Главная » Новости » Лента новостей

Член профсоюза работников АПК Анатолий Голушко награжден медалью «За трудовые заслуги»

86

2 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 40, згодна з якім больш за 90 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці прадстаўлены да дзяржаўных узнагарод. У іх ліку член прафсаюза работнікаў АПК, ветэрынарны ўрач СВК “Свіцязянка-2003” Анатоль Галушка, які ўганараваны медалём “За працоўныя заслугі”.

Накіроўваемся на МТФ “Міратычы”, дзе працуе Анатоль Паўлавіч. За акном — снег і слота. Ветэрынар сустракае нас каля цялятніка.

— Надвор’е сёння нялётнае, — жартуе мужчына. — Давайце зойдзем у памяшканне.

У цялятніку цёпла і пахне малаком. Малыя цяляткі ляжаць каля сваіх хатак.

— Тут знаходзяцца на дарошчванні 67 цялят да двух месяцаў, — уводзіць у курс справы Анатоль Паўлавіч. — Да працы з жывёлай трэба прывыкнуць. Камусьці цяжка, камусьці гэта падабаецца. Я адношуся да другой катэгорыі. Мне па душы мая прафесія, на якой я шчырую ўжо больш за трыццаць гадоў.

У калгас імя Гастэлы ўраджэнец вёскі Баранавічы Анатоль Галушка прыйшоў працаваць пасля таго, як адвучыўся ў Ваўкавыскім сельгастэхнікуме і службы ў арміі. Прызнаецца, што жывёлагадоўлю выбраў яшчэ ў дзяцінстве:

— Мая матуля працавала настаўніцай, тата быў рабочым па працаёмкіх працэсах. А мне, калі яшчэ быў школьнікам, падабалася назіраць за людзьмі, якія працавалі ў жывёлагадоўлі, таму і я заўжды стараўся быць побач з жывёлай. У тэхнікум ішоў з цвёрдай упэўненасцю, што гэта маё.

Анатоль Паўлавіч працуе адразу на дзвюх фермах — у Міратычах і Францішкове. На працягу ўсяго працоўнага жыцця прытрымліваецца аднаго правіла: калі працаваць, то з поўнай аддачай, быць гатовым ісці на працу ў любы час:

— І днём, і ноччу, і ў выхадныя дні — я заўжды гатовы, калі спатрэбіцца, прыехаць на працу. Іначай нельга.

Цікаўлюся, як ветэрынар разумее, што жывёла захварэла. Яна ж не можа сказаць, што ёй дрэнна.

— Па ёй відаць. Яна рэагуе на хваробу, гэта заўважаеш. Нават выглядае не так, як звычайна, — адказвае мужчына. — Ёсць і аб’ектыўныя паказчыкі — дала меней малака, чым учора — гэта ўжо “званочак”, трэба на яе звярнуць увагу. Тое ж самае з цяляткамі, неабходна мінімум два разы на дзень прайсці, паглядзець, як яны.

Пакуль размаўляем з Анатолем Паўлавічам, даведваюся, што хутка ён будзе занесены на раённую Дошку гонару. Мужчына кажа, што такіх высокіх вынікаў дасягнуць нескладана. Галоўнае — шчыра адносіцца да сваёй працы і правільна выконваць свае абавязкі, тады рэзультат будзе заўважаны.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

По материалам газеты "Полымя"

Читайте также: