Главная » Новости » Лента новостей

Пра сябе, работу, абласныя “Дажынкі” расказвае загадчык зернесклада КСУП “Гудагай” Мелання Бразінская

107

Сельская гаспадарка пачынаецца з людзей, а ўраджай – з насення. Што пасееш, тое і пажнеш – гэтая жыццёвая мудрасць нашых продкаў не губляе актуальнасці і цяпер, калі на палях працуюць вялікія энерганасычаныя агрэгаты, а на ўзбраенні аграномаў ёсць гербіцыды, фунгіцыды і іншыя сучасныя сродкі для апрацоўкі і падкормкі раслін…

 

Загадчык цэнтральнага зернесклада КСУП “Гудагай” у Германішках Мелання Бразінская не па чутках ведае, з чаго пачынаецца ўраджай і ад чаго ён залежыць. 

 Нарадзілася на Ашмяншчыне ў вёсцы Слабадзе. У бацькоў, якія, як і большасць вяскоўцаў, працавалі ў калгасе, была адзіным дзіцем. У 1975 годзе са стрыечнай сястрой за кампанію паступіла ў Ашмянскі тэхнікум на бухгалтара – і да хаты блізка, і вучыцца нядоўга. Па размеркаванні 1 жніўня 1978 года прыехала на Астравеччыну ў калгас «Шлях Леніна», тут і засталася. Старшынёй тады быў Валуевіч, а галоўным бухгалтарам Закрэўская. Тут сустрэла свайго чалавека. З Іванам пазнаёміліся ў верасні, а ў маі згулялі вяселле. Да 2000 года працавала ў бухгалтэрыі, потым, як Янцэвіч пайшла на пенсію, паставілі на яе месца загадчыкам склада. Люблю сваю работу, 8 гадоў на пенсіі, а ўсё працую, – расказала пра асноўныя моманты сваёй біяграфіі суразмоўца.

Сёлета споўнілася 45 гадоў, як гэтая сціплая мудрая жанчына працуе ў аграпрамысловым комплексе раёна, і ўвесь час – у адной гаспадарцы. У складзе астравецкай дэлегацыі на абласных «Дажынках» у Зэльве Мелання Бразінская была адзінай прадстаўніцай прыгожай паловы чалавецтва. І не дзіва! КСУП «Гудагай» – адзіны элітгас у раёне, які займаецца вытворчасцю насеннага матэрыялу збожжавых і бульбы. Ураджай трэба не толькі вырасціць і ўбраць, але і захаваць, каб у наступным годзе зярнятка стала важкім вялікім коласам. 

– Наш зернесклад лічыцца цэнт­ральным. Калі, да прыкладу, у Малях захоўваецца фуражнае зерне, то ў нас – насеннае. А яшчэ – «хімія», – расказвае Мелання Казіміраўна. – Работа на складзе кіпіць з ранняй вясны да позняй восені. Жнівом не прысесці. Першая дапрацоўка, дасушка, размеркаванне, засыпка – у клопатах дзень пралятае, як імгненне. Па восені пачынаем насенне азімых даводзіць да кандыцыі – на продаж. Яго купляюць гаспадаркі не толькі раёна, але і вобласці. 

Жанчына прызнаецца, што аднолькава любіць усе культуры, бо ў кожнай свае асаблівасці і перавагі. 

– Збожжа ўсё падабаецца. Куды ж мы без жыта? Гэта хлеб. А як пражыць без пшанічкі? Гэта булкі, бліны, макароны. І кукуруза патрэбна на корм жывёле, каб было малако, смятана, масла, – працягвае Мелання Казіміраўна. – На палях нашай гаспадаркі вырошчваем пшаніцу сартоў «аўгусціна», «маркіза», «гірлянда», жыта – «галубка», ячмень – «калдун», «аванс», «лідзія». Толькі ўслухайцеся ў гэтыя назвы… Відаць, не толькі людзі ад зямлі, але і вучоныя ў сваіх кабінетах і лабараторыях не пазбаўлены рамантыкі.

Але на зернескладзе, асабліва летам, не да сантыментаў – работы хапае кожнаму. 

– Мая правая рука – памочнік Антаніна Тхарова, працавітая, талковая. На млынара Франца Замару не магу нарадавацца – усё жыццё тут, на складзе, робіць кабмікорм для жывёлы на адкорме. Ніводнага разу не адмовіў, калі трэба нешта падрамантаваць ці падправіць. Заўважыла, што калі ў чалавека дома лад і парадак, усё дагледжана, то і на рабоце будзе толк. Тарэса Бараноўская і Ганна Васілеўская добра ўпраўляюцца на складах, – расказвае пра свой калектыў загадчык зернесклада. – Летам на айчынным зернесушыльным комплексе «Грын Вэй», які некалькі гадоў назад усталявалі ў Германішках, аператарамі працуюць Вадзім Адамковіч і Віталь Андрушкевіч. Падчас уборкі сярод зернесушыльшчыкаў яны заўсёды ў перадавіках. На адным такім агрэгаце за змену можна дапрацаваць шмат збожжа. А раней сушылі на «наполках». Як іх цяжка вымесці было! Перш жанчыны ўручную мяхі зашывалі, каб зерне было ў чым аправіць. Цяпер прыехаў трактар, загрузілі – і ніякіх праблем. Тэхніка сучасная, работы з большага механізаваныя, але без людскіх рук у сельскай гаспадарцы па-ранейшаму не абысціся.

Пацікавілася ў Меланні Казімі­раўны, хто ёй паведаміў пра паездку на «Дажынкі» і чым уразіла галоўнае жніўнае свята вобласці. 

 

– Даведалася ад Наталлі Налі­вайкі з аддзела кадраў. Спачатку было неяк няёмка: прывыкла сядзець цішком і рупіцца – а тут абласныя «Дажынкі»! Прыемна, што Садоўскі ацаніў маю працу. У Зэльву паехалі падтрымаць мяне дачка, зяць і ўнукі. Ад свята засталіся самыя станоўчыя ўражанні. Асабліва спадабаліся падворкі – чаго там толькі ні было! І сцэна, куды мы падымаліся за ўзнагародамі, таксама прыгожая. Радуе, што ў Беларусі памятаюць пра вяскоўцаў, людзей ад зямлі, і ладзяць для іх штогод такія шыкоўныя святы, – дзеліцца гераіня. – Хоць лёс неаднойчы падкідваў беды і слёзы, тым не менш, лічу сябе шчаслівай жанчынай. Дзеці ёсць, унукаў дачакалася, сонейка свеціць… Галоўнае – каб было мірнае неба над галавой. А хлеба ўсім хопіць! 

Текст и фото Алёна Ганулич
По маериалам газеты "Астравецкая праўда"
 

Читайте также: