Главная » Новости » Лента новостей

С чувствами чести, уважения, патриотизма и любви. Кореличчина отмечает 25-летие Государственных флага и герба Республики Беларусь

994

Герб і сцяг нашай любай краіны. У якім кутку свету мы бы не апынуліся, з сотняў іншых на ўзроўні сэрца адразу распазнаем галоўныя сімвалы радзімы. І адначасова, дзякуючы ім, прадстаўнікі другіх народаў без лішніх слоў зразумеюць, што перад імі – беларусы. Дзяржаўныя герб і сцяг Рэспублікі Беларусь, якія сёлета святкуюць 25-годдзе, – гэта больш чым сімволіка. У іх закладзены магутны гістарычны і культурны код нашага народа, які стагоддзі ішоў да таго, каб сёння мы і нашы дзеці жылі ў моцнай, незалежнай, суверэннай і самастойнай дзяржаве.

 Аб’яднаныя духам патрыятызму і любові

Нядзеля, 10 мая, на гадзінніку – 11.00. Па ўсёй Гродзенскай вобласці ў межах акцыі “Сімвал гонару і славы” пад урачыстыя гукі гімна перадавікі вытворчасці, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў разам з таленавітымі дзецьмі і моладдзю паднялі сцягі. Карэліччане таксама прыядналіся да рэгіянальнага праекта і такім асаблівым чынам прывіталі 25-годдзе дзяржаўнай сімволікі ў райцэнтры, ва ўсіх аграгарадках, у г.п. Мір і ва ўстановах адукацыі раёна. Кожны з прысутных, незалежна ад узросту і роду заняткаў, адзначыў, што ўдзел у такой маштабнай акцыі – вялікі гонар і памяць на доўгія гады.

Сваімі асабістымі думкамі пра дзяржаўную сімволіку ў знакавы для нашай краіны дзень падзяліўся старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў:

— Да нашага сцяга я адчуваю пачуццё гонару і годнасці. Складваецца такое адчуванне, што ты дакранаешся да чагосьці вельмі ўсімі любімага. Мне б вельмі хацелася, каб моладзь і ўсе мы адчувалі не проста павагу, але і любоў да гэтага сімвала. Шмат каму з нас вядома пачуццё, калі беларускі сцяг падымаецца на Алімпіядзе. Тады ўсе мы адчуваем пачуццё гонару, радасці і захаплення. Хацелася б, каб такое пачуццё мы адчувалі не толькі падчас спартыўных спаборніцтваў, але і наогул у нашым жыцці. Таму што сцяг і любоў да сцяга — гэта і ёсць праяўленне патрыятызму і любові да нашай Беларусі.

 

 Пад родным сцягам жыві і квітней, Беларусь!

Карэлічы, Райца, Цырын, Жухавічы. У кожным з гэтых месцаў журналістаў газеты “Полымя” 10 мая чакала святочная атмасфера і сустрэча з годнымі людзьмі, што гадамі сумленна працуюць дзеля дабрабыту роднай зямлі.

Старт абласной акцыі “Сімвал гонару і славы”, прысвечанай важнейшым дзяржаўным атрыбутам, быў дадзены на цэнтральнай плошчы г.п. Карэлічы. Удзел ва ўрачыстасці ўзялі раённае кіраўніцтва галін адукацыі, ідэалогіі і культуры, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, ветэранскай арганізацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Белай Русі.

— Чвэрць стагоддзя мы ўшаноўваем Герб і Сцяг, выбраныя воляй беларускага народа галоўнымі сімваламі нашай суверэннай дзяржавы, — адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан. —Сёлета свята дзяржаўнай сімволікі адзначаецца адразу ж пасля знамянальнай для ўсіх нас даты — 75-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкай навалай. І ў гэтым ёсць асаблівы сэнс: названыя падзеі непарыўна звязаны паміж сабой. Калі б не было трыумфальнага мая 1945-га, які пазбавіў свет ад варожай акупацыі, шлях Беларусі да атрымання свабоды і незалежнасці быў бы іншым. Таму сёння мы зноў схіляем галовы перад памяццю аб загінулых і выказваем сардэчную ўдзячнасць нашым ветэранам за тое, што ў ваеннае ліхалецце адстаялі і збераглі краіну, далі ёй шанс на мірны і шчаслівы лёс. Галоўная задача нашчадкаў салдат Перамогі — берагчы пераемнасць традыцый воінскай і працоўнай доблесці беларускага народа, мацаваць эканамічную і сацыяльную стабільнасць Айчыны, мірнымі перамогамі ствараць падставыдля гонару за родную краіну і нашы нацыянальныя колеры. Шчыра зычу вам, шаноўныя жыхары Карэліччыны, вашым родным і блізкім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту і магчымасці далей будаваць сваю будучыню пад мірным блакітам неба. Няхай кожны новы дзень радуе вас і натхняе на добрыя справы!

Сцяг Беларусі над плошчай 17 Верасня ўзняла загадчыца Дома быту Карэліцкага ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва Ганна Міхей.

— Для мяне гэта вялікі гонар, — гаворыць Ганна Яўгеньеўна. — Я з павагай адношуся да нашых дзяржаўным сімвалаў і з задавальненнем прыйшла ў гэты выхадны святочны дзень на цэнтральную плошчу райцэнтра.

Партрэт Ганны Міхей у гэтым годзе занесены на раённую Дошку Пашаны. Жанчына мае амаль 40 гадоў стажу, з якіх большасць працавала закройшчыкам у раённым Доме быту. Як прызнанне яе прафесійных і чалавечых заслуг — нагрудны знак “Выдатнік бытавога абслугоўвання”.

Сцяг пасёлка Карэлічы ўзняла намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Полымя” Аксана Януш.

— На свята я прыйшла з дачкой, — гаворыць Аксана Ігараўна. — Яна вучыцца ў трэцім класе СШ №2 райцэнтра і калі даведалася, што мне выпаў такі гонар, папрасілася са мной. Мая Надзейка, як і яе аднакласнікі, выдатна ведае, што значаць колеры на нашым сцягу і элементы на гербе. Бачна, што дзяцей ужо з пачатковай школы вучаць павазе да дзяржаўнай атрыбутыкі. Нам вельмі прыемна так пачаць раніцу святочнай нядзелі.

Калі герб і сцяг нашай краіны – гонар нацыі, то СВК “Свіцязянка-2003” – раёна і сельскагаспадарчай галіны рэспублікі. Колькі сіл укладзена ў гэты поспех, добра ведае галоўны заатэхнік гаспадаркі Віктар Саўко. Свой працоўны шлях ён пачаў у 1990 годзе. І сёння Віктар Канстанцінавіч мае аўтарытэт граматнага спецыяліста і здольнага кіраўніка, які ўдала ўмее спалучыць вопыт мінулага і новыя тэхналогіі, знайсці падыход і правільную матывацыю да кожнага ў калектыве. Таму менавіта яму было даручана падняць сцяг ад СВК “Свіцязянка-2003”. Для Віктара Саўко гэта стала асаблівай падзеяй, аб чым ён падзяліўся з намі: “Дзяржаўныя сімвалы ўвабралі ў сябе асаблівыя колеры, сэнс якіх зразумелы і блізкі кожнаму беларусу. І калі я гляджу на нашы герб і сцяг, то бачу за імі непаўторную прыроду і мужны народ, які не здаецца перад цяжкасцямі і выпрабаваннямі і ўмее насуперак усяму дасягаць мэты і перамагаць”.

У КСУП “Цырын-Агра” нас чакала сустрэча з яшчэ адным добрасумленным працаўніком – трактарыстам-машыністам Мікалаем Патрашэўскім. Лёс звязаў маладога чалавека з цырынскай зямлёй у 2011 годзе. Давялося працаваць і паляводам, і слесарам. На ўсіх пасадах Мікалай Сяргеевіч праявіў сябе з лепшага боку, неаднаразова прэміраваўся за дасягненне высокіх паказчыкаў. Пасля падняцця сцяга ён адзначыў: “Важна ведаць, хто ты ёсць. Вось у пашпарце напісана, якое ў мяне грамадзянства. Так і іншыя, калі паглядзяць на нашы герб і сцяг, адразу скажуць, што яны належаць Рэспубліцы Беларусь. Дзяржаўныя сімвалы выдзяляюць нас сярод усіх краінаў”.

Такая думка аказалася блізкай і трактарысту-машыністу Дзмітрыю Собалю з СВК “Жухавічы”. Ураджэнец Клецкага раёна, на Карэліччыне механізатар працуе з 2016 года. Справу сваю добра ведае, за рулём сельгастэхнікі – з 2009 года. Таму падымаць сцяг яму даводзіцца не ўпершыню, але кожны раз, дзеліцца малады чалавек, гэта хвалюючы і асаблівы момант: “Для мяне такая падзея – заўжды радасць. Яна сведчыць пра тое, што, калі ты добра працуеш і дасягаеш пэўных вынікаў, то прыходзіць і прызнанне. Так і дзяржаўныя сімвалы не даліся нашай краіне лёгка, за іх нашы продкі змагаліся і не шкадавалі сваіх жыццяў”.

Трактарысты-машыністы Дзмітрый Собаль (справа) і Аляксандр Касцюк

Дзяржаўны сцяг Беларусі ўзняўся і над мехмайстэрнямі СВК “Маяк-Заполле”. Гэтую ганаровую місію выканаў упраўляючы ўчасткам сельгаспрадпрыемства Іван Пятровіч Гавака, які прыехаў да месца ўрачыстасці на службовым УАЗіку, вокны якога ўпрыгожвае намаляваны фарбамі дзяржаўны сцяг.

— На маё аўто ўсе звяртаюць увагу, — кажа Іван Пятровіч. — А мне прыемна, што людзям падабаецца, у іх настрой узнімаецца. Пакуль суха і няма дажджу, яшчэ паезжу так.

Пра сцяг Беларусі Іван Пятровіч гаворыць нешматслоўна, але ёмка:

— Са сцягам у бой ідуць салдаты, абараняючы Радзіму, яго ўздымаюць на Алімпіядах у гонар пераможцаў. Яго нясуць на парадах і дэманстрацыях, і роля сцяганосца — самая ганаровая. Я выдатна памятаю святочныя дэманстрацыі, калі мы, маладыя камсамольцы, горда крочылі ў святочнай калоне пад лунаючымі сцягамі. Гэта наш гонар, наша натхненне.

???????? Любоў да вялікага пачынаецца з любові да малога

25 гадоў мы аб’яднаны пад чырвона-зялёным двукалорам. Аб гэтым ведаюць нават самыя маленькія беларусы: гэтаму іх вучаць з дзіцячага садка і пачатковай школы.

– Любоў да вялікага: Беларусі, яе сцяга і герба – пачынаецца з любові да маленькага: сваёй вёсачкі, школы і землякоў, — упэўнена настаўнік пачатковых класаў Красненскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа, педагог-інаватар Ірына Генрыкаўна Рабко– Вядома, дзеці ведаюць, як выглядаюць нашы герб і сцяг, але галоўнае – навучыць паважаць і шанаваць іх.

І гэтая павага бачная ўжо на школьным двары: ні адной паперкі або сарванай кветачкі. І гэта не проста заслуга дворніка. Дзеці самі клапоцяцца пра чысціню, не кідаюць абы дзе смецце, дапамагаюць высаджваць кветкі. Дарэчы, сапраўднае упрыгожванне школьных клумбаў – пяціканцовая зорка, такая, што вянчае герб Беларусі.

Як вішня на святочным торце – танец красненскіх школьнікаў з беларускім двукалорам на ўрачыстых школьных лінейках.

– Дзяўчаты-старшакласніцы выконваюць танец, трымаючы ў руках чырвонае, зялёнае і белае палатно, – расказвае Ірына Генрыкаўна. – І гэта таксама напаўняе іх гонарам, амаль як нашых спартсменаў-пераможцаў на Алімпіядзе. Малодшыя школьнікі глядзяць на гэта і таксама вучацца.

Гімн Беларусі ведаюць усе школьнікі: ад першачкоў да выпускнікоў– і падчас святаў спяваюць яго разам з кіраўніцтвам мясцовага сельгаскааператыва і сельсавета, ветэранамі вайны і працы.

Для вучняў і педагогаў сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы свята дзяржаўнай сімволікі Рэспублікі Беларусь таксама мае глыбокі сэнс і напоўнена выключнымі эмоцыямі. На школьным падворку нас сустракаюць у форме і выдатным настроі прадстаўнікі класа прававога напрамку – Лізавета ШавейкаКсенія ШавейкаАнтон ПярэськаМарыя ТалакаКарына СасКарына Грамыка і Анастасія Ламака. Іх суправаджае настаўнік англійскай мовы, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Анастасія Літвін.

Педагог слушна заўважае: “Сёння дзівосны дзень. Мы маем мірнае неба над галовой, незалежнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. І як сімвалы гэтага багацця – нашы герб і сцяг, якія адлюстроўваюць гераічную барацьбу мінулых пакаленняў, традыцыі дзяржаўных асноў і духоўныя каштоўнасці беларускага народа. Хай яны і надалей натхняюць нас на добрыя справы дзеля моцнай і квітнеючай краіны, дзеля міру і дабрабыту нашых сем’яў”.

Васьмікласніца Лізавета Шавейка дадае: “Дзяржаўныя герб і сцяг – духоўны арыенцір для маладых беларусаў. І мы, як вучні класа прававога напрамку, усведамляем значнасць гэтых неад’емных сімвалаў суверэннай Беларусі, іх адметную гістарычную ролю ў захаванні грамадскай згоды і адзінства на беларускай зямлі. Яны аб’ядноўваюць жыхароў краіны ў адну сям’ю, адлюстроўваюць веліч і хараство нашай радзімы, пераемнасць і сувязь пакаленняў. І калі мы падымаем сцяг, то нашы сэрцы напаўняе любоў да Беларусі, і адначасова мы адчуваем адказнасць за яе светлую будучыню”.

Шмат цікавага і ўзнёслага чуем мы і ад вучняў сярэдняй школы №2 г.п. Карэлічы падчас іх разважанняў пра значнасць дзяржаўных сімвалаў нашай краіны.

Аляксей ШАБАН, вучань 3 «Б» класа:

– Гэтак жа, як у кожнага чалавека ёсць імя і прозвішча, так і ў нашай краіны ёсць дзяржаўныя сімвалы. Мы не часта ўспамінаем пра іх. Але калі раптам з’яўляецца нейкая небяспека, якая пагражае ўсім нам, напрыклад, вайна, ці, наадварот, здараецца ўсеагульная радасць –перамога ў спартовых спаборніцтвах, тут якраз і здараецца, што дзяржаўная сімволіка гэта то, што дапамагае беларусам адчуць сваю агульнасць, адзінства, згуртавацца ў адно цэлае.

Надзея ЯНУШ, вучаніца 3 “Б” класа:

– Дзяржаўныя сцяг, герб і гімн – афіцыйныя сімвалы, якія адрозніваюць нашу краіну ад іншых. Мне здаецца, што кожны жыхар Беларусі павінен ведаць не толькі, як выглядаюць сцяг і герб, але і ведаць словы дзяржаўнага гімна. Калі на школьнай лінейцы гучыць гімн, мы з аднакласнікамі дружна падпяваем, бо мы ганарымся сваёй краінай.

Аляксей ДОРАШ, вучань 3 “Б” класа:

– Сцяг, герб і гімн – дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь, якія натхняюць людзей, выклікаюць асаблівыя адносіны да сваёй краіны, да горада альбо пасёлка, у якім яны жывуць. Я лічу, што ведаць дзяржаўную сімволіку краіны неабходна ў першую чаргу для самога сябе. Менавіта тады цябе будуць паважаць іншыя народы і дзяржавы.

Аліна МАЛЕЦ, вучаніца 9 “Б” класа:

– Дзяржаўныя сімвалы Беларусі – гэта спадчына нашай краіны, якой я ганаруся. Падчас кожнай гістарычнай эпохі нештазмянялася, аднак нязменным было і ёсць адно – Беларусь з’яўляецца мірнай і незалежнай. Я лічу, што кожны грамадзянін краіны павінен паважаць дзяржаўныя сімвалы, ведаць іх гісторыю і абазначэнне. У той жа час да сімвалаў іншых краін мы павінны таксама ставіцца паважліва.

Ягор ПАДЛІПСКІ, вучань 9 “Б” класа:

– Калі я гавару пра дзяржаўныя сімвалы краіны, перад вачыма пралятае яе гісторыя, яркія моманты яе развіцця і станаўлення. Сцяг, герб і гімн выклікаюць у людзях патрыятызм і асаблівыя адносіны да Радзімы. Веданне і павага да сімвалаў Беларусі даюць права кожнаму з нас называцца грамадзянінам краіны. Упэўнена, што афіцыяныя сімвалы дзяржавы – гэта твар краіны, яе індывідуальнасць і адна з прыкмет незалежнасці.

Лера КУЧЫНСКАЯ, вучаніца 9 “Б” класа:

– Сімвалы нашай краіны вывучаюць ужо ў пачатковай школе. І я лічу, што гэта правільна. Любоў да краіны неабходна фарміраваць з дзяцінства, выхоўваць патрыятычныя пачуцці з малодшых класаў. Мы вучылі словы гімна напамяць, даведваліся аб значэнні колераў сцяга і элементаў герба. Гэта павінен ведаць кожны. Бо сімволіка дзяржавы – гэта тое, што адрознівае краіну ад іншых, надае ёй рысы індывідуальнасці.

Усмешкамі вітаюць нас у Райцаўскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа чацвёртакласнік Ягор Маркевіч, дзесяцікласніца Паліна Саладуха, дзевяцікласніцы Ганна Мажэйка і Юлія Фурс, васьмікласніца і лідар піянераў установы Юлія Садлінская разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, старшым захавальнікам фондаў школьнага музея Святланай Варава. Усе кажуць пра тое, што ў юбілей падымаць сцяг асабліва прыемна, успамін пра гэта назаўжды застанецца ў памяці. Паліна Саладуха ўжо які год у школе мае такі гонар: “Падняць сцяг – не толькі сведчанне высокіх вынікаў у вучобе і грамадскім жыцці, але яшчэ і адказнасць, бо трэба і надалей трымаць пазіцыі і імкнуцца да лепшага”.

Вучаніцу падтрымлівае і Святлана Варава: “Важна закласці ў дзяцей не толькі веды, але і павагу з любоўю да радзімы і яе сімвалаў. Гэтаму мы надаем значную ўвагу на класных гадзінах, падчас школьных мерапрыемстваў. І мы бачым плён: нашы вучні растуць годнымі людзьмі і сапраўднымі грамадзянамі”.

