Ведаю гаспадыню МТК «Падольцы» Гражыну Рабкоўскую даўно (гультаям яна спуску не дасць!), таму маё ўяўленне намалявала вобраз працавітых, дарэчы, як і тутэйшыя людзі, работнікаў. Забягаючы наперад зазначу: прадчуванне не падвяло…
Як індусы трапілі ў саўгас «Падольскі»; як знаходзяць агульную мову з мясцовымі людзьмі; што было для іх самым цяжкім; ці спадабалася традыцыйная індыйская ежа загадчыцы комплексу – пра гэта і многае іншае даведалася на месцы.
Пра ноўхаў і людзей
…Прыязджаем на комплекс «Падольцы». Цялятніцы кружаць ля індывідуальных дамкоў і падапечных. Адзін з работнікаў мые чарговы домік. Непадалёк будуецца новае жывёлагадоўчае памяшканне… Словам, тыповая карціна са штодзённага жыцця комплексу.
На тэрыторыі заўважаю яго начальніка: жанчына штосьці эмацыянальна тлумачыць будаўнікам і паралельна размаўляе па тэлефоне. Заўважыўшы мяне, хуткай хадой накіроўваецца насустрач. Пасля прывітання ўводзіць у курс спраў.
– Гэта ідэя нашага Валер’евіча (старшыня саўгаса. – Заўв. аўт.). Нагледзецца розных цікавостак на семінарах, а потым у нас укараняе, – паказваючы ў бок будоўлі, гаворыць Гражына Рабкоўская. – Гэта будзе сучасны прафілакторый на 180 малышоў і 130 цялят групавога ўтрымання. Акрамя гэтага, тут размесцяцца малочная кухня і асобнае памяшканне для працаўнікоў з усім неабходным абсталяваннем, санвузлом, душавой кабінай, пральнай машынай. Плануем набыць спецыяльны апарат-адпарвальнік для мыцця вядзерац. Словам, будзе значна прасцей і спадручней клапаціцца пра самых маленькіх жыхароў комплексу, таму што пакуль цялятніцы і ў снег, і ў дождж, і ў спёку працуюць пад адкрытым небам. Шэф абяцаў набыць на комплекс самаходную машыну для падсування кармоў. Такой, наколькі ведаю, няма яшчэ ні ў «Гудагаі», ні ў «Гервятах».
Многае ў саўгасе ўзводзяць самі – гаспадарчым спосабам, а гэта адчувальная эканомія для сельгаспрадпрыемства. Прафілакторый – не выключэнне.
Перад тым як пазнаёміць з галоўнымі героямі дня, Гражына запрасіла да сябе ў кабінет.
– Па-нашаму яны не размаўляюць, стасуемся з дапамогай галасавога перакладчыка ў тэлефоне, – адзначыла гаспадыня комплексу. – Я вам лепш за маіх індусаў пра іх усё раскажу, а вы потым проста сфатаграфуеце. Яны дакладна не адмовяць! Не людзі – а ўсміхашкі!
Скажыце, дзе на сусветнай карце знаходзіцца Індыя, а дзе – Беларусь? Зразумела, не толькі мяне зацікавіла, як індусы трапілі ў аграгарадок Падольцы.
– Неяк павезла ў кантору справаздачу і сустрэла дырэктара, які паведаміў, што на мой комплекс прыедуць індусы. Мяне гэтая навіна агаломшыла, падобная рэакцыя была і ў іншых, – успамінае жанчына. – У нашым раёне праводзяцца семінары для спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны розных гаспадарак.
Звычайна раённае начальства, дырэктары гаспадарак, галоўныя заатэхнікі, ветурачы і начальнікі комплексаў наведваюць па адным МТК у кожным калгасе. Дык у мяне «гервятцы» ўсё дапытваліся, адкуль да сябе індусаў заманілі. А я ў сваім рэпертуары, доўга не думаючы, адказала: «Сістэма такая ж, як і на
«Валдберысе», – кідай сабе ў скрынку, хочаш 5, а хочаш – 10. Калегі, канешне, зразумелі, што гэта жарт, і пасмяяліся. Насамрэч усё афіцыйна з працаўладкаваннем індусаў. Праўда, валакіты шмат: атрыманне спецыяльнага дазволу, візы, страхоўкі, даведкі аб праходжанні медкамісіі…
«Камуна» ў Падольцах
У саўгасе да прыёму новых работнікаў грунтоўна падрыхтаваліся. У двухпавярховым доме замянілі кацёл, завезлі дровы, паставілі неабходную мэблю і рэчы, пачынаючы ад новай кухні і заканчваючы посудам. Цяпер тут жыве 6 чалавек.
– Я, напэўна, самы першы госць у іх доме. Ім, канешне, спачатку было складана прывыкнуць да нашага клімату і побыту. Мы з дзяцінства ведаем, як распальваць печ, калі трэба падкінуць дроў, а для індусаў напачатку гэта была цэлая навука. Таксама было цяжка мірыцца з пахаладаннем, пакуль не навучылі іх «хукацца». Работнікі комплексу замежных гасцей сустрэлі прыязна: хто цёплыя рэчы прынёс, хто – ежу. А Лёня Кімстач да гэтага часу частуе іх малочнымі кактэйлямі: маўляў, такой якаснай і смачнай малочкі, як наша, вы ў жыцці не каштавалі, – з усмешкай працягвае Гражына. – Яны вегетарыянцы – ніякага мяса не ўжываюць. Аднаго разу кармілі мяне сваім «пловам» – гэта адвараны рыс з гароднінай і празмернай колькасцю розных прыпраў. Востра! Такая «паляная» ежа не для нашых страўнікаў. А вы б бачылі, як яны бульбу крышаць – так, нават, у рэстаранах не робяць. Рыс, гарох, чай з малаком, рознае пячэнне, гародніна, акрамя агуркоў, – іх рацыён. Ведаеце, што мяне здзівіла? Іх згуртаванасць і дружнасць. Неяк растлумачыла, што на змену варта браць «сабойкі».
Дык яны, як сядаюць абедаць, маленькую міску з ежай пускаюць па крузе: маўляў, частуйцеся – усім хопіць.
Да слова, штомесяц прадуктамі індусаў забяспечвае саўгас, у іх з зарплаты за гэта вылічваюць толькі 20%.
«Індзейцы» – але свае
Менавіта так новых смуглатварых калег называюць старажылы комплексу, хоць, зразумела, жыхары Індыі ніякага дачынення не маюць да Лацінскай Амерыкі.
– Першыя тры чалавекі прыехалі напрыканцы лета. Адзін высокі малады, думала, застанецца, а ён ніякага паняцця не меў пра спецыфіку фермы. Не змог! Затое Тхармэш, што на дойцы, цудоўна спраўляецца з работай. Адзін індус працуе ў прафілакторыі, тры – у даільнай зале, два – на «лёжках». Усім кажу, што ў мяне адно дзіця дома, а тут – ажно шасцёра, – жанчына засмяялася. – Мяне яны называюць мадам. Ведаю, што сумуюць, калі я на выхадным. Раніцай лятуць абдымацца. Мяне яны вельмі любяць, як і я іх. Увогуле кожны чалавек на комплексе для мяне родны.
Пацікавілася ў суразмоўцы, ці ўзнікаюць цяжкасці ў камунікацыі з індусамі і ці добрыя яны работнікі.
– У кожнага ёсць тэлефон з галасавым перакладчыкам. Стасуемся на ламанай англійскай мове, з дапамогай жэстаў і мімікі. Найлепш і найхутчэй яны мяне разумеюць, калі накасячаць. (Усміхаецца.) Ведаюць словы «пока», «спасибо». Завочна знаёма з іх шматлікімі сваякамі. Часта з работы падвожу маіх падначаленых дадому ў Падольцы. Дык усю дарогу з родзічамі па тэлефоне на сваім хіндзі балбочуць, – дзеліцца Гражына. – Хамтабен – хоць худзенькая, але жылістая і працавітая: гной шчышчае, пілавіннем пасыпае, калідор забельвае. Рыхтуем яе да работы на сухастоі. Кожны чалавек сябе ўжо праявіў і паказаў, на што здольны, як, напрыклад, Малыш. Так я называю нашага цялятніка Прытэша Кантрактора.
Перапытала ў Гражыны, як правільна пішацца імя і прозвішча, каб нічога не пераблытаць.
– Лепш перапішыце з майго блакнота, – параіла начальнік комплексу і падала сваю запісную кніжку.
Заўважыла, што у верхнім кутку дакумента простым алоўкам пазначана «Малыш».
– Мае «бабкі» на цялятах вельмі яго палюбілі, а індус вывучыў, што іх завуць Оля і Аня. Неяк з дапамогай перакладчыка Прытэш дзяліўся, што яму падабаецца з нашымі жанчынкамі працаваць, таму што яны вучаць, як правільна даглядаць жывёлу, добрыя. Чалавек адразу ўліўся ў калектыў, таксама, як і Тхармэш, які на дойцы з першага дня. Індусы, як і беларусы, – працавіты народ, – лічыць Гражына.
***
У дзень майго прыезду на комплексе былі Хамтабен і Прытэш. Каб не адрываць жывёлаводаў ад работы, толькі спытала, ці падабаецца ім тут. І ад жанчыны, і ад мужчыны ў адказ атрымала белазубую ўсмешку і кароткае «Ок!». Праўда, Малыш, на маю прапанову паказаць «клас» – зрабіў іншы жэст, суправадзіўшы каментарыем: «Good! Very good!».
Відаць, і сапраўды індусам добра ў Падольцах!
Лічба
На МТК«Падольцы» 1 400 галоў, з якіх 800 – дойны гурт. Ад каровы атрымліваюць 20,4 кг малака.








