Главная » Новости » Лента новостей

Ажаніліся ў маі і пражылі 60 гадоў

210

Жыхар вёскі Вангі Іван Баляслававіч Забела сёлета ў маі адзначыў дзве юбілейныя даты: 1 мая яму споўнілася 85 гадоў, 9 мая – 60 гадоў сумеснага жыцця з жонкай Ганнай Казіміраўнай. У народзе існуе павер’е: калі заключыш шлюб у маі, дык усё жыццё будзешмаяцца”. Што гэта не так чарговы раз пацвярджае жыццёвая дарога юбіляраў Забела. Прайшлі яны яе годна. Нарадзілі і вырасцілі трох сыноў, зараз маюць пяцёра ўнукаў. Іван Баляслававіч шчыраваў механізатарам у калгасе. Ганна Казіміраўна спачатку працавала ў паляводстве, затым у мясцовым Доме быту і на ФАПе.

 

Калі муж і жонка пайшлі на пенсію, таксама без справы не сядзелі. І нават зараз, у сталым узросце, маюць падсобную гаспадарку. Ганна Казіміраўна да гэтай пары трымае пчол. Яшчэ яна заўсёды была за ядлым грыбніком (добра, што навакольны прынёманскі край багаты на дары лесу). А вось перабіраць грыбы бярэ на сябе абавязак Іван Баляслававіч.

 

– Дружна ў пары любая справа ідзе на лад, – адзначае Ганна Казіміраўна і працягвае аповед. – З самага першага дня шлюбу і на працягу ўсіх 60 гадоў мы з мужам знаходзім паміж са бой паразуменне. Ён чалавек дабразычлівы, ахвотны да працы. Пэўны адбітак на гэта паклала тое, што ён рос сіратою.

 

Бацьку Івана Баляслававіча забралі ў Савецкую армію ў самым пачатку 1945 года. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага ў Мастаўляны прыйшло паведамленне, што Баляслаў Забела загінуў падчас вызвалення Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пахаваны на могілках аднаго з польскіх гарадоў. Зусім хутка пасля гэтага з-за хваробы памерла і маці Івана Баляслававіча. Ён, які на той час, як гаворыцца, яшчэ ў пясочку гуляў, застаўся жыць з ненамнога старэйшым за сябе братам Аляксандрам і зусім маленькаю сястрою Марыяй.

 

Сваякі і аднавяскоўцы не пакінулі дзяцей. Тым не менш на плечы дзетвары ляглі дарослыя клопаты. Сястра з малых гадоў займалася хатнімі справамі (і гэта нягледзячы на тое, што, каб дацягнуцца да прыпечку і прапаліць у печы, ёй патрэбна было падстаўляць услончык), а браты ўзялі на сябе мужчынскія абавязкі. Каб забяспечыць сям’ю матэрыяльна, Іван пасля за канчэння пачатковай школы папрасіўся ў якасці прыцэпшчыка на работу ў калгас. Там пайшлі насустрач хлопцу, а праз некаторы час як ужо паўнапраўнаму механізатару даверылі трактар.

 

На ўсім працоўным шляху Івана Баляслававіча вызначалі добрасумленнасць і вялікая адказнасць пры выкананні работы. А працаваць яму даводзілася на розных участках сельгасвытворчасці: араць, сеяць, убіраць лён, упраўляцца з бульбакапалкай і іншае. Стараннасць механізатара ў 1972 годзе была адзначана дзяржаўнай узнагародай – ордэнам “Знак Пашаны”.

 

Тое, што Іван Забела клаў сілы на агульную гаспадарку, не забыта і цяпер. Сёлета ён аказаўся ў ліку тых юбіляраў раёна, каго за былыя працоўныя заслугі ўшаноўвае старшыня Лідскага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Нядаўна ў Беліцкім Доме культуры адбылася імпрэза, падчас якой Аляксандр Людвігавіч цёпла павіншаваў 85-гадовага віноўніка ўрачыстасці з юбілеем і ўручыў яму ганаровую грамату. Віншаванні Іван Баляслававіч атрымаў таксама і ад кіраўнікоў Лідскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза аграпрамысловага комплексу Аляксандра Марсава, Беліцкага сельвыканкама Марыны Говар, КСУП “Пескаўцы” Вольгі Наройчык. На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі жонка Івана Баляслававіча, Ганна Казіміраўна, родныя сям’і. Са сцэны гучалі пажаданні ў адрас мужа і жонкі. Мы таксама далучаемся да ўсіх тых добрых слоў, якія былі выказаны!

 

 

По матэрыялах «Лідскай газеты»

Тэкст Людміла Петрулевіч

Читайте также: