Главная » Новости » Лента новостей

Заатэхнік СВК «Свіцязянка-2003» Віктар Саўко: «Мае ўзнагароды — заслуга ўсяго калектыву »

82

Карэліччына славіцца шчырымі, сумленнымі, працавітымі людзьмі. Яны годна жывуць, сумленна працуюць, любяць родны край. З гэтай кагорты — заатэхнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Свіцязянка-2003» Віктар Канстанцінавіч Саўко.

За добрасумленную працу ў роднай гаспадарцы ён удастоены высокіх узнагарод — медаля «За працоўныя заслугі» і нагруднага знака «За заслугі ў сельскай гаспадарцы».

Сёння Віктар Канстанцінавіч дзеліцца сваімі ўспамінамі з чытачамі раённай газеты «Полымя».

— Віктар Канстанцінавіч, чаму свой выбар спынілі менавіта на сельскай гаспадарцы? Вашы карані адкуль?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Райца ў сялянскай сям’і. Маці працавала паляводам, бацька — трактарыстам. З дзяцінства быў прывучаны да працы. Бацькі трымалі асабістую гаспадарку: карову, свіней, птушку, і мы з сястрой Зінай як маглі  дапамагалі. Падчас летніх канікул пасля заканчэння старэйшых класаў хадзіў на сельскагаспадарчыя работы ў калгас імя Гастэлы.

З дзяцінства мне падабалася вясковае жыццё, і асабліва жывёла, таму прыняў рашэнне звязаць свой лёс з вёскай. Вучыўся ў Райцаўскай сярэдняй школе, адзнакі былі добрыя. Пасля заканчэння дзесяцігодкі ў атэстаце былі толькі дзве чацвёркі, астатнія — пяцёркі. У 1983 годзе, здаўшы два экзамены з чатырох, аўтаматычна быў залічаны ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут па спецыяльнасці заатэхнія. Пасля першага курса быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Пасля службы праз два гады вярнуўся на вучобу, якую скончыў у 1990 годзе, атрымаўшы дыплом з адзнакай. Дарэчы, я ўзяў накіраванне на вучобу з роднай гаспадаркі, каб вярнуцца на працу менавіта на малую радзіму, што і зрабіў. 1 красавіка 1990 года  пачалася мая працоўная дзейнасць.

Анатоль Васільевіч Жыгалка працуе на нарыхтоўцы арганічных угнаенняў. На трактары ЮМЗ-5 за 1985 год выпрацаваў 1774 эт. га, зэканоміў 2400 кг дызпаліва

— Прафесія заатэхніка патрэбная, але нялёгкая. Якія абавязкі павінен выконваць чалавек, які яе выбірае?

— Заатэхнік у першую чаргу павінен добра разумець людзей, быць псіхолагам, ведаць настрой і падыход да кожнага, з кім даводзіцца працаваць. Таксама па спецыфіцы прафесіі ён адказвае за захаванне тэхналогіі кармлення і ўтрымання, развядзення буйной рагатай жывёлы. У абавязкі ўваходзіць распрацоўка рацыёнаў кармлення, кантроль за аднаўленнем статка, а таксама ўкараненне сучасных тэхналогій.

— Давайце вернемся ў першыя гады Вашай працы. Як развівалася жывёлагадоўчая галіна ў той гаспадарцы, дзе Вы пачыналі працаваць?

— У першы год маёй працы мяне прызначылі старшым заатэхнікам калгаса імя Гастэлы. 1990 быў някепскім годам: прадукцыйнасць дойнага статка складала 4000 кілаграмаў малака ў разліку на адну карову. З 1991 года звольніўся загадчык фермы «Міратычы» — і мяне прызначылі на гэтую пасаду. Калектыў фермы складаўся з дзесяці даярак, васьмі жывёлаводаў. Былі два кароўнікі, у якіх налічвалася 320 дойных кароў і 150 цялушак на аднаўленні статка. Там працаваў два з паловай гады. Затым быў пераведзены загадчыкам фермы «Райца», дзе таксама адпрацаваў такі ж тэрмін. Праца з людзьмі старэйшага ўзросту маладому юнаку давалася няпроста, але яна стала для мяне сапраўднай школай жыцця.

— Поспех у працы ў многім залежыць ад людзей, якія заняты на вытворчасці. У сельскай гаспадарцы, тым больш у жывёлагадоўлі, нялёгкія ўмовы працы. Да таго ж, патрэбны вялікая адказнасць, а таксама — працавітасць і руплівасць. Чым вызначаліся працаўнікі фермаў у тыя гады?

— У пераважнай большасці працаўнікі фермаў былі добрасумленныя, адказныя, працавітыя. Праца ў жывёлагадоўлі была нялёгкай, даярцы трэба было ўстаць на досвітку і ў чатыры гадзіны раніцы быць на ферме, а вячэрняя дойка заканчвалася ў дванаццаць гадзін ночы. Нялёгкая праца была і ў пастухоў. Яны выганялі жывёлу на пашу ў шэсць  раніцы, а прыганялі на фермы ў дзесяць вечара. Але вясковыя працаўнікі не скардзіліся, а сумленна выконвалі свае прафесійныя абавязкі.

— З кім даводзілася Вам працаваць, як гаворыцца, у адной звязцы?

— Як працаваў загадчыкам фермы, шмат дапамагаў і падтрымліваў тагачасны галоўны заатэхнік  Віктар Іванавіч Мацкевіч. А пазней, калі мяне прызначылі галоўным заатэхнікам, давялося працаваць поруч з загадчыкамі фермаў і заатэхнікамі-селекцыянерамі гаспадаркі. Мы з імі знаходзілі агульную мову, бо я сам з 1996 па 2002 год працаваў заатэхнікам-селекцыянерам.

— На працягу шматлікіх гадоў працы Вам давялося быць галоўным заатэхнікам гаспадаркі. Гэта яшчэ больш павысіла Вашу адказнасць да працы?

Радуюцца залатому патоку старшыня калгаса імя Гастэлы Сцяпан Аляксандравіч Шыбут і калгаснік Антон Адамавіч Гасціла. Тры гады ўзначальвае раней адстаючую арцель завочнік сельгасінстытута С. Шыбут

— Галоўным заатэхнікам я працаваў дваццаць два з паловай гады. Гэтыя гады былі самымі насычанымі ў маім жыцці, у гэты час адбылося шмат станоўчых змен у СВК «Свіцязянка-2003». Быў перагледжаны распарадак рабочага дня даярак, каб заахвоціць людзей ісці працаваць у жывёлагадоўлю. Перайшлі з трохразовай дойкі на двухразовую. Дойка пачыналася ў дзесяць гадзін раніцы, што давала магчымасць даярцы больш часу прысвяціць дзецям і сям’і. І гэта дало свой станоўчы вынік: у жывёлагадоўлю прыйшлі маладыя, якія сумленна працавалі і дабіваліся добрых вынікаў. У гэты час пачалася рэканструкцыя жывёлагадоўчых ферм, і гэта ўсё адбывалася пад умелым кіраўніцтвам старшыні гаспадаркі Уладзіміра Арсенцьевіча Галавача. У 2010 годзе каля аграгарадка Райца  пачалося будаўніцтва новага комплексу на 770 галоў дойнага статку, які быў уведзены у строй у 2012 годзе. У гэты час укараняліся новыя тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлы і дойнага статку.

На гэтым будаўніцтва не спынілася. Наступны аб’ект быў пабудаваны і запушчаны на ферме «Літараўшчына» ў снежні 2013 года — на дапамогу прыйшлі робаты. У 2014 годзе быў узведзены другі будынак яшчэ з двума робатамі. У 2015 годзе была зроблена рэканструкцыя дзеючага будынка на гэтай ферме, якая прадугледжвала перавод кароў з прывязнога ўтрымання на беспрывязное з дойкай у даільнай зале, дзе пагалоўе абслугоўвала адзін аператар замест чатырох.

Наступны аб’ект будаўніцтва ў Райцы малочна-таварнага комплексу на 610 дойных кароў, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў 2018 годзе. Рэканструкцыя фермы «Міратычы» была праведзена ў 2019 годзе, дзе каровы  былі пераведзены з прывязнога ўтрымання на беспрывязное. Гэта дало магчымасць перавесці ўвесь дойны статак на новыя тэхналогіі кармлення, утрымання і даення, а таксама палепшыць умовы працы жывёлаводаў. У сваю чаргу гэтыя змены далі магчымасць павялічыць пагалоўе як дойнага статку, так і ўсёй буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы і павысіць прадукцыйнасць дойнага статку і сярэднясутачныя прывагі.

— Вы аддалі працы ў сельскай гаспадарцы трыццаць пяць гадоў. А па працы, вядома, і пашана. Вашы старанныя адносіны да даручанай справы высока ацэнены дзяржавай. Як успрымаеце ўзнагароды?

— У 2015 годзе быў узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі», а ў 2022 годзе ўдастоены нагруднага знака «За заслугі ў сельскай гаспадарцы». Гэта для мяне вынік маёй штодзённай працы. Гэтыя ўзнагароды не толькі мае, а ўсяго калектыву працаўнікоў сельскагаспадарчага кааператыва «Свіцязянка-2003».

— Будучыня — за маладымі. Ці ёсць моладзь у гаспадарцы?

— Моладзі шмат. Дзяўчаты і юнакі працуюць у розных галінах гаспадаркі. І гэты факт яскрава сведчыць аб тым, што будучыня ў «Свіцязянкі-2003» ёсць.

— Свіцязянская зямля прываблівае сваёй прыродай і  краявідамі. Вам яна па-ранейшаму блізкая сэрцу?

— Люблю свіцязянскія краявіды, родны край, вясковых людзей. Стараюся памятаць пра свае карані. Гэта мая родная зямля, якой самааддана служыў і служу на працягу свайго жыцця.

— Віктар Канстанцінавіч, скажам, каб давялося пачынаць жыццё спачатку, Вы выбралі б гэты ж шлях — шлях сельскага працаўніка і прысвяцілі працы ў жывёлагадоўлі?

— Я б выбраў той самы шлях. Ганаруся сваёй роднай гаспадаркай, у станаўленне і развіццё якой унёс часцінку сваёй працы і сваёй душы. Гэта зямля маіх бацькоў і дзядоў, на якой прадаўжаю жыць і працаваць.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота «СБ» і з архіва УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей» 

ИСТОЧНИК:

Читайте также: