Главная » Новости » Лента новостей

Лепшых працаўнікоў адзначылі ў Астравецкім раёне

698

У па-сямейнаму цесным крузе, але ўрачыста, з віншаваннямі і ўзнагародамі, песнямі і танцамі падвялі вынікі года і адзначылі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці супрацоўнікі КСУП «Варняны», “Гервяты”, “Гудагай”, “Міхалішкі” і РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.

На жаль, каронавірус перашкодзіў арганізаваць раённыя «Дажынкі», аднак заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў. З прафесійным святам – Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці адправіліся віншаваць старшыня райвыканкама, яго намеснікі, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання і раёнага камітэту прафсаюза работнікаў АПК.

Лепшых работнікаў КСУП “Гудагай” прывітаў старшыня Астравецкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Шалудзін. Ён назваў імёны пераможцаў раённага сельскагаспадарчага спаборніцтва ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, якое штогод ладзіць упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання.

– Па добрай традыцыі пасля завяршэння ўборачнай кампаніі мы сустракаемся з лепшымі прадстаўнікамі аграпрамысловага комплексу, каб выказаць ім падзяку за нялёгкую работу. З-за эпідэмічнай сітуацыі форма правядзення свята аграрыяў сёлета змянілася: урачыстасць прайшла асобна ў кожным сельскагаспадарчым прадпрыемстве, падчас якой перадавікі атрымалі узнагароды, – адзначыў Ігар Яраслававіч. – Мы завяршаем год з добрымі паказчыкамі. Варта адзначыць, што аграпрамысловы комплекс стаў драйверам раёна. Валавы намалот склаў 61,5 тысяч тон, ці 142% да ўзроўню мінулага года, пры ўраджайнасці 35,6 цэнтнера з гектара. Найбольш урадзіла ніва ў КСУП «Гудагай» – на круг хлебаробы сабралі амаль 49 цэнтнераў. Валавы збор рапсу склаў амаль 8 тысяч тон. Накапана больш за 61 тысячу тон цукровых буракоў і 3,2 тысячы тон бульбы. Сабрана больш за 1 тысячу тон яблыкаў. Да зімне-стойлавага перыяду ў гаспадарках раёна нарыхтавана 29 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву – гэты паказчык таксама пераўзышоў мінулагодні. Прыемна, што ў КСУП «Гудагай» ён складае амаль 34 цэнтнеры кармавых адзінак.

Аб’ём вытворчасці ў жывёлагадоўлі вырас на 104,3%. За 10 месяцаў бягучага года атрымана 5,5 тысячы тон мяса і 53 тысячы тон малака. Сярэднераённы надой ад каровы склаў 5 171 кілаграм. Лідарам малочнай вытворчасці па-ранейшаму застаўся КСУП «Гудагай» з паказчыкам 7 489 кілаграмаў малака ад каровы – гэта «плюс» 417 кілаграмаў да 2019-га. Прыемна адзначыць, што на малочна-таварным комплексе «Германішкі» да канца года чакаецца надой ад каровы больш за 11 тысяч кілаграмаў.

Не ведаючы выхадных, вы працуеце, каб у кожнай сям’і на стале быў хлеб, мяса, малако, гародніна. Ваша праца – залог сацыяльнай стабільнасці і дабрабыту кожнага з нас. Асаблівую падзяку адрасую ветэранам сельскагаспадарчай галіны.

Жадаю моцнага здароўя, аптымізму і дабрабыту, міру і дабра! Са святам, дарагія землякі!

Пераможцам раённага спаборніцтва ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі сёлета, як і ў мінулыя гады, стаў КСУП «Гудагай». Яго дырэктар Эдуард Садоўскі адтрымаў з рук старшыні райвыканкама пераходзячыя кубкі.

У абласным спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў на жніве перамог тандэм камбайнераў у складзе Сяргея Трусевіча і Сяргея Семянцова. Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання атрымала начальнік МТК «Германішкі» Галіна Карвэцкая, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь узнагароджаны галоўны заатэхнік КСУП «Гудагай» Віктар Алёкса, Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы Астравецкага райвыканкама атрымалі дырэктар КСУПа Эдуард Садоўскі і яго намеснік Андрэй Вінча.

Абмакам і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу таксама аддзячылі за добрую працу лепшым работнікам сельскай гаспадаркі. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула падзякаваў за добрасумленную працу, пажадаў пераадольваць усе перашкоды на жыццёвым шляху, упэўнена ісці да пастаўленых мэтаў.

Па выніках работы ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі сёлета КСУП “Гервяты” заняўо 2-е месца ў раёне. За высокімі паказчыкамі стаяць людзі, якія з дня ў дзень шчыруюць у полі, на фермах, перапрацоўчых цэхах – гэта ім мы павінны дзякаваць за хлеб, малако, мяса і гародніну на нашых сталах.

– Вы – людзі высакароднай працы, якія заслугоўваюць вялікай павагі і ўдзячнасці, – адзначыў у віншаванні намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Бычко. – Шкада, ва ўмовах складанай эпідэмічнай сітуацыі з-за каронавіруса мы сёлета павінны адмовіцца ад традыцыйнага святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Але не адзначыць вашу працу проста немагчыма, таму хоць мы і сабраліся ў невялікім фармаце, але віншуем і дзякуем за працу ад усёй душы. Ведаю, што і сёння не ўсе работнікі гаспадаркі змаглі прыйсці, бо знаходзяцца на сваіх рабочых месцах – у полі ці на ферме. Нізкі вам паклон за добрасумленную працу, прафесіяналізм і прыхільнасць да сваёй справы. Здароўя, дабрабыту, поспеху, міра і дабра вам і вашым сем’ям.

– Мне вельмі хацелася прыехаць на свята менавіта да вас, – адзначыў Іван Мар’янавіч Карніла. – Бо ваш калектыў стаў на шлях пад’ёму і актыўнага развіцця. І пацвярджэнне гэтаму – вынікі сельскагаспадарчага спаборніцтва, якое праходзіла ў раёне. РУП «Саўгас «Падольскі» заслужана ўвайшоў у тройку лепшых як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Прыемна, што сярод працаўнікоў, якія былі прызнаны лепшымі ў прафесіі, ёсць і вашы імёны.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Рэната Яфімава і Сяргей Паляшчук прыехалі да «міхалішкаўцаў», каб падзякаваць за працу і ўручыць узнагароды і падарункі перадавікам.

Нешматлюднае – арганізатары прытрымліваліся рэкамендацый аб прафілактыцы распаўсюджання каронавіруснай інфекцыі COVID-19 – мерапрыемства прайшло ў сельскім Доме культуры.

Расказаўшы пра паказчыкі, з якімі раён заканчвае сельскагаспадарчы год, Ірына Эдуардаўна падкрэсліла:

– На жаль, паказчыкі КСУП «Міхалішкі» пакуль не дацягваюць да тых, што дасягнулі «Гудагай» ці «Гервяты». Але вашы рэкорды, упэўнена, наперадзе: флагманы таксама ішлі да сённяшніх вынікаў не адзін год. Хачу, каб вы ведалі: мы цэнім вашу працу. Кажуць, таму, хто першым устае, Бог даруе адзін грэх. У гэтай зале сабраліся людзі, якія часта будзяць раніцу.

Ва ўтульнай зале Варнянскага аддзела культуры і вольнага часу сабраліся лепшыя працаўнікі гаспадаркі, якія былі ўзнагароджаны граматамі, падзякамі, прэміямі і падарункамі. Прывітаў удзельнікаў урачыстасці намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Павел Мілешка:

— Сёння Астравеччына святкуе Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Гэта, калі так можна сказаць, адно з важнейшых святаў у нашай краіне і раёне – да яго мы рыхтуемся цэлы год. Віншую ўсіх працаўнікоў. Жадаю поспехаў, каб вы з задавальненнем прыходзілі на работу, няхай вашы паказчыкі з кожным годам становяцца лепшымі. Праца сельгасработнікаў неацэнна, бо вы выконваеце галоўную ролю – забяспечваеце харчовую бяспеку нашай краіны, – адзначыў Павел Віктаравіч. – Сёлета мы атрымалі нядрэнны ўраджай. Валавы збор зерня па раёне склаў 61,5 тысячы тон, або 142,3 % да ўзроўню мінулага года. Свой уклад у агульны каравай ўнеслі і працаўнікі КСУП «Варняны».

Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы ад абкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі:

Вольга Адула, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання,

Яніна Гродзь, галоўны бухгалтар КСУП «Гудагай»,

Станіслаў Барташэвіч, трактарыст-машыніст КСУП «Гервяты»,

Андрэй Стаповіч, начальнік свінагадоўчага комплексу КСУП «Варняны»,

Генадзь Емяльян, вадзіцель КСУП «Міхалішкі»,

Людміла Казлоўская, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»,

Яніна Радзіончык, бухгалтар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі»,

Марыя Карэйва, галоўны бухгалтар Астравецкай райветстанцыі,

Часлаў Лісоўскі, вадзіцель Астравецкай сельгастэхнікі,

Віктар Ждановіч, токар прадпрыемства меліярацыйных сістэм,

Уладзімір Каспяровіч, вадзіцель селекцыйна-племяннога цэнтра жывёлагадоўлі.

 

Па матэрыялах «Астравецкай праўды»

Читайте также: