Главная » Новости » Лента новостей

Чым багаты, тым і рады – шчыра сустракалі гасцей “Ганненскага кірмашу” на падворках сельсаветаў і сельскагаспадарчых арганізацый

166

Не памылюся, калі скажу, что аднымі з самых гучных, вясёлых і цікавых на Ганненскім кірмашы з’яўляюцца падворкі, якія па добрай традыцыі ўжо штогод афармляюцца прадстаўнікамі сельвыканкамаў і сельскагаспадарчых арганізацый. Сёлета абрус-самабранка прыгожа разаслаўся на кожным стылізаваным двары. Настолькі тэматыка і рэчы перапляліся паміж сабой, што хацелася не проста разгледзець і зайсці, а сесці на лаўку і адчуць сябе паважаным госцем. Тым больш што гаспадары прыветліва сустракалі кожнага госця фестываля і акуналі ў атмасферу даўніны. На імправізаваныя пляцоўкі запрасілі журы, у склад якого ўвайшлі першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Сыско, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Ірына Мякеня, старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Валерый Парфенчык.  Так як на Зэльвеншчыне вялікая ўвага надаецца захаванню народных абрадаў і традыцый, папулярызацыі абрадавай спадчыны, каларытнасці, музычнаму афармленню і задумцы арганізатараў можна было толькі пазайздросціць. Кожная стылізаваная хата прываблівала ўтульнасцю і зместам, а экспанаты, размешчаныя на падворку, выклікалі неймаверную цікавасць. Да прыкладу, прадстаўнікі Зэльвенскага сельсавета і сельгасарганізацыі “Бародзічы” прывезлі на кірмаш ягады і агародніну, назвалі свой падворак “Ягадным”. Гасцей запрашалі галоўныя героі – Вішня, Клубніца і Лімон – і прапаноўвалі пачаставацца не толькі ласункамі з саду і агароду, але і беларускімі стравамі.  Работнікі культуры звязалі нават загадкі з адпаведнай тэмай. Князеўцы аздобілі свой падворак “Хлебны” пшаніцай і ячменем, караваямі і рознай выпечкай з мукі. Двор прадстаўнікоў з Міжэрыч пераўтварыўся ў сапраўдны мясны край. Чаго толькі тут не было: ад сала да вяндліны, ад курыцы да каўбасы, пальцам піханай. І  нават цукерку можна было набыць мясную.  На дабрасялецкім падворку “Малочныя ўладары” з’явілася выстава посуду для апрацоўкі малака. Для фота была арганізавана цікавая зона. Аматарам малочнай прадукцыі свае прысмакі прапаноўваў гаспадар асобнай гаспадаркі “Щедрая бурёнка” Эдуард Петруць. Тут можна было нават паспрабаваць збіць масла і ў маслатроне выйграць ці то сырок, ці то йогурт, бутэльку малака ці кефіра. Руплівыя гаспадары накрылі і стол ад душы. Вабіў пах булак і пірагоў, вясковых каўбас, з’яўляўся апетыт, каштуючы свежапрыгатаваныя і прыемна пахнучыя стравы. Канешне ж, кулінарныя здольнасці гаспадынек з розных вугалкоў раёна маглі стаць уровень з шэф-паварамі элітных рэстаранаў. У дадатак частаванне адбывалася пад вясёлыя песні. Прыгожымі музычнымі і танцавальнымі нумарамі работнікі культуры хутка паднімалі настрой усім, хто прыпыняўся каля варот. – Захаваць традыцыі, народную культуру продкаў менавіта нашага раёна, – вось адна з задач дадзенага конкурсу – прэзентацыі падворкаў, – адзначылі члены журы. – Не першы год атрымліваецца выдатна паказаць розную тэматыку, адлюстраваць мясцовы каларыт, аформіць яркія дэкарацыі. Удзельнікі мерапрыемства падышлі да пастаўленай задачы з поўнай адказнасцю, што сведчыць аб закладзеных у нашых душах вялікай любові да зямлі, людзей, спадчыны. Пры падвядзенні вынікаў улічвалася некалькі крытэрыяў, сярод якіх  афармленне, музычнае суправаджэнне, адпаведнасць тэматыцы. І хто б ні аказаўся пераможцам, кожны падворак заслугоўваў самай высокай адзнакі. Гасцям кірмашу спадабаліся фотазоны, на якіх здымкі рабілі і людзі старэйшага пакалення, і моладзь. Даспадобы былі музыкі. Інтрыгуючай стала бяспройгрышная латэрэя. Дарэчы, яна штогод разыгрываецца на князеўскім падворку. Сёлета прыз – мяшок зерня. – Трэба аддаць належнае ўсім, хто адказна аднёсся да складанай справы – тэматычнай і мастацка-музычнай прэзентацыі падворкаў, – выказаў думку лідар прафсаюзнага руху Зэльвеншчыны Валерый Парфенчык. – Цяжка вызначаць пераможцаў. Але конкурс падразумевае гэта. Тым не менш дзякуем усім за энтузіязм, энергетыку, крэатыўнасць і вынаходлівасць. Лепшым стаў падворак дабрасялецкіх гаспадароў. Другое месца занялі князеўцы. Трэцяе раздзялілі міжэрыцкія і бародзіцкія двары. Людміла ПОПКА

Источник: 

Читайте также: