Главная » Новости » Лента новостей

В рамках республиканской акции «Наш животновод» награждены труженики СПК «Жуховичи»

268

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

       На Карэліччыне прадаўжаецца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод». На гэты раз яе ўдзельнікі завіталі ў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў «Жухавічы». Пры сустрэчы з лепшымі працаўнікамі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская ўручыла Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі, выказала ў іх адрас словы падзякі за плённую і старанную працу і пажадала ўсяго найлепшага ў жыцці.

       Першая сустрэча адбылася на комплексе «Пясочная» з трактарыстам-машыністам Пятром Бухаўцом. Работа ў яго нялёгкая, але за гады працы прывык. «Жыццём задаволены, ёсць справа, ёсць, што на стол пакласці, дзе жыць», — гаворыць шчыра і адзначае, што дапамагае ў працы вялікі вопыт і сумленныя адносіны.

       Аб сваім жыццёвым выбары ветфельчар Сяргей Ложачнік не шкадуе. Аднойчы абраная прафесія стала сэнсам жыцця. На ферме «Радунь» загадчыкам працуе жонка Раіса Іванаўна, і агульная справа ад гэтага выйграе. Яны стараюцца ладзіць дома і на працы.

       Алеся Даніловіч — аператар комплексу «Вялікія Жухавічы». Яна даглядае цялят ад шасці месяцаў да аднаго года, жывёлу любіць. На комплексе працуюць яе бацькі і сястра Ірына.

— Ініцыятыўная, працавітая, лёгкая на пад’ём, — гаворыць пра яе ўпраўляючы комплексам Валянціна Гомза. — У калектыве — яшчэ тры маладыя работнікі, а дзве пайшлі ў дэкрэтны водпуск. Моладзь ёсць — жыццё прадаўжаецца.

       Завіталі на малочнатаварную ферму «Вялікія Жухавічы», каб сустрэцца са слесарам па рамонце і абслугоўванні абсталявання Русланам Голубам. Ферма функцыянуе адзінаццаць гадоў. За мінулы год у разліку на адну карову тут надаілі 7823 кг малака, што на 219 кг больш у параўнанні з папярэднім годам. У дасягнутым поспеху — заслуга і слесара фермы, які займаецца наладкай абсталявання.

       Чвэрць стагоддзя прысвяціла працы ў жывёлагадоўлі аператар малочнатаварнай фермы «Малыя Жухавічы» Ірына Губіна. Вопыт у рабоце дапамог жанчыне дасягнуць добрых вынікаў у працы: у мінулым годзе яна надаіла ад адной каровы ў сваёй групе 10184 кг малака. Па словах аператара, асноўны сакрэт поспеху ў тым, каб быць поруч з людзьмі і сумленна працаваць.

       Сустрэцца з Аленай Дроздзік, аператарам малочнатаварнай фермы «Кожава», давялося дома, у дзень нашага візіту ў яе быў выхадны. Жывёлавод прызналася, што сваёй працай задаволена, бо любіць жывёлу і на работу ідзе ў настроі. Адчувае падтрымку загадчыка фермы Аляксандра Бразоўскага, і ёй хочацца працаваць як мага лепш.

       …Простыя, шчырыя, з агенчыкам у вачах. Са сваімі лёсамі і сваімі пажаданнямі. Іх аб’ядноўвае працавітасць: шэсць зорак жухавіцкай зямлі свецяць ярка. Падаюць надзею ў заўтрашні дзень, і ён павінен наступіць, бо вяскоўцы ствараюць даброты для ўсіх.

       Старшыня прафкама СВК «Жухавічы» Віктар Малышка адзначае:

— У сельгаскааператыве шмат працавітых людзей. Жывёлагадоўля — складаная галіна, але яе прадстаўнікі шчыруюць з усёй адказнасцю. Да таго ж яна працуе круглы год, у святы і выхадныя дні. Пачатак 2021 года быў няпростым, мы сустрэліся з моцнымі маразамі, але жывёлаводы вытрымалі. Заўсёды вяскоўцы ўмелі працаваць годна, і гэта складае сэнс іх жыцця.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Ірыны ПЯНЬКОЎСКАЙ

Наши контакты

Наш адрес

230029, г. Гродно, ул. Коммунальная, 32

8 (0152) 62-50-11

obkom.apk.grodno@mail.ru

Время работы

Пн-Чт: 8.00 - 17.00

Пт: 8.00 - 15.45

Сб-Вс: выходной

Нажимая кнопку "Отправить" вы принимаете условия Политики обработки персональных данных.