Главная » Новости » Лента новостей

Ветэрынарыя - гэта справа майго жыцця!

362

Вадзім Герасімовіч, загадчык Міхалішкаўскай участковай ветэрынарнай лячэбніцы.

Я нарадзіўся і гадаваўся ў Трокеніках. Пасля 9 класа паўстаў выбар кім быць. Мама раіла ісці ў ветэрынарыю, бацька – у лясную гаспадарку. Я паступіў у Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж на ветэрынарнае аддзяленне. Размеркавалі на Астравеччыну ў СВК «Варняны», працаваў па спецыяльнасці на ферме ў Трокеніках, пазней у Карвэлях, затым у Беразоўцы на малочна-таварным комплексе. Давялося пабыць і галоўным ветэрынарным урачом гаспадаркі. Атрыманы ў варнянскім калгасе вопыт лічу неацэнным. Пасля звальнення знаходзіўся на раздарожжы: хацелася самаўдасканальвацца і прафесійна расці, тым больш што мне па душы была артапедыя. Была магчымасць уладкавацца ў расійскую фірму, якая спецыялізуецца на вытворчасці мармуровай ялавічыны, але вырашыў застацца на радзіме, працаваў у сталічнай прыватнай клініцы – пазней даведаўся, што яна адна з самых лепшых у Беларусі. Узровень яе аснашчэння спецыяльным абсталяваннем уражвае: камп’ютарны тамограф, апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, рэнтген і іншае. Спецыялісты ветклінікі выконвалі аперацыі на сэрцы, спіннамазгавым канале, галаўным мозгу і шмат іншых. Да гэтага я працаваў з сельскагаспадарчымі жывёламі – а тут выпала цудоўная магчымасць спазнаць нюансы лячэння хатніх гадаванцаў. У кожнага з ветфельчараў быў свой настаўнік, якога мы называлі сэнсэем, пад кіраўніцтвам якога асвойвалі вузкі накірунак ветэрынарнай галіны. Я абраў рэнтгеналогію з артапедыяй і неўралогіяй. Мы разбіралі эпілептычныя прыпадкі, розныя сударагі, анафілактычны шок у жывёл «плюс» прэпараты. Даводзілася рабіць і міелаграфію – метад дыагностыкі міжпазваночнай грыжы, калі трэба не пракалоць спінны мозг – гэта ювелірная работа…

Набраўшыся вопыту, вырашыў вярнуцца на Астравеччыну. Тым больш што астраўчанам, ведаў па расповедах знаёмых, даводзілася звяртацца за ветэрынарнай дапамогай у Смаргонь ці Маладзечна. Я лячу жывёл на малочна-таварных комплексах і фермах, а таксама прымаю людзей з хатнімі гадаванцамі ў Астравецкай райветстанцыі.

…З ветэрынарыяй сваё жыццё звязаў выпадкова, але не пашкадаваў – гэта справа майго жыцця, ад якой я атрымліваю вялікае задавальненне. Летась, дарэчы, атрымаў дыплом аб заканчэнні Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. 

Работа ветэрынара ў сельскай гаспадарцы не залежыць ад сезону, у любым выпадку гэта замкнуты цыкл: цялятка нараджаецца, яго здароўе трэба суправаджаць на ўсіх этапах жыцця. Жывёлы, як і людзі, больш хварэюць вясной і  восенню. 

Незвычайныя выпадкі здараліся ў рабоце і з сельска­гаспадарчымі, і з хатнімі жывёламі. Калі я толькі пачынаў працаваць у КСУП «Варняны», давялося самастойна рабіць ампутацыю канечнасці нованароджанаму цяляці, інакш малое загінула б. Аперацыя прайшла паспяхова. У маёй практыцы быў выпадак, калі карова нарадзіла траіх цялят – і ўсе выжылі. Двойня лічыцца рэдкасцю, а тут ажно 3. Нават іх мянушкі да гэтага часу памятаю: Лёлік, Болік і Нолік. Даводзілася накладваць павязкі Роберта-Джонса – нешта накшталт мяккага гіпса, і рабіць шмат чаго іншага.

З практыкі ў сталічнай ветэрынарнай клініцы найбольш уразіла разнастайнасць жывёл: льву выдалялі міжхрыбетную грыжу, дэльфіну даставалі праглынуты мячык, кракадзілу лячылі міжпальцавы грыбок, які ўзнік з-за празмернай вільготнасці, кастрыравалі рысь… 

Я прывык разлічваць толькі на сябе. Напачатку сваёй прафесійнай дзейнасці хацеў машыну прэміум-класа. На той час жыў з бацькамі, кожную капейчыну адкладваў – і праз 2 гады ажыццявіў сваю мару. Вельмі хачу адкрыць уласную ветэрынарную клініку ў Астраўцы. Ну і, канешне, думаю, што рана ці позна ў мяне абавязкова будзе свая сям’я, пакуль жа ўвесь аддаюся рабоце.

Быў выпадак, калі прывезлі гадаванца, які праз раз дыхаў, з тэмпературай цела ніжэй за 32 градусы – з пункту гледжання сэнсу і логікі жывёліна нежыццяздольная. Атрымалася аднавіць тэмпературу, з дапамогай кропельніц павысіць ціск – і проста на вачах сабака ажыў. Калі ты паставіў дыягназ папярэдняя смерць, а жывёла хутка адрэагавала на тэрапію – гэта дарагога каштуе. 

Здараецца, што парог дома пераступаю пасля 10 ці 11 вечара  стомлены, галодны, але такі шчаслівы!

Лічу, што сельская гаспадарка – гэта вельмі нялёгкая, штодзённая карпатлівая праца. Не заўсёды тое, што мы з вамі робім, атрымліваецца адразу. Але вынік абавязкова будзе!

па матэрыялах «АП»

Читайте также: