Главная » Новости » Лента новостей

Пра клопаты меліяратараў расказаў дырэктар Астравецкага ПМС Вадзім Вянгроўскі

220

Шмат дзесяцігоддзяў рука аб руку ідуць аграрыі і меліяратары. Дзякуючы першым, у нас ёсць хлеб на стале і да хлеба, дзякуючы другім – у краіне павялічваецца колькасць сенакосаў і пашы, а значыць, расце вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. 

У першую нядзелю чэрвеня ў Беларусі адзначаецца Дзень меліяратара. Астравецкі райкам прафсаюза работнікаў АПК павіншаваў работнікаў са святам. Падзякі і падарункі атрымалі Шэміс Валянціна Альдэраўна, бухгалтар; Кацінэль Валерый Вайцяховіч, машыніст экскаватара; Грынцэвіч Аляксандр Генадзевіч, дапаможны працоўны; Каспяровіч Генадзь Тамашэвіч, машыніст экскаватара; Багатка Рыгор Сцяпанавіч, гл. інжынер. 

З гэтай нагоды дырэктара Астравецкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Вадзіма Вянгроўскага мы папрасілі  адказаць на некалькі пытанняў. 

– У працаўнікоў сельскай гаспадаркі, калі верыць народнай мудрасці, самая напружаная пара – восень, калі «работ восем». Ці ёсць у меліяратараў крылатыя выслоўі пра працу і калі найбольш клопатаў?

– Найбольшы фронт – з вясны да восені. Зімой, у  студзені-лютым, правядзенне работ ускладняе тэндарная сістэма. Таму ў гэтыя месяцы з графіка крыху выпадаем, але, зазначу, пачынаючы з 2-га квартала тэмпы наганяем.

Лета ва ўсіх сэнсах гарачая пара. Пачынаецца тэхнічнае абслугоўванне меліярацыйных каналаў, на балансе ПМС іх каля 700 кіламетраў. Па заданні на кожнай тысячы метраў траву пакласці трэба ў пракосы з каэфіцыентам каля 1,3 – атрымліваецца каля 900. Па кожным кіламетры робім мінімум 6, а то і 8 праходаў – гэта абумоўлена рэльефам і асаблівасцямі каналаў. На абслугоўванні задзейнічаны 7 механізаваных касілак і 5-6 чалавек з мотакосамі, якія дапрацоўваюць участкі, куды не можа зайсці тэхніка. Галоўнае, каб каналы не зарасталі травой і кустоўем, не заглейваліся – тады будзе нармальная цыркуляцыя вады. 

Працягваюцца работы па рэканструкцыі аб’ектаў у КСУП «Варняны» і «Гервяты». Першы, «сацвёска», размешчаны непадалёк атамнай электрастанцыі і займае каля 115 гектараў. Хутка будзем яго здаваць. Другі аб’ект плошчай 120 гектараў знаходзіцца ў Якентанах. Здача меліярыраваных зямель запланавана на кастрычнік. Думаю, што ўправімся да пачатку азімай сяўбы – і ўчастак, які быў няўдобіцай, дзякуючы і нашым намаганням, стане ўрадлівай пашой ці сенажаццю. 

У чэрвені распачнём работы на іншым участку побач з малочна-таварным комплексам «Беразоўка» КСУП «Варняны». У планах – выдаленне хмызняку, пракладанне дрэнажу і прамыўка каналаў, апрацоўка верхняга слоя глебы. Будуем аб’екты для зручнага пад’езда, павялічваем колькасць труб. 
Галоўная задача – дадаць у сельгасзварот землі, што дазволіць аграрыям адводзіць новыя плошчы пад сенакосы і пашу, тым самым паляпшаць кармавую базу. У свеце апошніх падзей харчовая бяспека краіны выходзіць на першы план. Для нарошчвання малочнай і мясной вытворчасцей трэба павялічваць сельгасплошчы. 

– Якія паслугі аказваеце насельніцтву?

– Вясной і восенню папулярнасцю карыстаецца завор­ванне, дыскаванне глебы на прысядзібным ці дачным участках. Па меры магчымасці аказваем паслугі людзям і стараемся нікому не адмаўляць, хоць гэта не профільны від дзейнасці.


Генадзь Каспяровіч завіхаецца непадалёк ад вуліцы Бараноўка

– Ці дазваляе машынна-трактарны парк спраўляцца з пастаўленымі задачамі?

– Абнаўляць тэхніку такімі тэмпамі, як хацелася б, канешне, немагчыма – але мы працуем у гэтым накірунку. Думаю, па гэтым пытанні павінны з’явіцца пэўныя дзяржаўныя праграмы, улічваючы патрабаванне Прэзідэнта на нарадзе па абмеркаванні праекта закона аб удасканаленні сацыяльна-эканамічнай палітыкі падвоіць тэмы меліярацыі. Камерцыйныя прапановы на новую тэхніку нас пакуль не здавальняюць, лічу, што значна завышаны працэнтныя стаўкі. 

Аўтапарк мы падтрымліваем у рабочым стане. Састарэлыя машыны спісваем, калі разумеем, што ўкладанні ў іх рамонт не дадуць ніякага эканамічнага эфекту.

Дастаткова сур’ёзна абнаўлялі машынна-трактарны парк у 2009 і 2012 гадах. Апошняе самае значнае набыццё – буйнагабарытны экскаватар – зрабілі ў 2020-м. Перыядычна абнаўляем навясныя касілкі для абслугоўвання меліярацыйных каналаў, набываем невялікія трактары айчыннай вытворчасці. 

– Як з гадамі змянілася спецыфіка работы меліяратараў і вашага прадпрыемства?

– Раней асноўным клопатам меліяратараў было будаўніцтва сістэм. Цяпер на першы план выходзіць іх рэканструкцыя і догляд за каналамі. 
Варта разумець, што ў Астравецкім раёне меліярацыя з большага асушальная і накіравана на тое, каб на меліярацыйных землях (75-80% ад агульнай іх колькасці) гаспадаркі займаліся вырошчваннем кармоў. Раней былі арашальныя станцыі ў Гервятах, Малях, але з часам яны сышлі ў нябыт за непатрэбнасцю. Улічваючы непрадказальнае надвор’е апошніх гадоў, змяшчэнне тэрмінаў асноўных сельскагаспадарчых кампаній, магчыма, мы вернемся да выкарыстання арашальных сістэм – але кропкава, не масава. Для ра­зумення: меліярацыйныя каналы на Астравеччыне знаходзяцца пад ухілам і вада пастаянна трымаецца не на вялікай адлегласці. На больш раўніннай мясцовасці, напрыклад, у Брэсцкай вобласці, гэта распаўсюджана: закрыў адзін затвор – і сотні гектараў атрымалі неабходную вільгаць. 

Спецыфіка работ з гадамі змяняецца: на ўзбраенні з’яўляецца больш магутная і прадукцыйная тэхніка.

– Кажуць, статыстыка ведае ўсё. Вадзім Станіслававіч, раскажыце ў лічбах і фактах пра работу вашага прадпрыемства. 

– Летась рэнтабельнасць склала каля 10% – гэта доб­ры паказчык для арганізацыі з самаакупнасцю. Сярэдняя заработная плата за мінулы год – каля 950 рублёў – гэта трэці паказчык у вобласці сярод прад­прыемстваў ме­ліярацыйных сістэм. Думаю, што гэты год будзе не горшым за мінулы. 

– За лічбамі стаіць праца людзей. Каго па традыцыі можаце адзначыць напярэдадні прафесійнага свята? 

– Сапраўды, любое прадпрыемства ці арганізацыя трымаецца на людзях. Касцяк Астравецкага ПМС – работнікі, якія аддалі раённай меліярацыі не адно дзесяцігоддзе, і новая змена – маладыя і надзейныя кадры. Удзячны за працу галоўнаму інжынеру і па сумяшчальніцтву майму першаму намесніку Рыгору Багатка, намесніку па механізацыі Віктару Лазоўскаму, бухгалтару-дыспетчару Валянціне Шэміс, старшаму інспектару па кадрах Людміле Хацялоўскай, машыністам экскаватара Валерыю Кацінелю, Алегу Мельнічуку, Генадзю Каспяровічу, Валерыю Якелю, машыністам бульдозера Лявону Ражко, Віталю Вянгроўскаму, Дзянісу Скарульскаму, трактарыстам Валерыю Каспяровічу, Арцёму Янкоўскаму, Алегу Дрэма, вадзіцелям Генадзю Якелю, Віктару Мілешку, Анатолю Яскулоўскаму, Іосіфу Вянгроўскаму і іншым. 


Машыніст бульдозера Лявон Ражко ў раённай меліярацыі 46 гадоў

– Што вас, як кіраўніка, радуе і засмучае?

– Усцешаны, што Астравецкае ПМС піша сваю гісторыю цягам 61 года. Яно зведала перыяд росквіту ў савецкі час, калі тут працавала каля тысячы чалавек, і складаныя моманты падчас развалу Саюза. Пры ўсіх складанасцях і нюансах працаваць можна і патрэбна. Лічу, што наша работа запатрабавана. Колькі будзе існаваць аграпрамысловы комплекс у Беларусі, столькі будзе развівацца і меліярацыя. Ад агульнай колькасці зямель каля 20-30% – меліярыраваныя, і іх трэба ўтрымліваць у належным стане. Радуе, што да нас прыходзіць працаваць моладзь.

– Што пажадаеце калегам напярэдадні свята?

– Работнікам і ветэранам раённай меліярацыі жадаю здароўя. Няхай у вашых сем’ях і дамах пануюць спакой і ўзаемаразуменне, а справа жыцця, якую вы аднойчы абралі, прыносіць задавальненне і прыбытак. Будзьце шчаслівымі!


ЛІЧБЫ і ФАКТЫ

* Каля 70 чалавек працуе ў Астравецкім ПМС.

* Экскаватаршчык Франц Паташкевіч – адзіны на Астравеччыне і Гродзеншчыне, хто ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы і ордэна Леніна.

* Астравецкае ПМС адлічвае гісторыю з 19 мая 1961 года, калі было створана будаўніча-мантажнае ўпраўленне меліярацыі для правядзення работ на тэрыторыі Астравецкага, Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў.

* Першы дырэктар – Іван Бек­рэнь. 



Читайте также: