За апошнія некалькі гадоў гэты сезон, мне здаецца, з’яўляецца найбольш яскравым і поўным увасабленнем народнай мудрасці, што восенню работ восем, а то і больш. Здаецца, толькі ўчора хлебаробы абмалацілі рапс і збожжа, а ўжо прыкрываюць у глебу залацістыя зярняты, больш таго – крыжакветкавы паспеў абысці і радуе вока не толькі агранома, але і людзей, якія праязджаюць паўз поля, цёмназялёнымі ўсходамі. Нарыхтоўка сіласу і абмалот кукурузы на зерне, капанне буракоў і бульбы, збор яблыкаў – далёка не ўвесь пералік восеньскіх клопатаў аграрыяў…
З’ездзілі ў КСУП «Гудагай», каб даведацца, ці ўрадзілі сёлета бульба і буракі.
БУЛЬБА
Залацістыя дранікі, крамяная бабка, круглабокія цэпеліны – думаю, што любая жыхарка Астравеччыны можа прыгатаваць гэтыя немудрагелістыя стравы з бульбы. Нездарма яна здавён лічыцца бадай што самым галоўным прадуктам на стале беларусаў.
Як сцвярджаюць дасведчаныя людзі, вырошчванне другога хлеба дастаткова затратнае і не вельмі прыбытковае. Тым не менш, адмовіцца ад яго мы не можам!
Раённая бульбянішча ў 100 гектараў раскінулася на тэрыторыі КСУП «Гервяты» і «Гудагай». Найбольш пад крухмалістую (60 га) адвялі ў апошняй гаспадарцы. Напрыканцы мінулага тыдня паглядзелі, хто капае бульбу і ці ўрадзіў сёлета другі хлеб.
Вялікі механізаваны «капач» адшукала на полі за Лошай. Шмат гадоў на гэтай машыне ў КСУП «Гудагай» працуе вопытны механізатар Аляксандр Замара. Па традыцыі апошніх гадоў мужчына пасля жніва ставіць на захоўванне збожжаўборачны камбайн і перасаджваецца на бульбакапалку. Гэты сезон для механізатара 16-ты!
Аляксандр Замара не першы сезон кіруе бульбаўборачным камбайнам
– Харошая бульбачка вырасла, гаспадарская: не вялікая і не малая – самае тое. Бо клубень памерам у два, а то і тры кулакі пусты бывае ўнутры, ды і нясмачны, – патлумачыў Аляксандр. – Памер гэтага поля каля 40 гектараў. З пазіцыі механізатара магу сказаць, што ўчастак пад бульбу агранамічная служба выбрала выдатны: камянёў амаль няма, а гэта значыць, што і паломак не будзе. Поле чыстае – адно задавальненне працаваць! Каб яшчэ і не пыліла... Едзеш, бывае, ні транспарцёра, ні людзей не бачна. Дожджык патрэбен!
На пытанне, што больш падабаецца: убіраць збожжа ці бульбу, механізатар паціснуў плячыма і з усмешкай зазначыў: «Усё!» Не верыць Замару не выпадае, бо ў сельскай гаспадарцы мужчына 34 гады, з якіх 29 штолета працуе камбайнерам.
– Учора, напрыклад, накапаў крыху больш за 100 тон, – расказаў мужчына. – Далей будзе бачна, як справа пойдзе. Ураджайнасць бульбы каля 280 цэнтнераў з гектара, былі гады, калі па 500 цэнтнераў бралі. Гэты год добры і для збожжа, і для траў, і для астатніх культур. Так што будзем з хлебам і бульбай! – на развітанне запэўніў механізатар.
Дарэчы, у памочнікі на бульбакапанне Аляксандр Замара ўзяў сабе маладога калегу Аляксандра Ярашэвіча. Хлопец хоць і працуе ў КСУП «Гудагай» нядаўна, ужо зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку. Мяркуйце самі: у мінулым годзе Аляксандр у пары з Сяргеем Трусевічам другія ў раёне і першыя сярод маладзёжных экіпажаў намалацілі тысячу тон збожжа.
Бульбакапанне
– Удваіх шпарчэй, асабліва калі камень які трапіцца, – патлумачыў малады памочнік.
Памочнік Аляксандр Ярашэвіч
На ўборцы механізатарам дапамагалі два паляводы і два «біржавікі». Яны, стоячы на спецыяльнай пляцоўцы камбайна, убіралі камяні з транспарцёра з бульбай. Сёлета, дарэчы, работнікам выдалі спецыяльныя акуляры – без іх у такім пыле працаваць проста нерэальна.
Пасля напаўнення бункера клубні выгружалі ў машыны, якія імчалі на сельгассховішча ў Малі. Там бульбу перабяруць і размяркуюць: што – на продаж, што – на насенне, што – на крухмалісты завод у Гальшаны.
Да слова, КСУП «Гудагай» пазней будзе рэалізоўваць насельніцтву сарты «лель» і «брыз». Праўда, кошт, пакуль рыхтаваўся матэрыял да друку, быў невядомы. Затое можна было і загадзя «выпісаць» соткі, самастойна выкапаць і вывезці бульбу – у такім выпадку за кілаграм трэба было аддаць усяго 12 капеек.
Лічба
На раніцу 12 верасня ўбрана 50% бульбы ўраджайнасцю 250 ц/га. Накапана 750 тон.








