Главная » Новости » Лента новостей

Старэйшую ў Зельвенскім раёне доўгажыхарку Вольгу Семко павіншавалі з днём нараджэння

88

Вольга Іванаўна не толькі самая старэйшая доўгажыхарка ў нашым раёне, але і на Гродзеншчыне. Сама імянінніца гаворыць: «Мае гады – маё багацце». А яшчэ мудрасць і жыццёвы вопыт, дадае старшыня Галынкаўскага сельвыканкама Дзмітрый Сухалет.

Сёння наша зямлячка адзначае дзень нараджэння. Павіншаваць яе з гэтай нагоды прыехалі паважаныя госці: старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Сяргей Лойка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Наталля Юркевіч, старшыня Галынкаўскага сельвыканкама Дзмітрый Сухалет, намеснік старшыні дзяржпрадпрыемства «Галынка» Галіна Яцулевіч, а таксама дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Жамойціна.

Госці пажадалі Вользе Іванаўне яшчэ не адзін год пражыць у здароўі, не губляць жыццёвага запалу. А яго, дарэчы, у жанчыны яшчэ шмат. Вольга Іванаўна прызналася, што нягледзячы на ўзрост, у верасні яшчэ і бульбу сама капала. Размова, якая адбылася паміж імянінніцай і гасцямі, была шчырай і сардэчнай.

У гэты дзень у доме бабулі Вольгі Іванаўны было шмат і гасцей, і кветак і падарункаў. А яшчэ работнікі культуры ладзілі ў доме канцэрт па заяўках імянінніцы.

Вольга Іванаўна родам з Мастоўскага раёна. Вырасла ў вялікай сям’і, дзе гадавалася пяцёра дзяцей. Бацькі былі вельмі працавітыя. Да таго ж строга прытрымліваліся своеасаблівага прынцыпу жыцця і вучылі яму сыноў і дачок: дрэнны настрой трэба пакідаць за дзвярамі, бо ў хаце павінны панаваць лад, памяркоўнасць і згода. А яшчэ – нават у самыя цяжкія моманты (прыйшлося перажыць Першую сусветную, Грамадзянскую, Вялікую Айчынную войны) неабходна думаць пра родных, людзей, якія цябе акружаюць.

– Так склаўся лёс, што замуж выйшла позна, – прызнаецца Вольга Іванаўна. – Сваё шчасце знайшла на Зэльвеншчыне, у вёсцы Вострава. Муж быў намнога старэйшы за мяне, але вельмі добры, лагодны і клапатлівы. За ўсё сумеснае жыццё – а разам мы пражылі амаль 40 гадоў – ён ніколі не павысіў на мяне голас, заўсёды быў у настроі. Відаць, закон, па якім жылі мае бацькі, передаўся і нам. І гэта, пэўна, адзін з сакрэтаў майго доўгажыхарства, – папярэджвае маё пытанне суразмоўца.

Муж і жонка працавалі ў мясцовым калгасе, будавалі хату, трымалі гаспадарку: кароў, авечак, свіней і агарод нямалы.
– Ніколі без работы не сядзела, – працягвае расказ Вольга Семко. – Не люблю гультаёў і сама ніколі не гультайнічала. Таму Бог і сілы даваў, і гадочкі прыбаўляў.

У працы Вольга Іванаўна заўсёды была сярод першых: ці то дзялкі буракоў палоць, ці то лён апрацоўваць, ці то сена нарыхтоўваць. Паляводы называлі яе “пушынкай” – такою лёгкай і спрытнай да любой справы была. Нездарма некалькі гадоў запар узначальвала звяно паляводаў. Потым працавала свінаркай, а перад пенсіяй даіла кароў.

Ды і зараз, нягледзячы на ўзрост, бабуля без работы не сядзіць: дапамаге дачцы вясной садзіць і апрацоўваць градкі, восенню збіраць ураджай.

А Вольга Семко любіць, калі яе хата перепаўняецца смехам, галасамі родных, суседзяў, аднавяскоўцаў. Згадваючы маладыя гады, кажа, што ў сям’і заўсёды было прынята жыць у радасці і не сумаваць.

– Жыць трэба са светлымі думкамі, – параіла доўгажыхарка гасцям на развітанне. – Яны матэрыялізуюцца, і дабро вяртаецца дабром, унутраныя сілы переборваюць хваробы.

Тэрэза КАВАЛЕВІЧ

По материалам газеты "Праца"

Читайте также: