Главная » Новости » Лента новостей

Животновод СПК "Маяк-Заполье" Юрий Капацевич: "Когда профессия по душе, тогда и дело спорится"

460

1 мая ў Карэлічах на плошчы 17 Верасня адкрыецца новая Дошка гонару пад адкрытым небам. Яе ўпрыгожаць 32 партрэтаў лепшых працаўнікоў Карэліччыны. Сярод іх і  жывёлавод СВК “Маяк-Заполле” Юрый Капацэвіч.  Яго працоўны дзень напоўнены штохвіліннымі клопатамі, таму знайсці колькі-небудзь часу на гутарку не так і проста. На ферме “Горная Рута”, дзе шчыруе Юрый Уладзіміравіч, якраз ідзе ўзважванне жывёлы. Крыху пачакаўшы, пачынаем гутарку. — Прыемна, калі тваю працу высока ацэньваюць, — кажа мужчына. — Не хаваю, работа ў мяне няпростая, але яна па душы. Не ўяўляю, чым бы мог займацца яшчэ. Пад апекай клапатлівага жывёлавода 360 галоў буйной рагатай жывёлы. Кожную раніцу ён спяшаецца да сваіх гадаванцаў, корміць іх, поіць, даглядае. Пра сябе расказвае зусім нямнога: нарадзіўся і вырас у вёсцы Амневічы Красненскага сельсавета. Трыццаць гадоў адпрацаваў у горадзе Баранавічы, але 10 гадоў таму вярнуўся на малую радзіму даглядаць састарэлых бацькоў. Так і застаўся ў родных Амневічах, аб чым, прызнаецца шчыра, не шкадуе. — У кожнага чалавека ёсць абавязковая місія — дагледзець сваіх бацькоў. Менавіта таму я вярнуўся ў вёску. А потым прыкіпеў. Тут і гаспадарка свая была, і агародчык, бульба. Лес побач, можна выйсці на ціхае паляванне, адпачыць душой.  Успамінаючы жыццё ў Баранавічах і параўноўваючы яго з вясковым, Юрый Уладзіміравіч адзначае, што праца ў горадзе была больш спакойнай — кожны тыдзень выхадныя, адпачынак падчас святаў. Тут жа кожны дзень — будні. Але гэта жывёлавод адносіць да плюсаў — ты ўвесь час у руху, заўжды гатовы прыйсці на працу, трымаеш сябе ў тонусе. — Рагулі не ведаюць, што такое Вялікдзень ці Новы год. Іх трэба накарміць, даць вады, дагледзець. Яны ў адказ праявяць ласку, дадуць прывагі.  Юрый Капацэвіч працуе на ферме ўжо 10 гадоў. Ён ведае ўсе тонкасці догляду за жывёламі і ўмела прымяняе свае веды на практыцы. Дзякуючы яго намаганням кароўкі падрастаюць і даюць нядрэннае малако. Вельмі часта тых, хто працуе з жывёлай, называюць людзьмі з вялікім сэрцам. Гэта якраз дэманструюць  рагулі, якія цягнуцца да яго праз агароджу, чакаючы сяброўскага дотыку. Жывёлу нельга падмануць, яна адчувае чыстую душу і добры намер. Сяргей СТОЛЯР Фота аўтара

Источник: 

Читайте также: