Главная » Новости » Лента новостей

Успаміны былога галоўнага інжынера райсельгасхарчу Адама Горбаля пра механізацыю раёна 1970-2000 гадоў

61


Адам Горбаль, былы галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання (стаж звыш 35 гадоў):

– Працоўную дзейнасць на Астравеччыне пачаў пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі ў 1970 годзе. Па пуста­графке (былі такія ўліковыя табліцы) у раёне налічвалася ці то 24, ці то 28 калгасаў, цяпер усяго 5. 

 Сучасная тэхніка і тая, на якой у маю бытнасць працавалі механізатары, – неба і зямля. Для параўнання: за змену на корманарыхтоўцы адзін трактар з падборшчыкам падымаў 20-30 тон, а ў сучасных умовах для аднаго «Ягуара» – гэта смех, а не лічбы. Працавалі на «Кірах», «Арканах»… З магутнай тэхнікі быў толькі «Кіравец» – ён і цяпер цэніцца. На палявых работах у асноўным задзейнічалі гусенічныя трактары – шмат іх было ў гаспадарках.

Вытворчая магутнасць у гэтых машын невялікая, але затраты на абслугоўванне і эксплуатацыю – несусветныя. З калёснай тэхнікі мелі нашых
«Беларусаў»: МТЗ-80, -50, -52, маленькія Т-25, -16, -40. 

 На ворыве працавалі і днём, і ноччу – за адным трактарам было замацавана 2 механізатары – адзін суткі навылёт не зможа падымаць зябліва…

 Вялікае значэнне надавалі кадрам. У раёне збіралі групу і па праграме Ашмянскага ПТВ механізацыі самі рыхтавалі трактарыстаў: чыталі лекцыі, вялі практычныя заняткі ў цэнтральных сядзібах калгасаў. Педагогі з вучылішча на месцы прымалі экзамены – выгадна і зручна.

 А якія раней былі дарогі: дабрацца да таго ж калгаса «50 гадоў ВЛКСМ» (цэнтр – Масцяны) было праблематычна, даехаць назад у Астравец – удвая складаней. Транспарт мелі начальнік райсельгасхарча і яго намеснік, у спецыялістаў – матацыклы, на якіх зімой на раён не паедзеш. 

 Першага сакратара райкама партыі, старшыню рай­вы­канкама, спецыялістаў упраўлення на чале з началь­нікам  збіралі ў адным з раёнаў Гродзеншчыны, дзе дэ­манстравалі перадавы вопыт у розных сельгасгалінах. Потым яго на практыцы ўкаранялі на месцах: праводзілі конкурсы прафесійнага майстэрства сярод даярак, аратых, корманарыхтоўшчыкаў, камбайнераў.

 У свой час я працаваў галоўным інжынерам у калгасе «Шлях Леніна», узначальваў 10 гадоў «Савецкую Беларусь» з цэнтрам у Страчы. А ўчасткі там, як і сам рэльеф, дробнаконтурныя, узгорыстыя. Уявіце, гусенічны трактар з прычапной сеялкай за светавы дзень прыгортваў у глебу насенне толькі на 8-мі гектарах. Тэхнікі не хапала – зернеўборачных камбайнаў мелі толькі СК-4 і «Каласы», сеялкі былі слабыя – СЗУ, СЗ з захопам 3,6 метра. 

 Радуе, што заспеў час, калі калгасы сталі атрымліваць сучасную тэхніку. Было цудам, што на зернеўборачным камбайне кшталту «Джон-Дзіра» за змену маглі намалаціць 200-300 тон. А да гэтага на СК-4 бралі максімум 20. 

 Калі да ўлады прыйшоў паважаны намі ўсімі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, сітуацыя ў сельскай гаспадарцы кардынальна змянілася ў лепшы бок. Новая тэхніка, сучасныя аграгарадкі з камфортным для пражывання вяскоўцаў жыллём і многае іншае – тое, што ён зрабіў, не пацягнуў бы ніхто. І цяпер у Прэзідэнта сельская гаспадарка – тэма нумар адзін. 

 У любы час на пярэднім плане асоба кіраўніка-гаспадара. Моцнымі і магутнымі, сапраўднымі маякамі сельскай гаспадаркі былі старшыні Мечыслаў Валуевіч («Шлях Леніна»), Андрэй Галагаеў («Радзіма»), пасля яго Вячаслаў Адахоўскі, Уладзімір Постраш (імя Чапаева), Часлаў Рынкевіч  («Чырвоны Кастрычнік»). Нашым паслядоўнікам жадаю плёну. Упэўнены, што ў сельскай гаспадаркі ёсць будучыня – і паспяховая!


Текст и фото: Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"