Дружная каманда выдатнікаў вучобы, спартсменаў і школьных актывістаў у складзе шасцікласнікаў Дар’і БарысікМікіты КачкарыкаДзмітрыя ШулякаНікі Гомза і адзінаццацікласніка Яўгенія Шчэрбы разам з намеснікам дырэктара ўстановы па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жаннай Мохань чакаюць нас у Цырынскім ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Хлопчыкі і дзяўчынкі радуюць глыбокімі ведамі па дзяржаўнай сімволіцы. Так, Яўгеній Шчэрба, які ўжо не першы год прадстаўляе наш раён на алімпіядах па гісторыі і грамадазнаўству, удзельнічае ў адпаведных конкурсах і праектах, падкрэслівае: “Кожнаму беларусу варта як мага больш ведаць пра дзяржаўныя сімвалы. Бо гэта галоўныя атрыбуты нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту, у іх закладзены ідэі свабоды, незалежнасці, нацыянальнага адзінства і духоўнай моцы Беларусі”.

Жанна Мохань дадае: “Нездарма ні адна значная падзея, што ў нашай краіне, што па-за яе межамі, напрыклад, падчас міжнародных спаборніцтваў, не абыходзіцца без нашага сцяга. І няма таго беларуса, які ў такія імгненні не адчувае гонар за нашу рэспубліку, за цудоўных і працавітых людзей, якія тут жывуць”.

Калі набліжаешся да Жухавіцкай сярэдняй школы, дух захоплівае ад хараства квітнеючага сада. А над ім на вольных майскіх вятрах развяваецца сцяг Рэспублікі Беларусь. І падняць яго ў юбілейную для дзяржаўных сімвалаў дату даручана лепшым. Аляксандра Полагава разам з творчай Маргарытай Звонка занесена на дзіцячую раённую Дошку пашаны і з’яўляецца, як і Эльвіра Аўчук, членам Маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў, Лізавета Варанко дэманструе выключныя поспехі ў вучобе, а Ілья Богуш і Мікіта Ціхан – у спорце. Ад педагогаў установы ва ўрачыстай падзеі прымае удзел настаўнік фізікі Іван Мароз, які адзначае: “Найперш хочацца з нагоды дзяржаўнага свята пажадаць жыхарам Карэліччыны моцнага здароўя, плённай працы і вучобы, поспехаў ва ўсіх пачынаннях. Сёння мы маем шмат нагод ганарыцца сваёй краінай і малой радзімай, і хай іх будзе яшчэ больш!”

Аляксандра Полагава прыядноўваецца да цёплых віншаванняў: “Мы ведаем, які складаны шлях прайшла Беларусь, каб мець уласныя дзяржаўныя сімвалы. І асабіста мне хочацца зрабіць у сваім жыцці штосьці надзвычайнае і карыснае, каб слаўныя справы і дасягненні мінулых пакаленняў працягваліся ў нас, нашчадках”.

Таксама святочным настроем з дапамогай мэсанджараў падзяліліся і іншыя прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі. У Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжы ганаровы абавязак узняць сцяг Рэспублікі Беларусь даручылі навучэнцу 1 курса, пераможцу абласнога этапа “Worldskills Belarus 2020” Уладзіславу Чакулаеву, у КСУП “Лукі-Агра” — трактарысту-машыністу Андрэю Штэйну, які мае медаль “За працоўныя заслугі”, у КУСП “Чарняхоўскі-Агра” — трактарысту-машыністу Віталію Загібайлаву, занесенаму на Дошку пашаны прадпрыемства (на фота знізу ў адпаведным парадку).

Напрыканцы адзначым, што асаблівыя ўзрушлівыя словы гучалі 10 мая ва ўсіх кутках Карэліччыны, а сцягі былі паднятыя не толькі ва ўстановах, арганізацыях, на прадпрыемствах, у цэнтрах аграгарадкоў і гарадскіх пасёлкаў, але і на падворках жыхароў раёна. Атрымалася сапраўднае свята адзінства нашага народа.

polymia.by

Читайте также: