Главная » Новости » Лента новостей

Пра сябе, выбар прафесіі і будучае вёскі расказвае член прафсаюза работнікаў АПК, малады спецыяліст Юлія Кулікян

127


Прыклад маладога спецыяліста РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” Юліі Кулікян цалкам разбурае стэрэатып, што моладзь не хоча ісці ў сельскую гаспадарку. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі дзяўчына вярнулася на радзіму – у аграгарадок Рытань і ўладкавалася на работу ў саўгас.

 

Многія жыхары Астравеччыны ведаюць дружную і прыгожую сям’ю Тубіс з Рытані. У 2010 годзе яны занялі 4 месца на фінальным этапе рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла”. Аказваецца, наша суразмоўца – прыгожая, ветлівая і адкрытая дзяўчына – тая Юлька-гарэза, якая дапамагала маме з татам запрагаць каня і пячы бліны на галоўным сямейным сельскагаспадарчым конкурсе краіны.

– Так, гэта я, – усміхаючыся, кажа малады спецыяліст. – Памятаю, мама тады засмуцілася – нам крыху не хапіла да 3-га месца. А рыхтавалі нас на конкурс, як кажуць, усім светам: Марыя Мар’янаўна Кутовіч напісала словы для візіткі, Аляксандр Мечыслававіч і светлай памяці Таццяна Сяргееўна Юргелянцы вучылі трымацца на сцэне і ледзь не штодзень з намі рэпетыравалі. Мама нават брала ўрокі ў аднавяскоўцаў, як запрагаць каня. (Усміхаецца.) Гэта быў класны вопыт!

У школе Юля добра вучылася і была актывісткай. Больш таго, ніводны канцэрт ці мерапрыемства не абыходзіліся без яе ўдзелу. Праўда, як прызнаецца дзяўчына, усур’ёз яна ніколі не задумвалася, кім хоча стаць.

– Мне здаецца, у старэйшых класах адзінкі ведаюць, што будуць урачом, ваенным, настаўнікам ці кімсьці іншым, – разважае Юлія. –Сярэдні бал атэстата ў мяне быў 9. Цэнтралізаванае тэсціраванне таксама нядрэнна здала. Але да апошняга не ведала куды паступаць. Мама знайшла вну. У апошні дзень прыёму падалі дакументы ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. У спісах залічаных маё прозвішча было першым. Вучылася на аграмеханічным факультэце па спецыяльнасці “тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”.

Пацікавіліся ў суразмоўцы, ці не ўзнікала падчас вучобы расчаравання ад нетыповай для дзяўчат спецыяльнасці?

– Ніколі, – з усмешкай адказала Юля. – На патоку нас было толькі дзве дзяўчыны. Мне дастаткова лёгка даваліся ўсе дысцыпліны. На трэцім курсе, прычым бясплатна, атрымала многія вадзіцельскія пасведчанні: на легкавы аўтамабіль, на трактар розных катэгорый, на камбайн. Дыпломную практыку праходзіла ў саўгасе. Пасля заканчэння вну прыйшла да Дзяніса Валер’евіча (дырэктар РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” – заўв. аўт.) прасіцца на работу. У сакавіку споўніцца 2 гады, як я на гэтым прадпрыемстве.

Дзяўчына працуе інжынерам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні і выконвае абавязкі сакратара.

– Займаюся закупкамі праз Беларускую ўніверсальную таварную біржу – там кошты таннейшыя за рыначныя. На аўкцыёнах набываем сродкі аховы раслін, ветэрынарныя прэпараты і многае іншае, –тлумачыць малады спецыяліст. – Як сакратар сачу за ўваходнай і сыходнай дакументацыяй, электроннай поштай. Нядаўна перайшлі на рэспубліканскую платформу beCloud. Без значнай дапамогі праграміста з усім разабралася сама.

У саўгасе “Падольскі” для маладых спецыялістаў прадугледжаны прэферэнцыі: пад’ёмныя, надбаўкі да зарплаты, пры патрэбе ім выдзяляюць жыллё.

– Акрамя мяне, тут некалькі маладых спецыялістаў: інжынер-механік Дзіма Северавастокаў, заатэхнік-селекцыянер Ліза Станіславіч, ветурач малочна-таварнага комплексу “Падольцы” Іра Мешчаракова, юрысконсульт Дзіяна Юркойць, – пералічвае дзяўчына. – У нас цудоўныя калектыў і дырэктар.

Юлія з мужам пакуль жывуць з бацькамі ў Рытані і будуюць кватэру ў райцэнтры. Як жыццё складзецца далей, зазіраць наперад дзяўчына не хоча. Папрасіла маладога спецыяліста падзяліцца бачаннем, якім увогуле будзе аграпрамысловы комплекс, і саўгас у прыватнасці, праз 10-20 гадоў.

– Можна памарыць. Чаму б і не? – з энтузіязмам успрыняла  пытанне Юлія Кулікян. – Верыцца, што сельская гаспадарка будзе актыўна развівацца і далей. Па сутнасці вёска горад корміць – і гэта будзе заўсёды. Мару, што наш саўгас стане больш паспяховым і вялікім: прырасце землямі, жывёлай і тут абавязкова з’явіцца перапрацоўчае прадпрыемства.

Няхай мары і задумы Юліі абавязкова спраўдзяцца!

Алёна Ганулич

По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: