Главная » Новости » Лента новостей

ВАДОЛЬ: у цені клёнаў і бяроз, з уласным, перажытым лёсам… Даследванне Алега Ігліцкага

262

Стараннасць і вынікі працы звеннявой Ганны Чаславаўны Станулевіч неаднаразова адзначаліся прэміямі саўгаса, а пазней, пасля перайменавання, калгаса “Жамыслаўль”. У 1999 годзе яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іўеўскага райвыканкама за шматгадовую, добрасумленную працу і ў сувязі з Днём працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Ганна і Віктар Станулевічы  (злева), пляменніца Марыя і свякроў Яніна Юзэфаўна У 2011 годзе Гродзенскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначыў Ганну Чаславаўну Станулевіч пісьмовай Падзякай за шматгадовую працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву і ў сувязі з 55-годдзем з дня нараджэння. З таго часу яна на пенсіі і, як і раней, пражывае ў Вадолі. Было ў жыцці Ганны Час-лаваўны шмат радасных і шчаслівых дзён, але і беды, на жаль, не абыходзілі. Ва ўзросце 44 гады памёр яе муж Станіслаў. Дзеці былі яшчэ непаўнагадовыя. Жанчына была ў роспачы. Як жыць без гаспадара ў вёсцы? Малілася за памерлага мужа, гадавала дзяцей. І шчасце ёй зноў усміхнулася. У 2000 годзе выйшла замуж за сваяка свайго першага мужа Віктара Станулевіча. Яна яго ведала раней – акуратнага, працавітага, без шкодных звычак. Адным словам – надзейнага для сямейнага жыцця. Такім Віктар і застаўся. 22 гады Віктар Юзэфавіч працуе манцёрам на ўчастку чыгункі каля вёскі Лабачы. Раней займаў пасаду брыгадзіра манцёраў. Фатаграфія яго занесена на Дошку гонару Лідскага ўчастка Беларускай жалезнай дарогі. Дзеці Ганны Чаславаўны дзелавыя і ініцыятыўныя, такія, як іх бацькі. Старэйшы сын Генадзь жыве з сям’ёй у Мінску, мае кватэру. Працуе прадпрымальнікам. Мае ўласныя маршруткі, якія возяць пасажыраў з Мінска ў Магілёў. Яго жонка Таццяна працуе бухгалтарам у гандлі. Дачка Ангеліна – студэнтка Віцебскага ветэрынарнага каледжа.  Малодшы сын Валерый працаваў у Гродне на заводзе будаўнічых матэрыялаў. Атрымаў трохпакаёвую кватэру. Быў жанаты, меў двое дзяцей. Але цяжкая хвароба два гады назад пазбавіла яго жыцця ва ўзросце 39 гадоў. Як цяжка перажыць такую бяду маці! Ды цепліцца думка ў яе, што сын пакінуў пасля сябе добры след. Падрастаюць яго дзеці Лізавета і Жэнька, стануць дастойным прадаўжэннем бацькі. Ганна Чаславаўна і яе муж Віктар Юзэфавіч часта наведваюць сям’ю сына Валерыя ў Гродне, дапамагаюць нявестцы Жане і ўнукам. Гора лепш забываецца ў малітвах і працы. Таму Ганна і Віктар Станулевічы шмат працуюць, вядуць хатнюю гаспадарку, зрабілі рамонт у доме. І няхай толькі радасныя і светлыя сонечныя промні заглядваюць у новыя, вялікія вокны іх утульнага дома. Альфрэд Іванавіч Мураўскі, 1950 г.н., родам з хутара Звяркі, што каля вёскі Макуці. Бацьку свайго не памятае, маці адна гадавала сына і працавала даяркай на ферме “Макуці” саўгаса “Жамыслаўль”. У 1971 годзе Альфрэд закончыў курсы трактарыстаў на базе саўгаса “Чарнэлі” ад Воранаўскага СПТВ № 14 і атрымаў пасведчанне трактарыста – машыніста 3 класа. Два гады працаваў на трактары ў саўгасе “Жамыслаўль” і пражываў на хутары каля Макуцяў. У жніўні 1975 года Альфрэд Мураўскі зарэгістраваў шлюб з Марыяй Кяўра, 1939 г.н., родам з вёскі Вадоль. Марыя працавала ў Лідзе на хлебазаводзе, а калі выйшла замуж, то пераехалі з Альфрэдам жыць у яе бацькоўскі дом у Вадоль. Марыя хварэла, мела 2-ю групу інваліднасці і атрымоўвала невялікую пенсію ў памеры 28 савецкіх рублёў.  А. Мураўскі і кабыла Стрэлка Альфрэд пайшоў працаваць паштальёнам у Суботніцкае аддзяленне сувязі і абслугоўваў чатыры вёскі: Вадоль, Хілевічы, Васілевічы, Кіслыя. Работы паштальёну ў той час хапала. Насельніцтва вёсак было вялікае. Амаль у кожнай хаце пражывалі 5-6, а то і болей жыхароў. Многія выпісвалі газеты і часопісы, шмат адпраўлялі і атрымоўвалі пісьмаў і паштовак. Розныя выданні ішлі ў бібліятэку Вадольскай базавай школы, шмат перыёдыкі прыходзіла настаўнікам. Пенсіянеры праз пошту атрымоўвалі пенсіі. Яшчэ два гады перад пенсіяй Альфрэд Іванавіч пасвіў цялушак, якія гадаваліся на ферме “Васілевічы”. Вось ужо 17 гадоў, як памерла жонка Мураўскага Марыя. Цяжка было б жыць аднаму ўдаўцу, каб не дзеці. Дачка Марыя замужам у Гродне, працуе прадаўцом у магазіне. Часта прыязджаць да бацькі не можа. А вось старэйшы па ўзросту сын Павел, 1976 г.н., - апора і надзея пажылога чалавека. Ён і дроў нарыхтуе на зіму, агарод заарэ і пасадзіць. Мог бы выехаць пасля службы ў арміі ў горад, але, як кажуць, прыкіпеў да вёскі, любіць вясковае жыццё, не рваўся нават пераехаць у цэнтр саўгаса, а мог бы. Пасля заканчэння мясцовай Вадольскай школы юнак у 1994 годзе закончыў Іўеўскае СПТУ-197. Па прафесіі – трактарыст. Служыў ва Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь сувязістам у Брэсце. Пасля службы вярнуўся і застаўся жыць у Вадолі. Ды і праца была на месцы. За 1 км ад Вадолі размяшчаўся мехдвор брыгады “Васілевічы”. 13 гадоў Павел адпрацаваў на трактары. Культываў, баранаваў, араў, сеяў, уносіў угнаенні. Калі мехдвор у Васілевічах закрылі, дабірацца на працу ў бліжэйшыя Суботнікі стала цяжкавата. Цяпер Павел працуе на сезонных работах у фермераў Жамыслаўля і Гіравічаў.  Альфрэд і Марыя Мураўскія, 1994 год 20 гадоў трымалі Мураўскія ў хатняй гаспадарцы кабылку, якую ўзялі ў саўгаснай хілевіцкай канюшні ў 2008 годзе. Кабыла Стрэлка была надзейнай памочніцай у гаспадарцы. Свой агарод аралі і суседзям па неабходнасці дапамагалі. Але ўжо не тыя сілы ў пажылога чалавека, каб даглядаць жывёлу, тым больш, нарыхтоўваць ёй на зіму сена. Таму Мураўскія прадалі кабылку ў мінулым годзе і купілі матаблок. Але сум у вачах гаспадара па Стрэлцы застаўся па сённяшні дзень. Ён часта паглядвае на фотаздымак на сцяне, дзе сам побач са Стрэлкай, да якой так прывык, з якой было весялей у ціхай і апусцелай вёсцы. Альфрэд і Марыя Мураўскія, 1994 год У  канцы Вадолі, частку якой жыхары называюць Фаліваркам, пражывае старэйшая жыхарка вёскі Ядвіга Браніславаўна Калыска. Нарадзілася яна 5 верасня 1945 года і ў бягучым годзе адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Бацькі Ядвігі - Браніслаў Канстанцінавіч і Юзэфа Матвееўна - родам з Вадолі. Бацька Браніслаў Станулевіч працаваў у вадольскім калгасе паляводам, у вольны час сталярнічаў. Прозвішча маці ў дзявоцтве было Карнопель. Яна працавала паляводам, а доўгімі зімовымі вечарамі ткала на кроснах. З шасці дзяцей Станулевічаў Ядвіга і яе брат Станіслаў засталіся жыць у Вадолі. Маладой дзяўчынай Ядвіга Станулевіч паехала ў Лаздуны і ўладкавалася на працу рабочай па ўкладцы дрэнажных сістэм у СМУ меліарацыі, пазней – ПМК. З сяброўкай Марыяй Кяўра яна ўкладвала керамічныя трубкі ў канавы, якія капаў малады экскаватаршчык Яўген Калыска, які быў родам з вёскі Лаздуны.  Я. Калыска Знаёмства і сяброўства перарасло ў каханне, якое закончылася  рэгістрацыяй шлюбу ў Суботніцкім сельсавеце ў 1970 годзе. Маладыя павянчаліся ў Ліпнішкаўскім касцёле. Пачалося сямейнае жыццё. Маладзёны пасяліліся ў інтэрнаце Лаздунскай ПМК і пражылі тут 10 гадоў. Яўгену, 1940 г.н., як стараннаму экскаватаршчыку, адміністрацыя давала кватэру ў Лаздунах. Але ён быў чалавек амбіцыйны і казаў: “Навошта мне ваша кватэра, я і сам пабудую хату там, дзе захачу.” Ядвіга не пярэчыла мужу. На сямейным савеце вырашылі ехаць жыць і будавацца ў Вадоль. Праз 10 гадоў працы ў Лаздунах сям’я Калыска вярнулася на малую радзіму Ядвігі. Часова жылі ў яе бацькоў, а пачалі будаваць сваю хату ў Вадолі. Яўген уладкаваўся працаваць на трактар Т-74 у брыгаду “Васілевічы” саўгаса “Жамыслаўль”, араў палі. Ядвіга працавала ў паляводстве брыгады, была ў ліку лепшых льнаводаў. Яны пражылі ў пары 49 гадоў. Мужа не стала 6 гадоў назад, і цяпер Ядвіга Браніславаўна пражывае адна. На душы вельмі цяжка, калі няма побач чалавека, з якім пражыла амаль паўвека. Рубцамі на сэрцы маці ў 2024 годзе адбілася смерць дарагога сына Станіслава, які пражываў з сям’ёй ў Іўі. Ён любіў жыццё, шмат працаваў на дабрабыт сям’і. Працаваў шафёрам у камерцыйнай фірме, а апошнія 6 гадоў – дальнабойшчыкам. Яму было 54 гады. Смерць абарвала яго жыццё ў росквіце фізічных і духоўных сіл. Найлепшая падтрымка і апора маці - яе дзеці, якія звоняць, прыязджаюць, дапамагаюць па гаспадарцы, клапоцяцца пра яе здароўе. Сын Юра пражывае з сям’ёй у Мінску. Працаваў на заводзе. Цяпер – у камунальнай службе горада. Дачка Вольга пражывае з сям’ёй у Іўі і працуе ў Іўеўскім раёне электрасетак. З мужам Леанідам яны рэгулярна наведваюць Ядвігу Браніславаўну і дапамагаюць ёй. Маці ім вельмі ўдзячная. Не даюць сумаваць бабулі Ядзі тэлефоннымі званкамі яе 4 унукаў і 5 праўнукаў. Яны яшчэ збяруцца ўсе разам і парадуюць вадольскую бабулю ў дзень яе юбілею.

Источник: 

Читайте также: