Знаёмцеся: загадчык камбікормавага цэха КСУП “Гервяты” Людміла Астапавец
.jpg)
КСУП «Гервяты» – адзіная гаспадарка раёна, якая спецыялізуецца на вытворчасці ялавічыны.
Тут найбольшае ў раёне пагалоўе буйной рагатай жывёлы: на малочна-таварных комплексах і фермах, цэху па гадоўлі і дарошчванні быкоў утрымліваецца звыш 10 300 галоў. Вялікай падмогай для іх кармлення служыць камбікорм, які «гервятцы» робяць самі.
З першага дня стварэння камбікормавага цэха ім загадвае Людміла Астапавец. Жанчына расказала пра цэх, работу і падзялілася сваімі надзеямі.
Работа ў ахвоту
На гэтай міні-вытворчасці працуюць усяго два чалавекі: загадчык і аператар. Розныя віды камбікорму робяць для патрэб усёй жывёлагадоўлі гаспадаркі, асобныя – для быкоў, кароў, цялушак. За месяц выходзіць звыш тысячы тон гэтага віду корму, за дзень – каля 40. Працягласць працоўнага дня залежыць ад патрэбных аб’ёмаў камбікорму для жывёлы на суткі: звычайна работнікі працуюць да 17.00, але, калі патрэбна, могуць затрымацца даўжэй.
– Збожжавыя кампаненты ў нас свае, набываем толькі бялковыя складнікі, прэміксы, іншыя дабаўкі – рацыён для рагуль і быкоў цалкам збалансаваны, – уводзіць у курс вытворчых спраў Людміла Пятроўна.
Работу аблягчае аўтаматызацыя тэхналагічнага працэсу – з моманту паступлення ў ёмістасці сыравіны да выхаду гатовай прадукцыі. Кожны этап вытворчасці камбікорму кантралююць пазменна загадчык Людміла Астапавец і аператар Пётр Лотах. Іх задача – правільна задаць камп’ютару рэцэптуру і працэнтныя суадносіны кампанентаў.
– Раней тут было састарэлае абсталяванне: у бункеры трактар засыпаў збожжа, тэхналогія «прыгатавання» камбікорму была спрошчанай, – узгадвае пачатак працоўнай дзейнасці Людміла Астапавец. – Калі старшынёй калгаса стаў Андрэй Янчэўскі, у 2009 годзе пабудавалі новы цэх, паставілі новую лінію.
Дарэчы, у КСУП «Гервяты» на «маніту» шчыруе і муж жанчыны, а ў цэху па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы цялят даглядае родная сястра Людмілы Пятроўны – Вера Кацяш.
Прыстанак жыцця
Людміла Астапавец нарадзілася ў невялікай украінскай вёсачцы Залужжа Ровенскай вобласці. Сям’я была вялікая – пяцёра дзяцей. Аднак чарнобыльская бяда прымусіла пакінуць радзіму назаўсёды.
– Суседнія вёскі высялялі, а мы з маці вырашылі самі пераехаць у Беларусь, на Астравеччыну, – тут ужо жыла мая сястра Вера. Узялі з сабой толькі самае неабходнае, – расказвае жанчына. – Раз у некалькі гадоў – да ваенных падзей на Украіне – старалася наведацца ў родныя мясціны.
Адна з такіх паездак стала лёсавызначальнай для Людмілы. З Алегам яны вучыліся ў адным класе, жылі па-суседску і ў госці з маленства хадзілі адзін да аднаго. А потым дзіцячае сяброўства перарасло ў каханне.
– Нават не ведаю, як гэта атрымалася, – жанчына ўсміхаецца. – З Украіны ў Беларусь вярнулася з Алегам. У наступным годзе з мужам будзем святкаваць 30-годдзе сумеснага жыцця.
Калгаснае праўленне маладой сямейнай пары выдзеліла дом у Міцюнах, які з цягам часу Астапаўцы выкупілі. Выгадавалі сына. Артур, які працуе дальнабойшчыкам, з сям’ёй жыве з бацькамі. А ў вольны ад работы час малады мужчына будуе дом у Малях.
– Яны з нявесткай падарылі нам унукаў Яраслава, Арцёма і Адэліну, – расказвае жанчына.
На Вялікдзень жанчына пячэ пірагі, якія ў іх сям’і называюць пасхай, па адным рацэпце – ён дастаўся ад маці, а той – ад яе маці. Напярэдадні свята Людміла Пятроўна ідзе да сястры Веры, бо ў яе хаце ёсць печ. Жанчыны ў чатыры рукі чаруюць над цестам, каб яно стала духмянымі і крамянымі боханамі.
Людміла Пятроўна прызнаецца, што за гэтыя дзесяцігоддзі палюбіла Гервяты, але дагэтуль у снах бачыць радзіму, знаёмую да драбніц вёсачку і шчыра верыць, што, нарэшце, там сціхнуць выбухі – і ва Украіне запануе мір.
Бліц-апытанне
– Што робіць вас шчаслівай у рабоце і асабістым жыцці?
– Шчасце, калі ёсць работа. Галоўнае – каб абсталяванне не ламалася; каб ніва багата радзіла. Як і любую жанчыну, мяне радуюць дзеці і ўнукі.
Гэта такая пацеха!
– Любімая справа?
– Корпацца ў зямлі. Агарод у мяне 25 сотак, цяпліца ёсць. Шмат бульбы садзім, гарбузоў. Вырошчваю розныя сарты агуркоў, памідораў, перцаў, капусты… Рэшту рассады і гародніны прадаю.
– У чым сакрэт добрага ўраджаю?
– Расліны трэба не толькі даглядаць (праполваць, паліваць, падкармліваць), але і любіць.
– Чым займаецеся ў вольны час?
– А яго ў мяне няма нават зімой. Абед-вячэру прыгатуеш, з унукамі пабудзеш... А яшчэ гаспадарка: трымаем карову, свіней. З кармамі дапамагае КСУП «Гервяты» – выдзяляе сена, бульбу прывозяць, лічы, пад вароты.
Па матэрыялах газеты "Астравецкая праўда"