Главная » Новости » Лента новостей

Раённыя “Дажынкі-2023” прайшлі на Дзятлаўшчыне

341
На цэнтральнай плошчы горада Дзятлава адбылася цырымонія ўшанавання механізатараў, вадзіцеляў, аператараў збожжасушыльных комплексаў, павароў, якія вызначыліся ў пасяўной і ўборачнай кампаніях 2023 года. 
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх аб’яднанняў, дзятлаўчане, запрошаныя госці.
 
Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Здзіслаў Пікула разам з дзятлаўчанамі падзякавалі Богу за добры ўраджай і асвяцілі хлеб 2023 года.
 
Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў жыхароў раёна са святам, выказаў словы ўдзячнасці хлебаробам Дзятлаўшчыны:
– Разам з вамі мы адзначаем раённыя “Дажынкі”, ушаноўваем работнікаў сельгаспрадпрыемстваў, дзякуючы нялёгкай працы якіх квітнее і развіваецца родная Беларусь і наш дзятлаўскі край. Па добрай традыцыі мы аддаём даніну павагі людзям, якія ўклалі ў справу свае ўменні і вопыт. Вы робіце ўсё магчымае, каб выканаць давераную вам высокую місію – забеспячэнне харчовай бяспекі нашай краіны.
Сёлета жніво было няпростым з-за ўмоваў надвор’я, якія фарміравалі ўраджай: анамальна халодная вясна, больш за 50 дзён без ападкаў у вяснова-летні перыяд істотна паўплывалі на вагу каравая. Нягледзячы на гэта, аграрыямі раёна атрыманы дастойны ўраджай – 53,7 тысячы тон зерня. Паважаныя хлебаробы, дзякуй вам за высокі вынік і адданасць сваёй справе. Сёння хочацца выказаць словы ўдзячнасці не толькі людзям, якія працуюць у сельскай гаспадарцы раёна, але і тым, хто гатовы падставіць сяброўскае плячо – работнікам прамысловых прадпрыемстваў і абслугоўваючых арганізацый, лясной гаспадаркі, газазабяспечвальных арганізацый, электрычных сетак, гандлю, будаўніцтва, установаў аховы здароўя, адукацыі і культуры. Вялікае дзякуй вам, паважаныя кіраўнікі, за падтрымку сельгаспрадпрыемстваў. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, выдатнага святочнага настрою, мірнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
 
Ад імя ўсіх удзельнікаў сёлетняга жніва духмяны каравай кіраўніку раёна ўручыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка.
 
Таксама каравай з лічбамі сёлетняга ўраджаю ад кіраўніцтва раёна атрымаў кіраўнік кожнага сельгаспрадпрыемства: ААТ “Граніт-Агра” – 13 511 тон зерня (Станіслаў Мазур), СГФ “АграМілк” – 9943 тоны (Аляксандр Грынкевіч), ААТ “Дварэц-Агра” – 7082 тоны (Аляксандр Лесюкоў), КСУП “Войневічы” – 6023 тоны (Сяргей Францішчык), ТАА “РоданАграПол” – 5989 тон, ТАА “РоданАгра” – 5678 тон (Пётр Роўба), КСУП “Жукоўшчына” – 2733 тоны (Васіль Алясюк), КСУП “Хвінявічы” – 2727 тон (Мікалай Бубноўскі).
 
Павіншавалі прысутных са святам і адзначылі лепшых хлебаробаў прафсаюзнымі дыпломамі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

У межах святкавання раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2023” прайшлі тэматычныя конкурсы. Лепшымі ў вырабе і афармленні дажынкавага снапа, а таксама каравая сталі прадстаўнікі КСУП “Жукоўшчына”, гаспадарамі лепшага сельскагаспадарчага падворка сталі работнікі КСУП “Хвінявічы”. Дыпломы пераможцам уручыў Віталій Шулейка, грашовыя прэміі будуць пералічаны на рахунак прадпрыемстваў.

Раённае свята “Дажынак” наведалі артысты беларускай эстрады Сяргей Славянскі, Вольга Любавіна, Ірына Дарафеева, шоу-балет “Феерыя”, якія падарылі гасцям свята свае лепшыя песні. Дзятлаўчане аддзячылі іх духмянымі караваямі новага ўраджаю.

Наталля АВЯРЧУК

По материалам газеты "Перамога"

Читайте также: