Главная » Новости » Лента новостей

З дзяўчынай, якая працуе на камбайне, гаворым пра «нежаночую» любоў да тэхнікі і ненармаваны працоўны дзень

160

Не заўважыць прыхільнасць прыгожага полу да магутнай і буйной тэхнікі немагчыма. Дастаткова зазірнуць у Іnstagram, каб убачыць мноства фатаграфій дзяўчат побач з вялікімі машынамі. Пяшчотныя дзяўчаты і велізарныя машыны — хіба гэта не прыгожа? Кантраст брутальнага жалеза і вытанчанай жаноцкасці стварае эфект.


Да таго ж вядома, што вялікія машыны дораць жанчыне пачуццё абароненасці, бо зверху ўсё такое маленькае — у тым ліку і жыццёвыя праблемы. Дарэчы, асабліва любяць буйныя машыны невысокія, хударлявыя жанчыны: маўляў, гэта не перашкода, каб падпарадкаваць сабе магутнага жалезнага каня. Так выглядае і наша гераіня — Вераніка Янковіч з КСУП «Гервяты», што ў Астравецкім раёне. Але ў выпадку Веранікі гэтыя высновы не зусім дакладныя...

Вытокі любові

— Ды не надта высока ў кабіне! — кажа яна. — Вось калі я залазіла на самы верх камбайна, каб дастаць і прадуць фільтры — там ужо высока. А з пляцоўкі — не вельмі.

І яе любоў да тэхнікі нарадзілася, можна сказаць, літаральна разам з ёй, значна раней, чым любая дзяўчына ўсведамляе сваё жаданне быць асаблівай і непаўторнай. Магчыма, тут справа ў генетыцы: бацька Веранікі ўсё жыццё працуе ў гаспадарцы «Гервяты» механізатарам.

— Да тэхнікі я прывыкла з дзяцінства, — распавядае дзяўчына. — Калі была маленькай, мой малодшы брат часта хварэў, і маме даводзілася падоўгу ляжаць з ім у бальніцы. Мяне не было з кім пакінуць, і тата браў мяне з сабой на працу. Таму ўсё старэйшае пакаленне механізатараў нашай гаспадаркі мяне выдатна ведала яшчэ да таго, як я стала памочнікам камбайнера. У пяць гадоў я магла і паспаць у кабіне заведзенага трактара, і паабедаць у полі. Часта бацьку трэба было ў шэсць раніцы быць ужо ў полі, прычым неабавязкова блізка ад дома. І я не ленавалася ўставаць у пяць, каб паехаць з ім. Калі ён шкадаваў мяне і не будзіў — пакідаў дома дасыпаць, — я крыўдзілася на яго і плакала.

Ведаючы любоў Веранікі да тэхнікі, яе муж Дзмітрый (ён працуе ў КСУП «Гервяты» камбайнерам) чатыры гады таму прапанаваў жонцы працаваць разам з ім на камбайне — стаць памочнікам камбайнера ў яго экіпажы. Уборачных плошчаў у гаспадарцы — 5169 гектараў. Камбайнераў — 17, а памочнікаў — усяго 14. Справа ў тым, што памочнік камбайнера — вельмі адказная праца, тлумачыць суразмоўніца.

— Калі б не ў экіпаж да мужа, мяне б чатыры гады таму памочнікам ніхто не ўзяў. Бо гэты спецыяліст павінен ведаць тэхніку, умець абслугоўваць камбайн — падкруціць, змазаць, прадуць фільтры. Я і сёння яшчэ ведаю далёка не ўсё. Хоць ужо ўмею многае і з астатнім разбяруся з часам. Кожную ўборачную пазнаю нешта новае. Муж паказвае, як і што трэба рабіць, каб было правільна. Калі працаваць са староннім чалавекам, не кожны камбайнер захоча важдацца з «вучнем».

Праца дзеля цікавасці

Вераніка не згодная з меркаваннем, што камбайн — «не жаночая справа».

— Гэта справа спецыяліста — і не важна, гаворка пра мужчыну ці пра жанчыну. Проста трэба многае ведаць і ўмець, і галоўнае — хацець вучыцца ды мець жаданне працаваць.

Вучыцца Вераніка ўмее. І кола яе захапленняў вельмі шырокае.

— Я творчы чалавек. У вольны час займаюся хэндмэйдам: вяжу пледы, пінеткі, раблю метрыкі для маладых мам, фотамагніты і фотабірулькі, кубачкі з сублімацыйным друкам. Спачатку крэатывіла для знаёмых, потым зарэгістравалася як рамеснік, завяла старонку ў Іnstagram... Я люблю вучыцца, пазнаваць новае. Самастойна асвоіла работу ў фоташопе, з дапамогай анлайн-курсаў і вэбінараў вывучыла ілюстрацыі ў сучасных праграмах і рэдагаванне фатаграфій. Мне проста было цікава.

Паралельна летась Вераніка прайшла навучанне і атрымала правы на кіраванне трактарам, а сёлета павысіла катэгорыю: цяпер яна мае права кіраваць камбайнам. Але шчыра прызнаецца: пакуль падмяняе мужа за рулём камбайна нячаста і ненадоўга — максімум на гадзіну-дзве.

— Усё ж гэта досыць складаная тэхніка. Трэба сачыць за паказаннямі камп'ютара, слухаць матор, глядзець у жатку і па баках — бо побач працуюць іншыя камбайны. Акрамя таго, на полі можа быць шмат нечаканасцяў: заяц або лісіца выскачаць з жыта, або камень трапіцца на шляху. Муж лічыць, я магу не паспець зрэагаваць. Думаю, ён мае рацыю: працаваць камбайнерам самастойна мне пакуль рана.

Калі камень трапіць у жатку, абсталяванне можа выйсці са строю, тлумачыць Вераніка, і яго прыйдзецца рамантаваць. Экіпаж за гэта не аштрафуюць, але ж не дапусціць гэтага — справа сумлення.

Цяпер Вераніка запісалася на курсы нэйл-дызайну ў Смаргоні — таксама «таму што цікава». Ды і ў полі яна працуе дзеля цікавасці: матэрыяльны бок пытання тут другарадны, адзначае дзяўчына. Хоць, вядома, грошы ў сям'і ніколі лішнімі не бываюць. Але праца дзеля цікавасці можа надакучыць, бо новае з часам перастае быць новым...

— Не надакучыць, — упэўнена дзяўчына. — У полі ў жніво кожны дзень непадобны на папярэдні.

Яна кажа, што стала памочнікам камбайнера, бо захацела адпачыць ад кабінетнай працы.

— Атрымаць прафесію, прыйсці працаваць і проста чакаць пенсіі — гэта не для мяне. Мне важна пастаянна атрымліваць новыя веды і новы вопыт, развівацца.

Вераніка, выпускніца Ашмянскага аграрна-эканамічнага каледжа, у КСУП «Гервяты» і зараз працуе бухгалтарам. А «ў другую змену» адпраўляецца ў поле (дзе затрымлівацца даводзіцца часам да адзінаццаці вечара) і падымаецца ў кабіну камбайна. Дзень нашай гераіні праходзіць так: раніцай яна выпівае кубачак кавы (абед і падвячорак ёй прывязуць у поле) і адпраўляецца ў бухгалтэрыю свайго прадпрыемства.

— Імкнуся працаваць дакладна і хутка, каб датэрмінова паспець выканаць усе запланаваныя на дзень задачы. Напрыклад, сёння лічу зарплату, — распавядае яна. — За мяне гэта ніхто не зробіць.

Да сярэдзіны дня дзяўчына паспявае прыехаць на поле. А позна ўвечары яшчэ і гатуе вячэру.

— На час жніва мы закупляемся паўфабрыкатамі, каб не марнаваць шмат часу на гатаванне ежы, — тлумачыць яна. — Узімку часу больш, змагу вярнуцца да ўлюбёнага хобі — хэндмэйду і буду гатаваць хатнія стравы: кулінарыя — адно з маіх захапленняў.

Але летам часу ні на што, акрамя працы, у вёсцы не застаецца. Як вытрымаць такі рытм?

— Часам, вядома, адчуваецца стомленасць, затое сумаваць няма калі. Ды і не так гэта складана, — усміхаецца яна. — На полі мы максімум да паловы адзінаццатай-адзінаццаці, праз паўгадзіны ўжо дома. Гаспадаркі ў нас няма, толькі котка і сабака. Раніцай на працу мне да паловы дзявятай. Муж ідзе на поле раней, а мне часу на сон хапае.

Сёння прыгожая палова чалавецтва асвоіла практычна ўсе сферы, якія раней лічыліся мужчынскімі. І ўсё ж жанчын у кабіне камбайна і ў нашы дні можна пералічыць па пальцах. У Астравецкім раёне Вераніка — адзіная.

— Часам даводзіцца сутыкацца і з недаверам. Калі быць дакладнай, адзін раз такое было. Мы былі ў майстэрні, і прыехалі супрацоўнікі гарантыйнага абслугоўвання камбайна. Муж тады адышоў, з тэхнікай я была адна. Гляджу, работнік ходзіць, нешта шукае — і не пытаецца ў мяне. Я кажу: можа, я змагу падказаць. А ён: «Ды што вы ведаеце!» Аказалася, патрэбны быў пэўны інструмент. І калі аказалася, што я ведаю, як ён выглядае, дзе ляжыць і навошта патрэбны, мужчына вельмі здзівіўся. А нашы механізатары ведаюць мяне з дзяцінства і не дзівяцца маёй цікавасці да тэхнікі.

Вераніка распавядае, што на родным прадпрыемстве больш дзівяцца таму, што яна нават у полі заўсёды з макіяжам.

— Проста я захапляюся фатаграфіяй і люблю фатаграфавацца, — распавядае суразмоўніца. — Калі, напрыклад, у машыны поўны бункер і трэба пачакаць выгрузкі, прашу мужа пафатаграфаваць мяне.

Камбайнеры падчас жніва пачынаюць верыць у прыкметы і забабоны, кажа яна. І ёсць прыкмета, што нельга фатаграфаваць камбайн — інакш складаная тэхніка можа зламацца ў самы непажаданы момант. Але моладзь не верыць у прыкметы.

— Дзеля цікавасці сёлета зарэгістравалася ў TіkTok і першапачаткова выкладвала свае хэндмэйд-работы. А з пачаткам жніва стала здымаць і выкладваць відэа аб працы на камбайне. І пачалі падпісвацца людзі: за жніво ў мяне дадалося амаль 2 тысячы падпісчыкаў. Аказалася, людзям цікавейшы камбайн, чым мая творчасць.

Каментарыі, вядома, былі розныя, кажа Вераніка.

— Хтосьці пісаў, што, напэўна, муж мала зарабляе. Былі і тыя, хто асуджаў — маўляў, не жаночая гэта справа. Але большасць падтрымлівала: «Малайчына, толькі наперад!» А негатыўныя меркаванні я ўспрымаю спакойна і не крыўдую.

«Гарадскі жыхар у вёсцы»

Агульная гісторыя сям'і Янковічаў у аграрнай сферы — улічваючы стаж бацькоў, бабуль і дзядуляў — складае аж 300 гадоў! Калі казаць пра карані радаводнага дрэва маладой сям'і, то яны ідуць глыбока ў зямлю, на якой працуюць Дзіма і Вераніка. Пра тое, каб перабрацца ў горад, нават думак не было, распавядае суразмоўніца.

— Горад — гэта не маё. Скажам так, я гарадскі жыхар, але жыць хачу ў вёсцы. Люблю, каб дома былі ўсе сучасныя зручнасці, але мне патрэбны менавіта дом, а не кватэра. Каб у доме і вакол яго была мая тэрыторыя.

Асновай шчаслівай сям'і дзяўчына называе ўменне дзяліць любую працу і імкненне падтрымаць у любым пачынанні.

— Я дапамагаю Дзіму ў полі, ён мне — у хатняй працы. Можа і посуд памыць, і вячэру прыгатаваць.

Дарэчы, Вераніка запэўнівае, што «сямейны падрад» спрыяе прадукцыйнасці і якасці працы.

— Адна з задач памочніка камбайнера — сачыць, каб не заставалася нязжатых участкаў. Каласкі на такіх участках памочнік абразае рукамі. Але Дзіма — выдатны камбайнер. Ён імкнецца максімальна акуратна ўбраць поле. І каля слупа, дзе вакол абсеяна, ён імкнецца як мага бліжэй пад'ехаць і каля абочыны ўсё збожжа сабраць, каб я не хадзіла, не абразала гэтыя каласкі. Так што нязжатыя купіны — гэта ў нашага экіпажа зусім ужо выключны выпадак.

Усе гады працы сямейны экіпаж Янковічаў не раз быў «тысячнікам». Сёлета з-за ўмоў надвор'я тысяча будзе крыху пазней, удакладняе Вераніка.

— Узаемадапамога і на полі вельмі важная, і ў сям'і. Падчас уборкі даводзіцца рана ўставаць і позна класціся, стомленасць праяўляецца, і часам людзі становяцца нервовымі і раздражняльнымі. І жанчыне асабліва важна падтрымаць мужа. Не заўважыць рэзкае слова, не знерваваць сваімі праблемамі. Бо дрэнны настрой адаб'ецца і на якасці працы.

Яна кажа, што сумесная праца — гэта магчымасць для пары пабыць разам, таму што ў полі ў сезон камбайнеры «знікаюць» без выхадных. Таму, заўважае суразмоўніца, моладзь сёння часам неахвотна ідзе ў сферу сельскай гаспадаркі: заробкі ў вёсцы нядрэнныя, а вось выхадных да халадоў проста няма.

— Але я да ненармаванага працоўнага дня прывыкла. У мяне і мама, і тата ўсё жыццё так працуюць. Адсутнасці выхадных не заўважаю: уцягваешся ў працу і адпачываць не хочацца. Тым больш, пакуль дзяцей у нас няма, можна паспяваць усё: і працаваць, і адпачываць. Галоўнае — дакладна планаваць свой дзень.

А яшчэ, кажа Вераніка, дапамагае ўсведамленне, што маеш дачыненне да вельмі важнай справы.

— Мы забяспечваем краіну хлебам. Таму стараемся захаваць кожнае зярнятка, працаваць без страт... Не, гонару асаблівага не адчуваю, — усміхаецца яна. — Проста ведаю, што мая праца сапраўды патрэбная.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Па матэрыялах "Звязда"

Читайте также: