Главная » Новости » Лента новостей

Член прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Следзевіч – пра прафесійны выбар, комплекс “Дайлідкі” і развіццё сельскай гаспадаркі

163


Колькі б мяне ні запэўнівалі ў тым, што моладзь зараз не такая, як раней, і працаваць яна не хоча, а толькі атрымліваць грошы, – ніколі з гэтым не пагаджуся. Ведаю шмат мэтанакіраваных, разум­ных маладых людзей, якія не баяцца цяжкасцей, рухаюцца наперад і імкнуцца развівацца, у прафесіі ў тым ліку. Ветэрынарны ўрач малочна-таварнага комплексу «Дайлідкі» КСУП «Гервяты»  Андрэй Следзевіч – найлепшы прыклад.

Ці можна паступіць у вну без рэпетытараў? Чаму з першага курса варта ўсведамляць, што ферма – гэта не шакаладная фабрыка? У чым спецыфіка работы вет­урача? Пра гэта і многае іншае пагутарылі з маладым спецыялістам. 

«Цягам першых 3-х гадоў у вну не разумеў, што я тут раблю»

– З чым быў звязаны мой прафесійны выбар? Лічу, што тут сышлося некалькі фактараў. Па-першае, вырас на вёсцы і ведаю не па чутках, што такое сельская гаспадарка. Па-другое, у мяне заўсёды добра ішлі хімія і біялогія. З рэпетытарамі не займаўся. Усе неабходныя веды дала школьны настаўнік Ганна Гендрыкаўна Аскерка. Без перабольшання педагог ад Бога! 

У 11 класе ў пошукавіку забіў свае вынікі цэнтралізаванага тэсціравання і запыт, каб вызначыцца, куды паступаць. На экране выбілася «ветурач». Бацькі спачатку мой выбар не падтрымалі. Тата бачыў мяне ваенным. А мама, якая ў той час працавала даяркай на малочна-таварнай ферме «Талюшаны», ведала, наколькі складана ў сельскай гаспадарцы. 

Па мэтавым накіраванні пасля 11 класа паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Першыя тры гады вучобы не разумеў, куды трапіў і чым буду займацца ў будучыні. Першая практыка ўсё расставіла па сваіх месцах. Толькі падчас яе адчуў, што ветэрынарыя – гэта маё. Уся практычная вучоба праходзіла на базе КСУП «Гервяты». Сюды ж вярнуўся пасля ўніверсітэта на адпрацоўку.

«З выбарам прафесіі не памыліўся»

– За амаль чатыры гады работы ні разу не пашкадаваў пра выбар прафесіі і гаспадаркі. Тут шмат талковых, граматных спецыялістаў, пераймаць вопыт у якіх – за гонар. Галоўныя ветурач і заатэхнік Гражына Саўко і Дзмітрый Будай, вет­урач МТК «Рымдзюны» Валянцін Лаўрыновіч – ім удзячны за парады, падказкі, дапамогу. 

Да слова, перш, чым трапіць на МТК «Дайлідкі», папрацаваў на многіх жывёлагадоўчых аб’ек­тах гаспадаркі. Цяпер я гіне­колаг-асемянатар і часткова закрываю другую стаўку ветурача – напарніца пайшла ў дэкрэт. Неўзабаве прыйдзе практыкант, таму работы паменшае. 

«Будаўніцтва новага комплексу разгрузіць «Дайлідкі»

– Зарплата залежыць ад аб’ёму атрыманага малака, яго якасці, колькасці асемяненняў і ацёлаў. Цяпер наш КСУП, як і комплекс, «плюсуе» да ўзроўню мінулага года. Сярэднясутачны надой ад каровы ў «Дайлідках» пабольшаў на 2,7 кілаграма. Штодзень на перапрацоўку адпраў­ляем 20 тон малака, у асноўным гатункам экстра.

Пакуль мне дапамагае на­чаль­нік комплексу Галіна Алек­санд­ровіч. Яшчэ няма пяці раніцы, а Антонаўна ўжо тут. Таму, калі прыязджаю (гэта каля 7.20), ведаю, каму першачаргова патрэбна мая дапамога. 

…Ніколі не падумаў бы, што будзе столькі дакументацыі: актаў, пратаколаў, журналаў уліку… На комплексе немагчыма і кроку ступіць без ручкі і блакнота. (Усміхаецца.) Пасля работы пераношу ўсе звесткі ў чыставы варыянт. 

Да будаўніцтва новага малоч­на-таварнага комлексу ў Сака­­лойцях, які, дарэчы, будзе бра­там-блізнюком нашага, стаўлюся станоўча. Гэта дазво­ліць павя­лічыць пагалоўе, адпаведна – і аб’ёмы вытворчасці сельгас­прадукцыі, а таксама разгрузіць наш комплекс. Дойны статак на МТК «Дайлідкі» складае 890 кароў, а ўсё пагалоўе са шлейфам – звыш 2 700 галоў. Каля 95% цялушак узнаўлення ўсёй гаспадаркі, будучыя малочныя каровы, утрымліваюцца ў нас. За тры месяцы да ацёлу іх развозяць на малочна-таварныя фермы і комп­лекс.

«Малако залежыць не толькі ад кармоў, але і ад мікраклімату» 

– На нашым МТК палавіна дойнага статка – каровы з перыядам пасля ацёлу 150-200 дзён, гэта значыць  высокапрадуктыўныя. 

Летам было вельмі душна. Закупілі і паставілі вентылятары.  Зімой, наадварот, уцяпляем памяшканні: закрываем шторы, дзверы. Больш саломы выкарыстоўваем для падсцілкі. 

У залежнасці ад пары года рацыён кароў не мяняецца, але балансуецца ў залежнасці ад іх фізіялагічных асаблівасцей. 

Цяляты ўтрымліваюцца ў індывідуальных дамках на глыбокай саламянай падсцілцы. Пластмасавыя боксы абсталяваны вядзерцамі, ёмістасцямі для сухога корму, абавязкова ёсць шторкі, каб вецер не задзімаў снег. Пра дзве сотні малых клапоцяцца тры чалавекі. 

«Ветурач не толькі лечыць, але і аперыруе»

– Жывёліна, у адрозненне ад чалавека, не скажа, што і дзе ёй баліць. Па паводзінах ці знешнім выглядзе магу зразумець, што ёй нездаровіцца: апушчаны вушы, кульгае і іншае. Асноўныя захворванні ў кароў – пасляродавыя, вымені і канечнасцей; у цялят – страўнікава-кішачнага тракту і з сезоннага – верхніх дыхальных шляхоў.

Мне даводзілася аперыраваць. Ёсць такая анамалія развіцця як атрэзія ануса, папросту – яго адсутнасць. З напарніцай і практыкантам утраіх сфарміравалі цялушцы штучную адтуліну, балазе, быў шоўны матэрыял. Жывёліна выжыла. Для анестэзіі і абязбольвання на комплексе ёсць патрэбныя прэпараты. 

Са штодзённых клопатаў – ускрыццё абсцэсаў, чыстка гной­­ных ран, выдаленне некра­ціза­ваных тканак… Больш складаныя маніпуляцыі право­дзіць немагчыма – гэта ж не клініка.

«Карова не можа замерзнуць»

– У апошнія гады ў жывё­ла­гадоўлі практыкуецца так званы халодны метад гадоўлі. Калі цалкам прытрымлівацца тэхналогіі, то такі спосаб апраўдвае сябе: у цяляці развіваецца доб­ры імунітэт. Глыбокая саламя­ная падсцілка не менш за 15 санты­метраў, шчыльныя штор­­­кі і выкананне норм в­ыпайкі ма­ла­ком (тэмпература, памер соскі і далей) – галоўныя ўмовы. 

Гэта міф, што карова можа замерзнуць. Прыродай закла­дзена, што арганізм сельскагаспадарчай жывёліны нармальна вытрымлівае ад +15 да –150С. У інтэрнэце шмат відэаролікаў пра дзікіх кароў на поўначы, дзе тэмпература паветра ўвогуле апускаецца да мінус 35 і ніжэй. 

«Жыву ў Астраўцы, але не лічу сябе гараджанінам»

– У Жусінах у нас была вялікая гаспадарка: каровы, козы, свінні, куры, а яшчэ сабака і каты. У Астраўцы жывём з 2015 года, калі нам, як шматдзетнай сям’і, далі кватэру. Па вёсцы не настальгірую, хоць і гараджанінам сябе не лічу. 

У кватэры ў нас кот. Фёдар з намі тры гады. Кацянё ўзяў з комплексу: насоўваліся маразы, разумеў, што малое не выжыве. Бацькі былі супраць, але праз паўтара месяца ўгавораў згадзіліся. Цяпер ўсеагульны любімчык з бабачкай на шыі з задавальненнем пазіруе на камеру тэлефона. 

«Ты ж доктар»

– Здараецца, што знаёмыя, у якіх захварэў хатні гадаванец, просяць паглядзець ката ці сабаку, а то і ўвогуле даць параду ў тэлефоннай размове. Маўляў, табе ж нескладана – ты ж вет­урач. (Усміхаецца.) Тлумачу, што мая спецыялізацыя – буйная рагатая жывёла, а не хатняя дробная. Магу падказаць кантакты патрэбных спецыялістаў. 

«Без работы не застануся»

(На развітанне  папрасіла Андрэя падзяліцца бачаннем, якая будучыня чакае яго прафесію і аграпрамысловы комплекс. – Заўв.аўт.)

– Упэўнены, што пагалоўе жывёлы ў нашай гаспадарцы, як і ў цэлым па раёне, будзе павялічвацца, прафесія ветурача застанецца запатрабаванай і надалей. Попыт на сельгаспрадукцыю з кожным годам расце, таму без работы не застануся. (Усміхаецца.) Нягледзячы на песімізм скептыкаў, лічу, што ў сельскай гаспадаркі ёсць будучыня і ўсе перадспасылкі для развіцця. Мы самі сведкі гэтых змяненняў: будуюцца сучасныя малочна-таварныя комплексы, камп’ютарныя тэхналогіі трывала ўкараніліся ў жывёлагадоўлі і не толькі.  

Неяк задумаўся: калі б не ветэ­рынарыя, то… І пасля працяглых роздумаў не знайшоў адказу. Шчыра, без сантыментаў і  крыў­лення душой упэўнена магу сказаць, што мая работа – гэта маё прызванне.

Без малейшага ўяўлення пра ­жывёлу не варта ісці ў ветэрынары

 – Лічу, што добрым ветурачом можа стаць як юнак, так і дзяўчына. Галоўнае – жаданне развівацца і адданасць прафесіі. Атрымаць дып­лом – мінімум. Хоць па сваёй сутнасці работа ветэрынара мужчынская, тут патрэбна фізічная сіла, вынослівасць, але ёсць шмат прыкладаў, калі з гэтым цудоўна спраўляюцца жанчыны. Да прыкладу, наш галоўны спецыяліст Гражына Саўко, галоўны ветурач раёна Наталля Назарава, галоўны ветурач КСУП «Гудагай» Галіна Бабіч, начальнік райплемстанцыі Надзея Сасноўская…

 З уласнага вопыту ведаю, што каля трэці маіх аднагрупнікаў выбралі прафесію ветэрынара, не маючы нават мінімальнага ўяўлення пра яе. Калі ў чалавека няма паняцця, што такое карова, не варта ісці ў жывёлагадоўлю. Ветэрынарны ўрач працуе не на шакаладнай фабрыцы, не ў бальніцы, а на комплексе ці ферме. Тут свая спецыфіка – і гэта трэба разумець і прымаць.
Вымушаны прызнаць, што многія, хто атрымаў сельскагаспадарчую прафесію, не хоча ехаць на перыферыю. Аднак наш Астравецкі раён у гэтым сэнсе перспектыўны. Маладым спецыялістам даюць пад’ёмныя, іншыя выплаты, прадугледжаныя калектыўным дагаворам. Сямейныя атрымліваюць жыллё. 

 Мая адпрацоўка заканчваецца ў 2025 годзе, але ўжо цяпер магу дакладна сказаць, што застануся. Справа нават не ў заработнай плаце, хоць і гэта немалаважны фактар, а ў тым, што мне падабаецца мая работа, калектыў. Лічу, што я на сваім месцы.

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: