Главная » Новости » Лента новостей

Яблыневы рай у Грыбаўшчыне

161

Больш за дзесяць год таму ў вёсцы Грыбаўшчына Навасёлкаўскага сельсавета быў закладзены яблыневы сад. Маладыя саджанцы спакваля ўбіраліся ў сілу, дзякуючы клапатлівым рукам работнікаў мясцовай гаспадаркі зараз тут сапраўдны яблыневы рай. Майская квецень, непаўторны водар, пчаліны гуд абуджаюць жыццё і напаўняюць яго асаблівым сэнсам. Барунскія аграрыі ведаюць: на іх плячах вялікая адказнасць — трэба зрабіць усё дзеля таго, каб сабраць багаты ўраджай румяных сакавітых яблыкаў.

На плошчы ў 68 гектараў раскінуліся тысячы дрэў, у асноўным карлікавыя і паўкарлікавыя гатункі: «лігол», «шампіон», «Алеся», «беларускае салодкае» і іншыя.

Па словах загадчыка ўчастка КСУП «Эксперыментальная база «Баруны» Уладзіміра Кавыціна, веснавыя работы ў садзе пачаліся 7 красавіка.

— Увесь комплекс мерапрыемстваў накіраваны на тое, каб абараніць дрэвы ад шкоднікаў і хвароб. Для гэтага праводзяцца фунгіцыдныя і інсектыцыдныя апрацоўкі, падкормкі. Так, яшчэ да цвіцення быў унесены бор, пасля — будзе ўнесены азот, — тлумачыць Уладзімір Валянцінавіч. — На жаль, далёка не ўсё залежыць ад нас, людзей. Амаль штогод квітнеючы сад трапляе пад зваротныя маразы, а гэта адмоўна адлюстроўваецца на ўраджайнасці. Бачыце, і сёлета некаторыя «хітрыя» гатункі накшталт «голдэн» чакаюць лепшага надвор’я і не распускаюцца.

Дарэчы, як адзначыў Уладзімір Кавыцін, для апылення яблыні патрэбна, каб паветра прагрэлася не менш як да 12 ºС. Максімальная тэмпература — каля 25 ºС. Цікава, але нават пры такіх цяплічных умовах дрэва можа скідваць кветкі і завязі. Справа ў тым, што расліна засцерагае сябе ад празмерна багатага ўраджаю, які можа стаць вялікім цяжарам.

Зменшыць нагрузку на дрэва дапамагаюць устаноўленыя шпалеры і нацягнутыя тросы, з дапамогай якіх яблыні, асабліва тыя, што на карлікавым прышчэпе, падвязваюць.

Нягледзячы на тое, што даглядае за садам невялікі калектыў — усяго сем чалавек, — з усім комплексам мерапрыемстваў тут спраўляюцца своечасова. Штотыдзень наведваюцца ў Грыбаўшчыну і спецыялісты раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, што дазваляе трымаць руку на пульсе хвароб і шкоднікаў. Механізатара Генадзя Вілейту мы заспелі за пакосам — трактар увішна завіхаўся паміж стройнымі шэрагамі яблынь.

Падчас збору ўраджая, адзначыў Уладзімір Кавыцін, на дапамогу нам прыходзяць іншыя ўчасткі гаспадаркі, а таксама школьнікі і працоўныя калектывы.

— Мінулы год быў не вельмі ўраджайны — сабралі па тры тоны з гектара. Спадзяёмся, што сёлета надвор’е не падвядзе і дрэвы аддзячаць за клопат наліўнымі пладамі, — выказаў надзею загадчык участка.

З нататкаў садавода

Бяліць яблыні патрэбна восенню. Робіцца гэта не дзеля прыгажосці, а каб пазбегнуць апёкаў, якія найбольш небяспечныя ў лютым і сакавіку.

Пры пабелцы выкарыстоўваюць гашаную вапну, у якую варта дабавіць медны купарвас — ён дапаможа ў барацьбе з хваробамі.

Людміла РЫБІК.

Фота аўтара.

 

Па матэрыялах газеты "Ашмянскi веснiк"

Читайте также: