Віктар Лыскойць, пагрузка рулонаў
У чым перавагі безадвальнай апрацоўкі глебы, даведаліся ў КСУП “Гудагай”

Хлебаробы гэтай гаспадаркі першымі на Астравеччыне завяршылі жніво і дапамаглі калегам з КСУП «Міхалішкі» абмалаціць нівы. Набраны за ўборку імпэт і спрыт яны не растрацілі, а, наадварот, укладаюць у справу. У гаспадарцы палявыя работы вядуцца па некалькіх франтах: рыхтуецца глеба пад сяўбу азімых, у тым ліку з дапамогай безадвальнага метаду, працягваецца сяўба рапсу і корманарыхтоўка. Аграрыі добра разумеюць, што менавіта аператыўнасць і якасць правядзення палявых работ – заклад таго, што ўжо ў наступным аграрным годзе поле парадуе важкімі намалотамі. На гэтым тыдні паглядзела, як з пастаўленымі задачамі спраўляюцца механізатары КСУПа.
Падрыхтоўка да сяўбы
Па словах галоўнага агранома Андрэя Ненартовіча, азімы клін збожжавых у гаспадарцы застанецца на ўзроўні мінулага года. «Гудагайцы» плануюць прыгарнуць у глебу насенне пшаніцы, жыта, трыцікале і ячменю на плошчы 2 600 гектараў. Не паменшаюць плошчы і пад рапсам – крыжакветкавы пасеюць на 800 гектарах.
Нездарма гэтую культуру ў нашай краіне называюць «чорным золатам». Вырошчванне рапсу лічыцца эканамічна выгадным. Сёлета ён урадзіў добра не толькі ў КСУП «Гудагай», але і ў іншых гаспадарках. Валавы намалот па раёне склаў звыш 10 тысяч тон, з якіх 3 тысячы – «гудагайскія».
Некалькі гадоў назад на тэрыторыі механічных майстэрань у Палушах адкрыўся цэх па перапрацоўцы насення рапсу. Працэс безадходны: на выхадзе атрымліваецца алей і спажыўны жмых, які з задавальненнем паядаюць каровы.
На полі за Шунэлішкамі рапс сеяў малады, але добра вядомы ў раёне механізатар Сяргей Трусевіч. Падчас жніва з напарнікам яны сталі другім камбайнерскім экіпажам на Астравеччыне, хто «набіў» тысячу тон збожжа. А валавы бункерны намалот склаў без некалькіх кілаграмаў 1 700 тон.
– Норма высеву рапсу, у адрозненні ад збожжавых, невялікая. Таму не трэба часта рабіць перапынкі, каб напоўніць бункер. Для параўнання: на адзін гектар патрэба 2-3 кілаграмы насення крыжакветкавага, а той жа пшаніцы – 150-200. І глыбіня задзелу ў глебу насення рапсу меншая, – патлумачыў сейбіт. – Справу сваю ведаю, настрой добры. Адзінае, чаго не хапае – вільгаці. Самі, пэўна, бачылі, як пыліць – трактара не бачна.

Сяргей Трусевіч, сяўба
На сучасным пасяўным агрэгаце аўстрыйскай вытворчасці Pottinger, які працуе ў счэпцы з «Джон-Дзірам», Сяргей за дзень засявае да 40-45 гектараў.
На гэтым участку, як патлумачыў галоўны аграном, работнікі сельгастэхнікі ўнеслі даламітавую муку, каб зменшыць кіслотнасць глебы. Паралельна сюды трапляюць і мінеральныя ўгнаенні. Гэтым у дзень майго прыезду займаўся Віталь Клінцэвіч.
– У бункер змяшчаецца каля 8-9 тон рэчыва. Вага розніцца ў залежнасці ад таго, што ўношу – калій ці фосфар, – коратка пра сваю работу расказаў механізатар.

Віталь Клінцэвіч, унясенне мінеральных угнаенняў
Глебе – тэхналогія
…КСУП «Гудагай» – адзіная ў раёне насенняводчая гаспадарка. Таму выкарыстанне новых агратэхнічных прыёмаў і метадаў тут справа звыклая.
Падчас наведвання Аршанскага раёна Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на безадвальнай апрацоўцы глебы. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта «харошы варыянт», але «на поўначы і ўсходзе варта акуратна да гэтага падыходзіць». Некалькі тыдняў назад нашы суседзі з Ашмянскага раёна на адным з участкаў упершыню апрабавалі такі метад. «Гудагайцы» такую тэхналогію выкарыстоўваюць каля 4-5 гадоў. Хоць, як сцвярджаюць спецыялісты, безадвальны метад апрацоўкі глебы і сяўба па іржышчы – не адкрыццё ў земляробстве.
Некалькі гадоў назад у КСУП «Гудагай» набылі культыватар для інтэнсіўнай апрацоўкі глебы Karat 9 ад нямецкай фірмы Lemken, а таксама глебаапрацоўчы агрэгат кампаніі Horsch – Tiger.
Як патлумачыў галоўны інжынер КСУП «Гудагай» Павел Гваздоў, за адзін праход такіх агрэгатаў фактычна атрымліваецца падрыхтаваць участак для сяўбы. У глебу дасткова ўнесці мінеральныя ўгнаенні – і ўсё: можна сеялку выпускаць, плугі і культыватары непатрэбны. Такі метад дазваляе эканоміць паліўна-энергетычныя і працоўныя рэсурсы.
«Чупа-чупсы» для кароў
Пакуль адны механізатары заняты на падрыхтоўцы глебы для сяўбы, другія – на корманарыхтоўцы. Пасля жнівеньскіх дажджоў на многіх участках адрасла атава пасля другога ўкосу, чым і скарысталіся ў КСУП «Гудагай».
Сёлета Генадзь Змітровіч працуе на новым прэс-падборшчыку «Ф’южн». Мужчына закручвае ў стрэйч-плёнку падвяленую зялёную масу – гэтыя белыя шпулькі некаторыя называюць «чупа-чупсамі».
– Гэты агрэгат больш просты ў адрозненні ад былога падборшчыка «Тарнада», на ім лягчэй працаваць. Прасцейшая сістэма – адпаведна менш паломак, а запчасткі цяпер нятанныя, – патлумачыў корманарыхтоўшчык. – Сістэма кіравання гэтай машынай знаходзіцца ў кабіне трактара, што дазваляе кантраляваць працэс прэсавання і абгортвання.

Генадзь Змітровіч, прэсаванне травы
На адным месцы белыя шпулькі доўга не ляжаць, каб пад імі не выправала трава. Іх пагрузкай у дзень майго візіту займаўся Віктар Лыскойць.
– Апошнія гады пастаянна працую на «Амкадоры». Коўш здымаецца і прымацоўваюцца спецыяльныя вілы ці заціскачкі для падняцца рулонаў саломы ці травы, – патлумачыў механізатар.
…У КСУП «Гудагай» для паспяховага правядзення азімай сяўбы ўсё ёсць: новая тэхніка і выкарыстанне метадаў апрацоўкі глебы, насенне, угнаенні, а галоўнае – талковыя і адказныя механізатары. Верыцца, што ў наступным годзе ніва парадуе іх важкімі намалотамі.









