Главная » Новости » Лента новостей

Гонар раёна: загадчык зернесклада КСУП “Гервяты” Ірына Пешка

135

IMG_9816.jpg

Як аграпрамысловы комплекс пачынаецца з вяскоўцаў, так хлеб новага ўраджаю – з насення. Ад залатых россыпаў, якія чакаюць свайго часу ў калгасных засеках, залежыць жнівеньскі намалот.
Народная прыказка сцвярджае: што пасееш, тое і пажнеш. Пра гэта не па расповедах ведае загадчык зернесклада «Чэхі» КСУП «Гервяты» Ірына Пешка. За сумленную працу, адказнасць і актыўную жыццёвую пазіцыю (шмат гадоў з’яўляецца дэпутатам мясцовага Савета дэпутатаў) партрэт жанчыны летась занеслі на раённую Дошку гонару. Летам жніво віруе не толькі ў полі, але і на зернесушылках, таму зіма – самы час пазнаёміць чытачоў з гервяцкай працаўніцай.  

«Ад родных ніў, ад роднай хаты…» – назад, пад Гервяты
Многія, стаўшы на крыло, шукаюць долі ў далёкіх краях, а потым вяртаюцца да вытокаў. Хтосьці застаецца ў роднай вёсцы – і гэта яго лёс. Па вялікім рахунку, шчаслівы чалавек такім будзе ўсюды – у любой кропцы краіны ці свету.
– Я мясцовая, з Гайголяў, што ў трох кіламетрах ад Чэхаў. У бацькоў нас тры дачушкі. У школе вучылася няблага. У майго пакалення, у адрозненні ад сучасных дзяцей, – выразнага ўяўлення пра будучую прафесію не было, – узгадвае школьныя гады мая гераіня. – Пасля хацела вывучыцца на таваразнаўцу ў Вільнюскім тэхнікуме, але патрэбна была літоўская прапіска. У мяне яе не было, як і знаёмых, якія маглі б часова прапісаць у сябе – таму ад мары пра спецыяльную адукацыю давялося адмовіцца. 
Ірына не з той катэгорыі лю­дзей, якія будуць перажываць пра няўдачы. Дзяўчына вырашыла: калі вучыцца не атрымлі­ваецца, то можна працаваць – і ўладкавалася кантралёрам на вільнюскую фабрыку «Спарта». 
– Мне здаецца, што вяскоўцы, у адрозненні ад гараджан, цяжкасцей не баяцца, –  як і работы. На фабрыцы мне падабалася. У няпоўных 18 гадоў мяне прызналі лепшым маладым рабочым, пазней – ударнікам камуністычнай працы, – працягвае жанчына. 
Кожныя выхадныя Ірына прыязджала дадому, бегала з сяброўкамі на танцы ў суседнія Чэхі, дзе збіралася моладзь з усёй ваколіцы.
– Там і сустрэла будучага му­жа. Літва «адпала» сама сабой. На Астравеччыне ўладкавалася начальнікам ваенна-ўліковага стала ў Гервяцкі сельскі Савет. З Віктарам – светлая яму памяць – вырашылі асесці ў Чэхах, там жыла свякроў; маёй маці дастаткова рана не стала. Пабудавалі дом, нарадзілася дачушка, – працягвае жанчына. – Дабірацца на работу з Чэхаў у Гервяты было нязручна, таму пасля дэкрэтнага адпачынку пайшла працаваць у мясцовую бібліятэку. Калі яе зачынілі, давялося шукаць работу. Тагачасны старшыня Вар­нянскага сельскага спажывецкага таварыства Андрэй Серы прапанаваў пайсці ў чэхскі магазін. На працягу шасці гадоў у адной асобе была і загадчыкам, і прадаўцом, і грузчыкам, і прыбіральшчыкам, і качагарам. Неяк пры сустрэчы тагачасны старшыня калгаса Мечыслаў Лісоўскі сказаў: «Эдвардаўна, пераходзь да нас у калгас – на склады ў Чэхах вельмі патрэбны талковы і адказны чалавек. Тым больш жніво на носе…» Згадзілася. Пайшоў 19-ты год, як у сельскай гаспадарцы.
Хоць зернесклад КСУП «Гер­вяты» называецца «Чэхі», зна­ходзіцца ён побач з вёскай Швяйляны. 
– Не толькі для хлебаробаў, але для ўсіх работнікаў сельскай гаспадаркі ліпень-жнівень – пара, калі не прадыхнуць. Дома, лічы, не спатыкаюся. Выходжу пасля 7 гадзін раніцы, прыходжу пасля 8 вечара. Спланавацца, адсправаздачыцца, заказаць на змену тэхніку для перавозу і пагрузкі збожжа, абеды для працаўнікоў  – так дзень і праходзіць, – расказвае пра свае будні Ірына Пешка. – У нас зернесушылкі, якія людзі называюць італьянкамі. Па ча­лавечых мерках яны пенсія­нер­кі, але служаць спраўна. У першую чаргу дзякуючы аператару Аляксандру Смольскаму – залатыя рукі ў яго. 
За змену на зернесушылках падчас жніва-2022 у Чэхах даводзілі да патрэбнай кандыцыі да 150 тон зерня. Летась тут дапрацавалі 3 600 тон збожжа, па­залетась – крыху больш за 2 700. 
– Найбольш, праўда, год не ўзгадаю, было 4 200 тон. Але тады і па калгасе ў амбарнай вазе валавы намалот склаў 23 тысячы, – успамінае ўраджайны сезон жанчына. – Вясной, калі склады з большага пустыя, праводзім іх дэзінфекцыю, белім сцены, прасушваем, праветрываем памяшканні – і чакаем засыпкі збожжа новага ўраджаю. 

«Простае шчасце людское, пэўна, складаецца з…»
Ірына Пешка ўмее радавацца простым рэчам: пяшчотным промням ранішняга сонца, стракатым вочкам рознакаляровых кветак, расповедам суседскіх бабулек пра ўнукаў-праўнукаў. 
– Часта заходзіла да старых жанчын у Яцыны, цікавілася, можа, чым дапамагчы. А яны больш прасілі пасядзець з імі, пагаманіць, – расказвае жанчына. – Ад Яцынскай выбарчай акругі мяне абралі ў Гервяцкі сельскі Савет дэпутатаў. Дзе патрэбна была мая дапамога, старалася ніколі не адмаўляць. Па шчырасці, навіна пра тое, што я трапіла на раённую Дошку гонару, агаломшыла – нічога звышнатуральнага, мне здаецца, я не зрабіла. 
Як большасць жанчын, Ірына Эд­вар­­даўна любіць кветкі – не толькі атрымліваць, але і разводзіць: касачы, ліліі, цюльпаны… Як сапраўдная вясковая гаспа­дыня, штовесну разбівае вялікі агарод. 
– Удзячна Богу і лёсу, што ў мяне добрыя дочкі выраслі. Калі старэйшая нарадзіла двайнят, малодшая, якая тады яшчэ жыла са мной і працавала ў гервяцкай гаспадарцы, запісалася ў аўташколу і атрымала вадзіцельскае пасведчанне, каб кожны тыдзень мы маглі ездзіць у Смаргонь і дапамагаць з немаўляткамі Марыне і яе мужу, – працягвае жанчына. – Дарэчы, і ў Святланінай сям’і таксама двайняты, хоць у нашым родзе такога не было. Памятаю, калі з’явіліся Кіра і Мікіта – усе былі ў шоку. Суседкі пераймалі і цікавіліся, ці праўда гэта, і казалі, што я шчаслівая… Так і ёсць – я шчаслівая, як маці і жанчына!
Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алена Ганулич
 

Читайте также: