Ці ёсць перспектывы ў вёсцы? Аб гэтым варта спытацца ў маладых спецыялістаў раёна, якія прыходзяць працаваць у самую няпростую і адказную сферу – сельскагаспадарчую, каб быць карыснымі роднай зямлі і паспяховымі ў сваёй прафесіі.

Галоўны інжынер КСУП “Жукоўшчына” Арцём Дудкін прызнаецца, што не меў асаблівай мары звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, аднак заўсёды цікавіўся аўтамабілямі. Таму пасля атрымання базавай адукацыі ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча паступіў у Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж на тэхніка-механіка.

– Заўсёды любіў тэхніку, аўтамабілі, а ў працэсе вучобы стаў актыўна цікавіцца сельскагаспадарчымі машынамі, – адзначае Арцём Юр’евіч.
Знаёмства з КСУП “Жукоўшчына” для маладога спецыяліста пачалося задоўга да выпуску з каледжа. Двойчы ён быў тут на практыцы, дзе атрымаў самы каштоўны для будучага механіка навык – разбірацца ў сельскагаспадарчай тэхніцы ў рабочым працэсе.

– Працаваў на трактары МТЗ-892, вучыўся сеяць кукурузу, і ў мяне хутка гэта атрымалася. Дагэтуль помню свае першыя 256 гектараў. За жыццёвую навуку дзякуй аднаму з лепшых трактарыстаў-машыністаў сельгаспрадпрыемства, а можа і ўсяго раёна – Юрыю Варгану. Прыемна сёння працаваць з ім у адным калектыве, – дзеліцца ён.
Арцём Юр’евіч прыйшоў па размеркаванні на першае працоўнае месца ў родную гаспадарку (сам ён нарадзіўся непадалёку ў вёсцы Страла Жукоўшчынскага сельсавета) і адразу на кіруючую пасаду – загадчыка рамнотнай майстэрні. Жыллё ў Дзятлаве ён меў сваё, а ўсе выплаты, на якія мае права малады спецыяліст, ён атрымаў і прадаўжае атрымліваць штомесяц.

– Вырашыў, што на ключавым участку работы найхутчэй атрымаю практычны вопыт, і не памыліўся. Вядома, было страшна пачынаць адразу з сур’ёзным колам работы і падначаленымі, хоць іх і было два чалавекі. Але ў калектыве мяне ўсе ведалі і падтрымалі, як свайго, – адзначае малады спецыяліст.
Была служба ў арміі па кантракце, і тады Арцём Дудкін не губляў час: зарабляў грошы на ўласны аўтамабіль, паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, каб вучыцца па сельскагаспадарчай спецыяльнасці. Калі вярнуўся ў калектыў пасля арміі, атрымаў новую прапанову – узначаліць інжынерную службу, і даў згоду.

– Ці супала тэорыя з практыкай?
– Хачу сказаць дзякуй каледжу за тое, што мы там атрымалі базу ведаў, важную ў паўсядзённай рабоце. Але практыка ёсць практыка: пакуль сам не паспрабаваў, не пакруціў у руках, не будзеш мець уяўленне. Тэарэтычна, сёння я магу ўдзельнічаць у рамонце цсельгастэхнікі, але ўдзячны, што яго праводзяць са мной больш вопытныя спецыялісты.
З новай пасадай прыйшлі і іншыя, больш сур’ёзныя абавязкі. Спраўнасць усёй тэхнікі машынна-трактарнага парка сельгаспрадпрыемства, своечасовы яе выхад на работу – адказнасць галоўнага інжынера і яго каманды. На сёння ў КСУП “Жукоўшчына” 22 трактары, 4 з іх энерганасычаныя. Сёлета набылі новы МТЗ-1221, які з’яўляецца добрай падмогай у рабоце, новыя культыватары, прэс-падборшчык і прычэп.
– Тэхнікі для эфектыўнай работы дастаткова, хацелася б, каб прыходзіла працаваць больш механізатараў. Частку тэхнікі ўжо паставілі на зімоўку, прадаўжаем гэты працэс. Ужо пасеяны азімыя, аднак яшчэ працуюць у полі плугі, дыскатар, прадаўжаецца ўборка кукурузы на зерне. Клопату да халадоў хопіць усім, – адзначае Арцём Дудкін.

– Што найбольш падабаецца ў рабоце?
– Пазітыўны рух, які тут пастаянна: пасяўная кампанія, уборачная, вялікія трактары і камбайны на родных палях – гэта па-сапраўднаму захапляе. Глядзець на іх і ведаць, што ў будучым ураджаі ёсць часцінка і маёй працы – вельмі прыемнае пачуццё. Калі раней я зусім не думаў пра сельскую гаспадарку, проста любіў машыны, то сёння закахаўся ў гэта ўсё.
– Ці прысутнічае ў планах на будучыню сельскагаспадарчая сфера?
– На сёння ў мяне ўжо скончыўся тэрмін адпрацоўкі, але ёсць інтарэс застацца ў гэтай сферы і далей. Атрымліваю вышэйшую адукацыю, каб стаць сапраўдным спецыялістам. Гэта работа мне падабаецца, і хочацца адпавядаць адказнай пасадзе, якую цяпер займаю, расці ў гэтым напрамку.
– Набліжаецца прафесійнае свята, якое з нядаўняга часу ўвайшло і ў ваша жыццё. Што пажадаеце калегам па працы?
– Каб тэхніка не ламалася, а ўсе пастаўленыя задачы выконваліся сваечасова. Роднаму калектыву і ўсім работнікам сельскагаспадарчай сферы жадаю моцнага здароўя, дастойнай аплаты працы і вялікіх дасягненняў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае








