Главная » Новости » Лента новостей

У ААТ “Дварэц-Агра” распачалі жніво на новым камбайне

83
У ААТ “Дварэц-Агра” распачалі жніво на новым камбайне

Сельгаспрадпрыемства прыступіла да ўборкі азімага ячменю на палетку паблізу вёскі Яхноўшчына.

Аб пачатку работ і планах на жніво-2026 расказаў намеснік дырэктара гаспадаркі Дзяніс Тамкевіч:

– Сёння мы пачынаем уборачную кампанію на палетку азімага ячменю плошчай 334 гектары. Спрабуем уваходзіць у працэс на адным камбайне. Задача – урэзацца ў поле, паназіраць, якой вільготнасці будзе ўраджай, каб прыняць рашэнне аб запуску астатняга звяна. Сёння разаб’ём поле на загонкі, каб забяспечыць эфектыўную работу камбайнаў у час масавага жніва, а таксама падрыхтуем месца для цырымоніі Зажынак.

– Якая стратэгія на сезон?

 Зразумела, што надвор’е нас не будзе моцна радаваць, пакуль у прагнозе дажджы. За некалькі сухіх дзён, што абяцаюць на наступным тыдні, трэба паспець убраць азімы ячмень, які ўжо цалкам спелы, яму патрабуецца толькі крыху падсохнуць ад дажджу. Возьмем на ўзбраенне мінулагоднія напрацоўкі, будзем ствараць уборачны канвеер, да чаго мы рыхтаваліся, пачынаючы з пасяўной кампаніі. Сёлета павялічаны плошчы пасеву як збожжавых культур, так і рапсу, таму першыя будзем дапрацоўваць у сушыльным комплексе, а рапс – максімальна дасушваць на корані да кандыцыі 7-8 % вільготнасці, малаціць і рэалізоўваць адразу.

– Ці гатова тэхніка?

– Так, сёлета ва ўборачную кампанію ўключаюцца шэсць камбайнаў, з іх чатыры – магутныя высокавытворчыя. Каб яны не прастойвалі, на адвозцы будзем займаць як сваю тэхніку, так і машыны ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”. Падрыхтаваны прэсы-падборшчыкі, бо ў сувязі са змяненнем стратэгіі вядзення жывёлагадоўлі маем большую патрэбу ў саломе.

Сімвалічна, што да ўборкі ячменю прыступіў вопытны трактарыст-машыніст гаспадаркі, пераможца мінулагодняга жніва Вячаслаў Кастусік, які восенню разам з братам сеяў гэту культуру.

– Настрой выдатны! Сёння ўпершыню выпрабую ў справе новы апарат – энерганасычаны збожжаўборачны камбайн GS-2124 “Палессе” з 9-метровай жаткай, – гаворыць працаўнік. – Узровень камфорту таксама на парадак вышэйшы, чым у мінулым. Любая тэхніка любіць рукі, таму пасля пакупкі ўсё пераправерылі, падрэгулявалі, каб у полі было без сюрпрызаў. Будзем спадзявацца, што сезон будзе насычаны і паспяховы нават больш, чым папярэдні. Ураджай вырасцілі дастойны, цяпер стаіць задача ўбраць яго з мінімальнымі стратамі. Пастараюся апраўдаць высокае званне лідара і давер кіраўніцтва ААТ “Дварэц-Агра”. 

Разам з ім на падвозцы насення працаваў вадзіцель Сяргей Лагута, сёння ён таксама на старце жніва – адрасуе ўсім хлебаробам пажаданні больш сонечных дзён, веры ў сваю справу і аптымізму. 

Наталля АВЯРЧУК

Читайте также: