Главная » Новости » Лента новостей

На кану – харчовая бяспека, або тэхніка поспеху. У Карэліцкім раёне ўзнагародзілі механізатараў за якасную падрыхтоўку тэхнікі да вясновай пасяўной

84

Дзесяць механізатараў Карэліччыны ўзнагародзілі за якасную падрыхтоўку тэхнікі да вясновай пасяўной

Мікалай Багушэвіч

 

Сяргей Ермаловіч

Дзмітрый Сіроцін

Прымаўка гаворыць, што нялёгкая праца хлебароба ацэньваецца ўраджаем. Гэта сапраўды вянец працы аграрыяў. Але каб вырасціць годны ўраджай, трэба сустрэць чарговы палявы сезон у поўнай тэхнічнай гатоўнасці. На Карэліччыне адзначылі механізатараў, якія з адказнасцю паставіліся да даручанай справы і якасна падрыхтавалі  тэхніку да сяўбы.

Днямі старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Пянькоўская і намеснік  начальніка аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Конан  уручылі Падзячныя пісьмы і падарункі Карэліцкага райкама прафсаюза работнікаў АПК за  добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі і адказнае стаўленне да выканання сваіх прафесійных абавязкаў падчас падрыхтоўкі тэхнікі да веснавой сяўбы 2024 года.

Накіраваліся ў  гаспадаркі рэгіёна, дзе, вітаючы аграрыяў, Ірына  Леанідаўна адзначыла, што механізатары – людзі надзейныя і адказныя. На іх заўсёды можна разлічваць, яны ніколі не падвядуць. Пажадала аграрыям здароўя, дабрабыту і добрых вынікаў у нялёгкай справе.

У СВК “Маяк-Заполле”  павіншавалі трактарыста-машыніста Мікалая Багушэвіча. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся – гэта пра яго. У родную гаспадарку  прыйшоў адразу пасля школы. І працуе вось ужо трыццаць гадоў. Паказвае маладым асабісты прыклад і дзеліцца вопытам.

Наступны прыпынак зрабілі ў мехмайстэрні ДП “Племзавод Карэлічы”, дзе павіншавалі слесара па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчай тэхнікі Дзмітрыя Ерамецьку.

      

– З дзяцінства любіў   вазіцца з тэхнікай. Таму пасля заканчэння  школы і вырашыў звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Працаваў механізатарам  у розных месцах. А сюды ўладкаваўся слесарам, праца мне падабаецца, прыемна, што яна адзначана з боку кіраўніцтва, – падзяліўся  Дзмітрый Міхайлавіч.

З усмешкай на вуснах вітаў нас на мехдвары трактарыст-машыніст ДП “Малюшычы” Аляксандр Гіз,  які не аднойчы за сваё сумленнае стаўленне да абавязкаў атрымліваў падарункі і ўзнагароды, а ў мінулым годзе  па лініі прафсаюза адпачываў  у санаторыі. Ён ужо два гады  запар працуе   на энерганасычаным  “Беларус-3522”.  Праца даспадобы механізатару, бо  амаль за трыццаць гадоў прывык шмат працаваць, нават у выхадныя гэта ўсё не ў цяжар.

Трактарысты-машыністы СВК “Свіцязянка-2003” Андрэй Уласевіч і Дзмітрый Сіроцін лічаць, што  любая тэхніка патрабуе да сябе пільнай увагі і гаспадарскага падыходу.  Нікому  не сакрэт, што чым якасней падрыхтуеш агрэгаты да палявых работ, тым больш упэўнена і спакойна будзеш адчуваць сябе падчас гарачай пары. Зваршчыкі, токары, кавалі, трактарысты – людзі розных прафесій  ужо з канца лістапада пачынаюць працаваць над адной агульнай справай: прывядзеннем сельгасмашын у належны стан.

Аляксандр Гіз

Ірына Пянькоўская і Аляксандр Конан віншуюць Аляксандра Крывіцкага

Мікалай Каралько

Андрэй Уласевіч

– А наколькі эфектыўна спрацуем сёлета, убачым, калі будзем збіраць ураджай, – зазначыў  Андрэй Мікалаевіч.

У ДП “Лукі-Агра” шчырымі словамі і падарункамі віталі электрагазазваршчыка Сяргея Ермаловіча. Мужчына, акрамя асноўнай работы, кожны год падчас уборкі ўраджая працуе на зернесушылцы, а сёлета,  падчас пасяўной кампаніі, з вялікім задавальненнем сеў за руль “Расы”. На пытанне, у чым сакрэт яго поспеху,  толькі плячыма паціскае: “Напэўна, у тым, што я люблю сваю работу. Без гэтага нічога ў мяне не атрымалася б”.

Прыемныя словы ў свой адрас пачуў і трактарыст-машыніст гэтага ж сельгаспрадпрыемства Мікалай Каралько.

– Хтосьці зваршчыкам нарадзіўся, нехта – юрыстам, а я вось механізатарам. Сапраўды, з самага дзяцінства цягнула да ўсяго гэтага: да тэхнікі, да палёў.

Аляксандр Гурскі, трактарыст-машыніст ДП “Чарняхоўскі-Агра”, – адзін з лепшых работнікаў гаспадаркі.  Сёння ён працуе на сеялцы. Гэтая праца  складаная, таму што патрабуе асаблівай акуратнасці і дакладнасці. Важна не зачапіць  камень і не зламаць сеялку, своечасова правяраць, каб ад сырой зямлі не забіліся сашнікі-адтуліны, з якіх высыпаецца насенне. Таксама  трэба сачыць за тым, каб зярняткі траплялі ў строга адведзеныя баразёнкі, каб радочкі былі роўнымі. Для гэтага трактарыст часцяком  выходзіць і правярае абсталяванне. А сур’ёзнае стаўленне да даручанай справы – адзін з асноўных пастулатаў вопытнага механізатара.

Таксама лідар прафсаюзнай арганізацыі раёна ўручыла ўзнагароды і каштоўныя падарункі  членам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу слесару па рамонце сельгасмашын і абсталявання СВК “Жухавічы” Аляксандру Крывіцкаму і трактарысту ААТ  “Карэлічы-Лён” Аляксандру Кнышу.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара

По материалам газеты "Полымя"

Читайте также: