Главная » Новости » Лента новостей

Працоўны кодэкс. Што мяняецца з 1 студзеня 2024 года?

83

У Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь з 1 студзеня 2024 года Законам Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2023 года № 273-З “Аб змяненні законаў па пытаннях працоўных адносінаў” уносяцца важныя змяненні.

Усяго ўдасканалена або дапоўнена больш за 80 артыкулаў, з’явіліся 4 новыя.

На важных нюансах, якія тычацца аплаты працы і рабочага часу, спынілася намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда:

– Працоўны кодэкс у новай рэдакцыі прадугледжвае выплату заработнай платы не радзей чым 2 разы на месяц усім работнікам, у тым ліку з якімі заключаны кантракты.

Сярэдні заробак за час працоўнага водпуску будзе выплачвацца не пазней чым за 2 дні да яго пачатку, калі работнік ідзе ў водпуск па графіку адпускоў. У іншых выпадках сярэдні заробак за час працоўнага водпуску будзе выплачвацца са згоды работніка не пазней чым праз 2 рабочыя дні з дня пачатку водпуску.

Гарантыі па захаванні ранейшага сярэдняга заробку на працягу не менш чым двух тыдняў з дня пераводу не будуць прадастаўляцца пры часовым пераводзе ў выпадках: пісьмовай згоды работніка на тэрмін да 6 месяцаў на працягу каляндарнага года, вытворчай неабходнасці, прастою.

З новага года таксама пашыраецца пералік выпадкаў, калі наймальнік мае права ажыццяўляць утрыманне з заработнай платы па сваім распараджэнні. Рабіць гэта можна будзе для вяртання (поўнасцю ці часткова) сродкаў, затрачаных наймальнікам на арганізацыю харчавання, якім работнік скарыстаўся.

Шматдзетным бацькам і бацькам, якія гадуюць дзіця-інваліда, па іх пісьмовай заяве замест дадатковага свабоднага ад работы дня на тыдні можа быць устаноўлена скарочаная на адну гадзіну працягласць работы з захаваннем заработнай платы, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі.

З 1 студзеня 2024 года для работнікаў з няпоўным рабочым часам працягласць работы ў рабочы дзень, які непасрэдна папярэднічае дзяржаўнаму святу ці святочнаму дню, будзе скарачацца прапарцыянальна працягласці няпоўнага рабочага часу. Калі штодзённая працягласць работы для яго складае, напрыклад, 4 гадзіны, то ў перадсвяточны дзень яго рабочы час скараціцца на 30 хвілін, а не на адну гадзіну, як гэта вызначана для работнікаў з поўным рабочым днём (8 гадзін).

У новай рэдакцыі Працоўнага кодэкса выключаецца норма, згодна з якой работнікі з гнуткім рэжымам рабочага часу могуць працаваць не больш за 10 гадзін на працягу рабочага дня.

З 1 студзеня 2024 года перапынак для адпачынку і харчавання па жаданні работніка можа не прадастаўляцца, калі яго штодзённая работа (змена) не перавышае 4 гадзіны.

Такім чынам, наймальнікам да ўступлення ў сілу Працоўнага кодэкса ў новай рэдакцыі неабходна ўнесці змяненні ў кантракты ў выпадку перыядычнасці выплаты заработнай платы адзін раз на месяц, а таксама ў калектыўныя дагаворы, палажэнні аб аплаце працы, іншыя лакальныя прававыя акты, калі яны закранаюць скарэктаваныя артыкулы Працоўнага кодэкса.

Ірына СТЫРНІК

По материалам газеты "Перамога"

Читайте также: