Главная » Новости » Лента новостей

Станіслаў Спірыдовіч: «Я працую не дзеля лічбаў»

89

У гэтым годзе Станіслаў Спірыдовіч намалаціў са сваім надзейным памочнікам больш за 1500 тон збожжа. Дакладную лічбу камбайнер нават і не ведае.

— А навошта, я ж працую не дзеля лічбаў, — прызнаецца Станіслаў Антонавіч. — Мне важны сам працэс. Перажываю, каб у час былі зжаты палеткі, каб надвор’е і тэхніка не падвялі. А спаборнічаць я ніколі не любіў. Бег навыперадкі псуе адносіны паміж людзьмі.

Станіслаў Спірыдовіч усё жыццё аддаў мясцовай гаспадарцы. На гэтай зямлі, у суседніх Сухадолах, ён нарадзіўся. Тут упершыню сеў за штурвал камбайна, які даверыў падлетку бацька Антон Леанардавіч. Трымаючы ў сваіх натруджаных руках дзіцячыя ручкі, якія з усёй моцы абхапілі штурвал, ён з гонарам усведамляў, што пакіне пасля сябе добрую і надзейную змену.

Сюды Станіслаў вярнуўся пасля заканчэння Ашмянскага СПТВ-192. Увішны і спрытны, ён адразу ж пачаў набіраць тэмп у жніве. Вопытныя механізатары дзіву даваліся — як гэты невялічкі хлопец паспявае два бункеры намалаціць, пакуль яны з адным ледзьве спраўляюцца. Практычна штогод малады хлебароб вырываўся ў перадавікі і лічыў, што няма ў гэтым аніякага сакрэту.

— Проста, камбайн да жніва трэба рыхтаваць загадзя, — упэўнены Станіслаў Антонавіч. — Немалаважная ўмова поспеху ў тым, што тэхніка любіць адны рукі. Прыкіпаю я да яе ўсёй душой. Не паверыце, нават запчасткі сам выбіраю. Не магу нікому іншаму даверыць гэту работу. Мяне добра разумеюць мае сыны, Дзмітрый і Аляксей, і часта прыходзяць на дапамогу: дзе словам, а дзе і справай. Хаця і жывуць далёка, аднак знаходзяць час: ніколі не адмаўляюць бацьку.

Пасля працы, у колькі б гадзін не вярнуўся з поля, Спірыдовіч найперш аглядае свой камбайн — чысціць, прадзімае, змазвае дэталі, рамантуе. Балазе, што на мехдвары ноччу ўключана асвятленне. А калі справа патрабуе большай пільнасці, то раніцай у сем гадзін, а то і раней, камбайнер ужо на рабоце. Таму і нядзіўна, што “Мега” ніколі не падводзіла свайго гаспадара. У кабіне заўсёды чыста і камфортна. Працуе кандыцыянер. Нават і музыка ёсць! Але ўключае яе камбайнер не на ўсю моц — толькі для фону: куды важней музыка, якая гучыць у рухавіку яго памочніка. Любое адхіленне ад нормы Станіслаў адчувае тут жа і ўжо да самага вечара жыве з думкай, што ж хоча сказаць яму камбайн. Дахаты ён не пойдзе, пакуль не знойдзе прычыну.

— На сельскай гаспадарцы я ажаніўся, — смяецца Спірыдовіч і дадае, што жонка гэта разумее і зусім не крыўдуе на недахоп увагі.

Уважліва і з павагай ставіцца да тэхнікі, любіць работу навучыў сваіх трох сыноў — Івана, Станіслава і Анатоля — бацька. Яго наказы і жыццёвы досвед — сёння самая багатая спадчына, якой сыны кіруюцца і ў прафесійнай дзейнасці (усе яны працуюць у СУП “АграГродзі”), і ў зносінах з людзьмі, і перадаюць сваім дзецям.

Аб камбайнерскай працы Станіслаў Спірыдовіч, здаецца, расказваў бы бясконца — так ён яе любіць! Столькі трапных эпітэтаў знаходзіць, так меладычна распавядае аб хлебнай ніве і роднай зямлі!

Яны даюць мужчыне моцы і сіл. І нават цяпер, калі за плячыма амаль шэсць дзясяткаў год, ён усё так жа спрытна паднімаецца раніцай і перажывае за ўраджай. Ён можа цэлы дзень не есці, каб толькі паспець сабраць падораны прыродай скарб. З гэтай думкай Станіслаў кладзецца спаць. З ёй прачынаецца. Ногі самі вядуць яго ў поле. Калі заканчваецца жніво, пачынаецца задзел пад новы ўраджай — і так з года ў год.

Час ляціць імгненна. І толькі камбайн павольна рухаецца па жытнёвым моры. Пусціш яго хутчэй за чатыры кіламетры ў гадзіну і не збярэш тое, што саспела ў коласе, таму Станіслаў Спірыдовіч ніколі не спяшаецца, не мітусіцца. Ён упэўнены, што толькі так можна атрымаць асалоду ад працы і ад жыцця ў цэлым. А перадавік ты ці не — гэта ўжо другаснае.

— Галоўнае, настроіць піяніна своечасова, тады і музыка будзе сапраўднай, — падкрэсліў мой суразмоўца і заспяшаўся да трактара — поле ўжо зачакалася.

Аліна САНЮК.
Фота аўтара.

По материалам газеты "Ашмянскі веснік"

Читайте также: