Главная » Новости » Лента новостей

В ГП «Луки-Агро» наградили лучших животноводов

285

У ДП «Лукі-Агра» старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская завітала на сустрэчу з перадавымі працаўнікамі. Падставай для візіту стала рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод», якая ўпэўнена крочыць па Карэліччыне, накіроўваючыся з адной гаспадаркі ў другую.

     На гэты раз Ірына Леанідаўна адрасоўвае шчырыя словы ўдзячнасці перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці, якія, не ведаючы стомы, шчыра і бездакорна адносяцца да справы:

— Я выказваю словы ўдзячнасці за вашу працу. Работа ў жывёлаводчай галіне патрэбная і складаная, патрабуе шмат сіл і намаганняў. Дасягнутыя вынікі радуюць: вы ўносіце свой уклАд у агульную скарбонку. Сёння ўручаю вам Падзячныя пісьмы за працалюбства і вернасць абранай прафесіі і грашовыя прэміі.

     Таццяна Ляўковіч — аператар свінагадоўчага комплексу «Лукі». «Галоўнае ў рабоце, — адзначае яна, — кармленне, догляд, утрыманне — усё ўваходзіць у прафесійныя абавязкі. Заробак добры, ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні».

     На гэтым свінакомплексе працуе аператарам і Аляксандр Бабко. Работа задавальняе, радуюць адносіны начальніка комплексу Аляксандра Сака, які прыслухоўваецца да падначаленых, таму разам вырашаюць злабадзённыя пытанні. Кіраўнік гаспадаркі Мікалай Гавіна наведваецца на свінакомплекс і цікавіцца справамі работнікаў.

     Ірына Піскун, рабочая малочнатаварнай фермы «Асташын», дваццаць тры гады працуе аператарам машыннага даення. «Рана ўстаць і позна легчы», — сказала пра працу ў жывёлагадоўлі і прызналася, што, нягледзячы на гэтыя акалічнасці, сваю справу любіць. А яшчэ жывёлу, у асабістай гаспадарцы трымаюць трох кароў, а лішкі малака здаюць мясцовай гаспадарцы.

     Аператарам працуе на малочнатаварнай ферме «Далматаўшчына» Дмітрый Зіновіч. Ад жывёлавода патрабуецца акуратнасць у рабоце: жывёла павінна быць накормлена, а ў памяшканні — належны парадак. Любоў да справы перадалася яму ад бацькі Васілія Зіновіча, які каля дваццаці гадоў працуе на ферме. «Я ў дзяцінстве прыходзіў сюды, прызвычаіўся і палюбіў справу», — прызнаецца жывёлавод.

     У Віктара Буя, на першы погляд, звычайная прафесія: вартаўнік малочнатаварнай фермы «Лукі». Вось толькі сам думае інакш і сур’ёзна адносіцца да сваіх абавязкаў. «Усюды трэба паглядзець і ўсё ўбачыць», — перакананы вартаўнік. А яшчэ па характары — добры чалавек, усім стараецца дапамагчы, за што і паважаюць калегі.

     Вось такія яны, працаўнікі жывёлагадоўчай галіны лукскай зямлі. Шчырыя, адкрытыя, працавітыя. Любяць свой родны край і працуюць з настроем і руплівасцю.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Наталлі МАРДЗІЛОВІЧ

 

Читайте также: