«Кадры вырашаюць усё» – гэты лозунг «правадыра ўсіх часоў і народаў» не страціў сваёй актуальнасці і цяпер. Высокакваліфікаваныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы, добрасумленныя работнікі заўсёды былі залатым фондам любога прадпрыемства, гаспадаркі, арганізацыі.
Вось толькі такі жаданы і паважаны раней дыплом аб вышэйшай адукацыі страціў сёння сваю важкасць – ён ёсць практычна ў кожнага, у некаторых – па некалькі. А на прапанову «пакажы, што ты ўмееш рабіць» многія яго ўладальнікі могуць прадэманстраваць толькі недасягальны для лузераў узровень у крутой камп’ютарнай гульні. І ўсё часцей патрабуюцца ўжо не юрысты, эканамісты ці менеджары, а кадры рабочых прафесій: трактарысты, электрагазазваршчыкі, электраманцёры, прадаўцы.
Толькі атрымаць гэтыя і дзясяткі іншых запатрабаваных сёння на рынку працы спецыяльнасцей не так лёгка – стаць юрыстам, мне здаецца, прасцей. Колішнія ПТВ з-за дэмаграфічнай сітуацыі і незапатрабаванасці спачатку перакваліфікаваліся ў ліцэі, а затым і ўвогуле ў большасці сваёй пазакрываліся. Між тым, адпаведныя «корачкі» цяпер патрабуюць не толькі ў трактарыста ці прадаўца, а і ў рабочага па абслугоўванні будынкаў ці газонакасільшчыка.
Дык дзе ж выйсце?
У нашым раёне яно ёсць: Варнянскі вучэбна-вытворчы камбінат. Гэта калі казаць па-простаму, па звычцы. На самой справе ўстанова, якая ўзнікла 35 гадоў таму і за гэты час змяніла некалькі шыльд, цяпер называецца доўга і віціевата: дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дарослых «Цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама» – наўдрад ці хто, акрамя дырэктара, здолее без запінкі паўтарыць гэтую назву. І наш раён – адзін з нямногіх у краіне, дзе не паддаліся модзе на аптымізацыю і не ліквідавалі камбінат. Цяпер у Варняны едуць вучыцца не толькі з суседніх раёнаў – Ашмянскага ды Смаргонскага, але і з аддаленых: Вілейскага, Мядзельскага, Пастаўскага. Хоць палова, калі не больш, астравецкіх механізатараў некалі атрымлівалі правы ў Камарова.
– Увогуле камбінат пачынаўся з вучэбнага пункта райаграпрамтэхнікі – там, дарэчы, я і пачынаў сваю працоўную дзейнасць пасля дэмабілізацыі, – гартае перада мной віртуальныя старонкі гісторыі Аляксандр Багдановіч, сённяшні кіраўнік установы. – Першым дырэктарам быў Уладзімір Іосіфавіч Аўлас. Потым іх шмат змянілася: Іосіф Доўнар, Віктар Чапукойць, Мікалай Кемяжук… Я восьмы. У мяне камбінат, можна лічыць, адзінае месца работы: прыйшоў у студзені 1986 года ў вучэбны пункт майстрам – і застаўся на ўсё жыццё. А ў чэрвені 2017-га мяне прызначылі дырэктарам.
Калектыў штатных супрацоўнікаў у камбінаце невялікі: акрамя дырэктара, тут працуюць яго намеснік (яна ж – дачка) Алеся Фурс – цяпер жанчына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці; намеснік-метадыст Таццяна Вярбовіч, бухгалтар Валянціна Стэх, вадзіцель Віталь Радкевіч, тэхработнік Ганна Плаўская.
Шмат гадоў працуе ў камбінаце бухгалтар Валянціна Стэх
– А хто ж дапамагае асвоіць гэтыя дваццаць прафесій, па якіх вы прапаноўваеце навучанне? – здзіўлена вывучаю спіс: аператар кацельні, трактарыст-машыніст катэгорый «А», «В», «D», «F», электрагазазваршчык, электраманцёр, вадзіцель аўта-электрапагрузчыка, шынамантажнік, вальшчык лесу, станочнік дрэваапрацоўчых станкоў, стропальшчык, каменшчык, бетоншчык, арматуршчык, аператар сушыльных установак, прадавец…
– У нас шмат пазаштатных майстроў, – глушыць на корані мой недавер Аляксандр Іванавіч. – Прычым сапраўдных прафесіяналаў. Кузьма Іванавіч Мельнічэнка, энергетык з «Гервят», шмат гадоў вучыць электраманцёраў – думаю, ніхто не зможа зрабіць гэтага лепш. Часлаў Іосіфавіч Юркойць рыхтуе трактарыстаў, вопытны работнік прылаўка Ніна Міхайлаўна Кавалеўская – прадаўцоў, Ігар Сяргеевіч Пашкоўскі – вальшчыкаў лесу.
– Мы маем магчымасць навучыць любой рабочай спецыяльнасці – пры ўмове, што набярэцца група не менш за 4 чалавекі, – гаворыць дырэктар. – Распрацоўваем вучэбную праграму, заключаем дагавор з гаспадаркай, прадпрыемствам ці арганізацыяй адпаведнага профілю на праходжанне вытворчай практыкі, знаходзім выкладчыка… За час вучобы, які доўжыцца ад месяца да чатырох, у залежнасці ад складанасці прафесіі навучэнец атрымлівае неабходны мінімум тэарэтычных ведаў і патрэбныя для самастойнай работы практычныя навыкі. Астатняе – яго справа, удасканальвацца можна бясконца. Ведаю, што многія, атрымаўшы ў нас пуцёўку ў прафесію, сталі сапраўднымі майстрамі. Тая ж Вераніка Янковіч з «Гервят», якая падчас жніва працуе з мужам на збожжаўборачным камбайне, – пра іх сямейны экіпаж не раз пісала ваша газета, ды і іншыя СМІ, – правы атрымлівала ў нас.
Дарэчы, Варнянскі камбінат – адна з нямногіх устаноў адукацыі, куды навучэнцы прымаюцца незалежна ад узросту, як жартуе дырэктар, ад 15 да 65. Пераканалася ў гэтым, завітаўшы на экзамен, які ў той дзень здавалі без пяці хвілін аператары кацельні – маладыя і не вельмі, мужчыны і жанчыны. Экзамен ішоў па ўсіх правілах: камісія, білеты, час на падрыхтоўку… Журналіст крыху парушыў яго распарадак, але спадзяюся, што на адзнакі гэта не паўплывала.
…І тут жа, выйшаўшы на двор, сустрэлі вучняў Варнянскай школы Арсеня Кавалеўскага, Аляксандра Мацкелу і Данілу Масойця. Хлопцы ў вольны ад вучобы час прыходзяць на заняткі ў камбінат – хочуць атрымаць прафесію трактарыста.
– Гэта пры тым, што навучанне не бясплатнае і не вельмі таннае – 900 рублёў, – гаворыць Аляксандр Іванавіч.
Тым не менш, сур’ёзныя юнакі і іх мудрыя бацькі вырашылі, што, як бы ні склалася дарослае жыццё дзяцей, рабочая спецыяльнасць не пашкодзіць. Менеджараў і юрыстаў сёння хоць гаць гаці, а добрага трактарыста яшчэ пашукаць трэба.
Дарэчы, пра грошы. Рабочых для сістэмы аграпрамысловага комплексу камбінат рыхтуе бясплатна, дакладней, іх навучанне, перанавучанне, павышэнне кваліфікацыі аплачваецца з бюджэту. За іншых плацяць ці арганізацыі, якія зацікаўлены ў падрыхтоўцы патрэбнага спецыяліста, ці самі навучэнцы, якія хочуць атрымаць запатрабаваную на рынку працы прафесію. Навучанне і перанавучанне бепрацоўных аплачвае цэнтр занятасці.
Турбуе дырэктара, што матэрыяльная база пакідае жадаць лепшага: да прыкладу, трактар МТЗ – аднагодак камбіната, сёлета ў яго таксама юбілей.
– Зразумела, у гаспадарках цяпер працуюць не на такой тэхніцы, – гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Але немагчыма купіць усе машыны і абсталяванне, рабоце на якім мы навучаем людзей. Ды і не трэба гэтага рабіць. Выйсце ёсць: арандуем тыя ж энерганасычаныя трактары, пагрузчыкі і іншую тэхніку ў гаспадарках раёна.
Словам, жывуць і працуюць у Варнянскім камбінаце ў адпаведнасці з вядомай прыказкай: хто хоча нешта зрабіць – шукае магчымасці, хто не хоча – знаходзіць прычыну.
І, думаецца, сёлетні паўкруглы юбілей у жыцці вучэбна-вытворчага камбіната – не апошні. Ва ўсякім выпадку, дзейнасць яго запатрабавана сёння – і гэта надоўга.