Главная » Новости » Лента новостей

Сяўба набірае тэмп. З’ездзілі на пасяўную ў КСУП «Гервяты» ў Гродзенскай вобласці

299

У календары людзей, занятых сельскагаспадарчай працай, гэтыя красавіцкія дні не менш, а, можа быць, нават больш адказныя, чым гарачая пара жніва. На палях стаіць гул трактароў, працуюць сеялкі. У Беларусі раннія яравыя пасеяны больш як на 28,1 працэнта плошчаў, і з кожным днём колькасць засеяных палеткаў расце.


На сяўбе заўсёды працуюць самыя вопытныя механізатары. Эдуард Мілейша — адзін з іх.

На сяўбе заўсёды працуюць самыя вопытныя механізатары. Эдуард Мілейша — адзін з іх.

У Гродзенскай вобласці сяўба ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур (без кукурузы, грэчкі і проса) праведзена ўжо на 70 % запланаваных плошчаў. Менавіта туды — а дакладней, у старадаўняе і найпрыгажэйшае мястэчка Гервяты — мы і адправіліся.

— Ад пасяўной, праведзенай у тэрмін і якасна, залежыць, наколькі паспяховае будзе жніво, — кажа галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалько. — Будучы ўраджай закладваецца ў гэтыя дні, астатняе — унясенне ўгнаенняў, хімпраполкі, фунгіцыдныя апрацоўкі — ужо справа тэхнікі. Так што цяпер, мабыць, у нас самы адказны перыяд.

А наогул, газетныя штампы накшталт «бітвы за ўраджай» земляробы недалюбліваюць.

У пары з кожным механізатарам працуе кіроўца, што своечасова падвозіць збожжа для сяўбы.

У пары з кожным механізатарам працуе кіроўца, што своечасова падвозіць збожжа для сяўбы.

— Не «біцца» трэба, а ўсё рабіць планамерна, правільна і ў тэрмін, — тлумачыць Аляксандр Паўлавіч. — Працоўны дзень у нашых механізатараў цяпер, у пасяўную, з сямі раніцы да сямі-васьмі вечара. Не «ад цямна да цямна», і ноччу мы таксама не сеем. Навошта? Усяму свой час. Начныя туман і вільготнасць толькі справакуюць страты пасяўнога матэрыялу. Трактароў і камбайнаў у нас хапае, сеялкі ўсе сучасныя — і імпартныя, і айчынныя. Я вам больш скажу: нават падчас уборкі працуем да 8-9 вечара. Няма такога, каб ноччу, з фарамі, з апошніх сіл. Калі работа выбудавана разумна, а работнікі вопытныя і адказныя, то і без усякай «бітвы» можна ўсё зрабіць прафесійна і ўкласціся ў патрэбныя тэрміны.

Пераходзім на «летні час»

Сёлета ў параўнанні з мінулым годам «на летні час» аграрыі ў Гервятах перайшлі з розніцай усяго толькі ў тры дні.

— Калі параўноўваць з 2022 годам, вясна падкінула пэўныя складанасці — і дождж, і снег у нас быў, і замаразкі, — распавядае галоўны аграном. — У поле мы выехалі 23 сакавіка, надвор'е дало нам папрацаваць на сяўбе тры дні, потым пачалася непагадзь і работа спынілася. І з размахам пасяўная разгарнулася ўжо з 5 красавіка. У нашай гаспадарцы землі цяжкія, так што сёлета ёсць некаторыя складанасці з падрыхтоўкай глебы — не ўсюды можна зайсці тэхнікай, мокра: самі бачыце, лужыны стаяць. Але ў цэлым, нягледзячы на ўсё гэта, у тэрміны мы ўкладваемся і пасяўную правядзём своечасова.

Важна паспець пакласці збожжа не ў мокрую і не ў сухую глебу, а так, каб яму хапіла і вільгаці, і цяпла.

Важна паспець пакласці збожжа не ў мокрую і не ў сухую глебу, а так, каб яму хапіла і вільгаці, і цяпла.

Дакладныя каляндарныя тэрміны, у якія варта пачаць і завяршыць сяўбу, вызначыць немагчыма, кажуць аграрыі. Нават сучаснае абсталяванне не адмяняе залежнасці сельскагаспадарчых работ ад дзівацтваў «нябеснай канцылярыі». У халодную сырую глебу сеяць не станеш. І пры гэтым вясна — не восень, вільгаць сыходзіць з зямлі хутка, і важна паспець пакласці збожжа не ў мокрую і не ў сухую глебу, а так, каб зярняткам хапіла і вільгаці, і цяпла.

КСУП «Гервяты» — найбуйнейшая гаспадарка ў Астравецкім раёне, 12 640 га сельгасугоддзяў, з якіх 8700 га раллі. Гаспадарка раскінулася больш чым на 50 кіламетраў. «За дзень стабільна 300 кіламетраў намотваю», кажа галоўны аграном.

— Усяго трэба засеяць 3553 гектары. З іх 850 га ячменю, 220 га зернебабовых — гэта ў першую чаргу гарох, 113 га аўса, 490 га цукровых буракоў і 1730 га кукурузы, — пералічвае ён.

Самая складаная культура для сяўбы — цукровыя буракі, распавёў галоўны аграном КСУП «Гервяты».

— Гэта культура дакладнага высеву, патрабуецца ідэальная падрыхтоўка глебы ў некалькі этапаў, акрамя таго, за васьмігадзінную змену немагчыма пасеяць звыш 20 га, — адзначае Аляксандр Кавалько. — У нас па раёне самая вялікая колькасць плошчаў з году ў год адводзіцца пад цукровыя буракі.

Што, дзе і колькі сеяць, вырашаецца яшчэ восенню: гаспадаркі рыхтуюць бізнес-планы, абараняюць іх у раёне, а раён узгадняе гэтыя планы з вобласцю. Тады ж стартуе і падрыхтоўка да наступнай пасяўной кампаніі.

— У першую чаргу мы сеем зыходзячы з таго, што трэба забяспечваць кармамі сваю жывёлагадоўлю, — тлумачыць суразмоўнік. — Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў «Гервятах» — 12 тысяч. Вялікі дойны статак, быкі на адкорме, свой рапсавы цэх, а таксама цэх камбікорму. Таму стаўку робім на кукурузу і рапс. Рапс мы сеем азімы, пасяўная праходзіць восенню.

Сёння засеяныя восенню палеткі ўжо зелянеюць маладымі ўсходамі, але яшчэ шмат гектараў раллі незасеяныя. У сучасных сельскагаспадарчых агрэгатах, што задзейнічаны пры сяўбе, цэлы шэраг працэсаў аўтаматызаваны і рэгулюецца камп'ютарам. Але як бы ні развіваліся тэхналогіі, у пасяўную асноўным крытэрыем поспеху становіцца чалавечы фактар — вопыт, добрасумленнасць і талент работнікаў. Таму вопытныя механізатары — сапраўдны «залаты фонд».

Веды, вопыт, інтуіцыя

У КСУП «Гервяты» механізатар Эдуард Мілейша працуе з 1992 года. Гэта яго 19-я пасяўная. Ён кажа, што прафесіяналу дастаткова ўбачыць поле, каб зразумець, якія настройкі патрэбныя для сяўбы той ці іншай культуры. Механізатары тонкасці прафесіі часта перадаюць у спадчыну — ад бацькі да сына. Бацька суразмоўніка таксама ўсё жыццё працаваў на гэтых палях і лічыўся адным з найлепшых механізатараў гаспадаркі, дзе вось ужо тры дзесяцігоддзі працуе і яго сын. А наогул, працоўныя дынастыі ў «Гервятах» — справа звычайная, як і сямейны падрад, калі ў гаспадарцы, хай і ў розных сферах, працуюць усе члены сям'і. І гэта — падмурак адказных адносін да работы, якая пры такім раскладзе становіцца найважнейшай часткай жыцця.

У сярэднім увясну зямлі трэба аддаць каля 200 кг зярнятак на гектар.

У сярэднім увясну зямлі трэба аддаць каля 200 кг зярнятак на гектар.

Правільна засеянае поле — гэта скрупулёзна вытрыманая норма высеву на гектар, патрэбная глыбіня закрывання насення, а таксама якасць: каб ніводнае зярнятка не ляжала зверху, не накрытае глебай. У тэорыі ўсё гэта можна рэгуляваць настройкамі сучаснай тэхнікі. Але на практыцы вельмі многае ў дадзенай сферы па-ранейшаму робіцца толькі з дапамогай асабістага вопыту і інтуіцыі прафесіянала.

— Зямля на кожным полі розная. Можна выставіць адну глыбіню закрывання на больш лёгкіх і цяжкіх глебах — і атрымаць розны вынік, — тлумачыць значнасць вопыту галоўны аграном. — У нас на сяўбе заўсёды працуюць толькі самыя вопытныя механізатары. І Эдуард Мілейша — адзін з іх.

За працоўную змену адзін трактарыст у сярэднім засявае 35-40 гектараў. Каб засеяць поле ў 75 га, Эдуарду Мар'янавічу патрабуецца паўтара-два дні.

— Цяпер ужо, будзем спадзявацца, быццам бы наладзілася надвор'е, — кажа ён. — Праўда, даводзіцца аб'язджаць мокрыя ўчасткі: калі яны падсохнуць, будзем дасяваць.

У кожнай культуры норма высеву свая. Але ў сярэднім увясну зямлі трэба аддаць каля 200 кг (або чатыры з паловай мільёна зярнятак!) пасяўнога матэрыялу на гектар. Калі ўсё зрабіць правільна, зямля шчодра ўзнагародзіць сваіх працаўнікоў восенню — гэтыя 200-220 кілаграмаў ператворацца ў 4000 з гектара.

— Летась ураджай нас парадаваў — намалацілі 19 тысяч тон, — кажа Аляксандр Кавалько. — Сёлета спадзяёмся на такі ж, а можа быць, і больш высокі вынік. Бальнасць глебы ў нас нядрэнная для нашага раёна.

Аб прафесійнай годнасці

Для такога важкага прагнозу ў гаспадаркі ёсць усе перадумовы. Вялікі машынна-трактарны парк (каля 70 трактароў, з якіх дзесяць — найноўшыя энерганасычаныя), штат прафесіяналаў, што працуюць як мае быць (у сезон за месяц-паўтара механізатар можа зарабіць і пяць тысяч рублёў), дагледжаныя, з мінулай восені падрыхтаваныя палі.

— Сёлета мы купілі ў гаспадарку яшчэ адзін магутны трактар, — расказаў галоўны аграном. — І да яго — культыватар.

Новую тэхніку даверылі высакакласнаму механізатару — Андрэю Ясевічу.

— Традыцыйна ўсе гаспадаркі аруць на 20, максімум 25 сантыметраў, — кажа ён. — І за гады пад плугам утвараецца так званая падэшва. Яе трэба разбурыць, каб вада сыходзіла глыбока, а расліны атрымлівалі вялікую плошчу сілкавання. Такая падрыхтоўка глебы павысіць ураджайнасць.

На васьмідзесяці гектарах поля, дзе цяпер працуе Андрэй Ясевіч, будзе расці ячмень. У структуры збожжавых, якія вырошчвае гаспадарка, дадзеная культура займае важнае месца. Піваварныя сарты ячменю з Гервят, вырашчаныя з усімі тэхналагічнымі тонкасцямі, пастаўляюцца на ААТ «Белсолад». А ў цэлым, значная частка ўраджаю гаспадаркі накіроўваецца на выраб камбікармоў, іншымі словамі, ад ўраджаю, вырашчанага тут, шмат у чым залежаць якасць і колькасць не толькі раслінных і збожжавых прадуктаў на стале спажыўца, але і мяса, птушкі, малака.

У сярэднім увясну зямлі трэба аддаць каля 200 кг зярнятак на гектар.

У сярэднім увясну зямлі трэба аддаць каля 200 кг зярнятак на гектар.

— Работа на зямлі зацягвае: быццам бы яна цяжкая, часам без выхадных, здараецца — з ненарміраваным працоўным днём, з адпачынкам толькі ў зімовы час. Але людзі працуюць у нашай гаспадарцы, як правіла, дзесяцігоддзямі і не збіраюцца нешта мяняць. Справа не толькі ў тым, што КСУП «Гервяты» — моцная, паспяховая гаспадарка. Сельскагаспадарчая праца дае магчымасць пераканацца ў патрэбнасці і карыснасці сваіх намаганняў. Убачыць вынік — гэта вельмі матывуе. Глядзіш, добра ўрадзілі збожжавыя, і думаеш: гэта маіх рук справа, — дзеліцца Аляксандр Паўлавіч.

Галоўнаму аграному КСУП «Гервяты» — усяго трыццаць. Гаворыць, сярод спецыялістаў і кіраўніцтва гаспадаркі шмат людзей нават маладзейшых. Але сцвярджаць, што тут робяць стаўку толькі на маладых — няправільна. Сакрэт поспеху ў сельскай гаспадарцы (і ў Гервятах тое разумеюць) — у разумным тандэме шматгадовага вопыту работы і маладога жадання «зрушыць горы».

— Вядома, гэта вельмі адказна — карміць краіну. Але часам бывае крыўдна, калі размаўляю з моладдзю, нават са сваімі аднагодкамі, далёкімі ад сельскай гаспадаркі, — дадае суразмоўнік. — Многія з іх не цэняць працу на зямлі: маўляў, што вы там такога важнага робіце? Я тады адказваю: а што вы ясце? Бо ўсё — і тая ж каўбаса, і нават піва — ад аграрнага сектара, ад працы на зямлі. Аднак маладыя людзі не думаюць пра тое, адкуль бяруцца хлеб, малако, мяса, той жа цукар на паліцах крамаў. Мала хто задумваецца, якой працай забяспечваецца харчовая бяспека. Людзі, якія выбралі сельскагаспадарчыя прафесіі і прысвяцілі ім жыццё, на мой погляд, заслугоўваюць самай вялікай павагі.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота Лізаветы ГОЛАД

 

Па матэрыялах газеты "Звязда"

Читайте также: