Главная » Новости » Лента новостей

Аляксандра Сухадольская з Анжадава адзначыла 80-гадовы юбілей

96

Непрыкметна падкралася восень. Нібы птушак у вырай, адправіла ў мінулае маладосць, былы спрыт, працавітасць, увішнасць… Наўзамен падарыла мудрасць і павагу людзей. І нездарма. Калегі ведаюць Аляксандру Ігнацьеўну Сухадольскую як руплівую і старанную працаўніцу, аднавяскоўцы – як ветлівую суседку, сяброўкі – як шчырую і добрую жанчыну.

У верасні Аляксандры Ігнацьеўне Сухадольскай з вёскі Анжадава споўнілася 80 гадоў. Павіншаваць шаноўнага юбіляра з днём нараджэння прыехалі дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыня Ашмянскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Раіса Турлай і галоўны бухгалтар Аксана Людкевіч, старшыня прафсаюзнага камітэта пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП “Крэйванцы” Алеся Качан. Менавіта гэтай гаспадарцы Аляксандра Ігнацьеўна прысвяціла ўвесь свой працоўны шлях.

У далёкім 1963 годзе выпускніца Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума прыехала на Ашмяншчыну. Калі малады аграном уладкоўвалася загадчыкам участка ў калгас імя Ільіча, яна нават не здагадвалася, што лёсам ёй наканавана назаўсёды змяніць прапіску. І хаця блізкія і знаёмыя засталіся ў Клецкім раёне Мінскай вобласці, Ашмяншчына стала для Аляксандры другой радзімай.

Тут віравала жыццё, клікалі на працу палеткі, былі запатрабаваныя веды стараннага агранома. Пятнаццаць год аддала Аляксандра Ігнацьеўна галіне раслінаводства. Руплівасць жанчыны не засталася па-за ўвагай кіраўніцтва: Сухадольскую прадставілі да ўзнагароды высокага ўзроўню – ордэна “Знак Пашаны”.

На працягу многіх гадоў граматны спецыяліст выдатна спраўлялася з абавязкамі бухгалтара. Змяняліся назвы гаспадаркі, аднак справа ў Аляксандры Ігнацьеўны была нязменнай – весці дакладны ўлік усіх расходаў, страт і прыбыткаў, налічваць заработную плату, аплачваць падаткі. Адным словам, ведаць усё, што адбываецца з фінансамі.

Адказная ва ўсім, Аляксандра Ігнацьеўна каля дзесяці гадоў была старшынёй прафкама – грамадскія справы жанчына ўспрымала не як цяжар, а як магчымасць быць у віры падзей, наладжваць стасункі з калгаснікамі, дапамагаць ім у вырашэнні розных пытанняў. А яны адплачвалі ёй павагай і пашанай. Светлыя ўспаміны пра маладыя гады і зараз грэюць сэрца Аляксандры Ігнацьеўны – жыццё прайшло недарма.

Людміла РЫБІК. Фота аўтара.

По материалам газеты "Ашмянскі веснік"

Читайте также: