і бабуля заўсёды была захавальніцай традыцый, галоўным дарадцам і цэнтрам вялікай сям’і. Яна была тым фундаментам, на якім трымаліся сямейныя адносіны. З дзяцінства мама вучыла дзяцей спагадзе, дабрыні, міласэрнасці, выхоўвала згодна з хрысціянскімі прынцыпамі.
Вядучыя мерапрыемства прапанавалі юбілярцы паглядзець на сваё жыццё з вышыні пражытых гадоў праз падрыхтаваную загадзя невялікую падборку фотаздымкаў. Моманты, адлюстраваныя на іх, выклікалі моцныя эмоцыі ў жанчыны і па-сапраўднаму яе расхвалявалі. Гледзячы на прысутных у зале, Яніна Ігнатаўна назвала сябе багатым чалавекам. І яе галоўнае багацце – гэта не матэрыяльныя каштоўнасці, а людзі – блізкія, родныя і самыя дарагія.
У свой юбілей жанчына адкрыла сакрэт даўгалецця. А складаецца ён з простых рэчаў: веры ў Бога, сумленнасці і самаадданасці, шчырых адносін да людзей, клопату аб сваёй зямлі.
Марта БАГДАНОВІЧ.
Фота аўтара.








