Главная » Новости » Лента новостей

Пра сустрэчу з Прэзідэнтам, атрыманне медаля “За працоўныя заслугі” расказвае член прафсаюза работнікаў АПК Вера Кацяш

73

За гады работы на комплексе па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы КСУП «Гервяты» Вера Кацяш падгадавала не адну тысячу бычкоў і цялушак. У сваёй нялёгкай, але такой незаменнай у сельскай гаспадарцы працы жанчына не бачыць нічога звышнатуральнага, маўляў, такая, як і ўсе… Такая ж, але і адрозная!Ледзь не штогод у групе жанчыны найлепшыя прывагі. Вера Пятроўна – неаднаразовы пераможца раённага сельскагаспадарчага спаборніцтва, яе партрэт змешчаны на Дошцы гонару, а летась падчас абласнога свята «Чалавек года Гро­дзеншчыны» жанчыне ўручылі медаль «За працоўныя заслугі». Нагод для знаёмст­ва з перадавой працаўніцай хоць адбаўляй.

Па працы – і ўзнагароды

 З Верай Пятроўнай сустрэліся на яе працоўным месцы – у цялятніку, дзе ў розных клетках, у залежнасці ад узросту, камплекцыі і вагі, стаіць 185 бычкоў і цялушак. Накормленыя і напоеныя цяляты не звярталі на нас ніякай увагі. Размову пачалі не з традыцыйных пытанняў пра дзяцінства і сям’ю, а пра ўражанні жанчыны, якія пакінулі цырымонія ўзнагароджвання ў Гродне і сустрэча з Прэзідэнтам у Мінску.

 – Вядома, перажывала і хвалявалася, але родныя і дзяўчаты з работы вельмі падтрымалі. У 2022 годзе на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам паехала толькі тры чалавекі. Бачыць яго па тэлевізары і на свае вочы – вялікая розніца. Наш Прэзідэнт – сапраўдны, шчыры, разумны, а галоўнае – чалавек ад зямлі. Таму так паважае і цэніць даярак, жывёлаводаў, трактарыстаў. Хто яшчэ запрашае да сябе на сустрэчу, апроч міністраў і кіраўнікоў, простых людзей? Толькі Лукашэнка. Спадабалася мерапрыемства, уразіў Палац Незалежнасці, – успамінае падзеі Вера Пятроўна. – У мінулым годзе з нашай канторы мне паведамілі, што Прэзідэнт падпісаў Указ аб узнагароджванні медалямі і Падзякамі некалькі дзясяткаў чалавек па ўсёй Беларусі. Літаральна праз месяц атрымала медаль у абласным цэнтры з рук Леаніда Зайца. Прыемна, словамі не перадаць! Удзячна кіраўніцтву нашага калгаса і раёна, што заўважылі і так высока ацанілі маю работу. 
Значнымі для Веры Пятроўны сталі віншаванні родных і блізкіх. Унукі жанчыны, праходзячы з бацькамі ля раённай Дошкі гонару, заўсёды радасна і адначасова важна зазначаюць: «Гэта наша бабуля!»

Астравеччына – другая радзіма

 Гервяцкі край бадай што самы шматнацыянальны ў нашым раёне. Акрамя літоўцаў, там кампактна пражываюць і ўкраінцы, якія некалькі дзе­ся­цігоддзяў назад пераехалі сюды цэлымі сем’ямі.

 – У Гервяты паехала за мужам, 19 гадоў мне было. У той час мно­гія муж­чыны вахтамі працавалі будаў­нікамі ў Беларусі. Мікалаю тут спадабалася, маўляў, і прырода прыгожая, і людзі спагадлівыя – самае месца для жыцця, – успамінае Вера Пятроўна. – Праз год, як грымнуў Чарнобыль, з Ровенскай вобласці да нас пераехалі мае маці, брат і сястра. 
Тагачасны старшыня калгаса Вячас­лаў Адахоўскі выдзе­ліў маладым не­вялікую хацінку, ад якой ужо нават і знаку не засталося. Пазней, праўда, прапаноўваў жыллё на вуліцы Маладзёжнай, але Кацяшы адмовіліся і самі пабудавалі дом у Міцюнах.

 – Работы па спецыяльнасці (я повар) у вёсцы не знайшлося. Да дэкрэтнага адпачынку працавала ў падсобным цэху. Калі дачушцы год сышоў, выйшла на работу сюды – з таго часу і працую. Малую глядзелі суседкі-пенсія­неркі, жанчыны добрай душы – Марыя і Яніна, – працягвае працаўніца.

– Гэты комплекс будаваўся пры Вячаславе Іосіфавічы напачатку 80-х гадоў. Начальнікам быў Андрэй Андрэевіч Галагаеў. Мая свякруха, дарэчы, адна з першых набірала тут групы. 
Гервяцкі комплекс па адкорме і дарошчванні быкоў і цялушак – гэта шэраг жывёлагадоўчых памяшканняў. У адной з секцый шмат гадоў гаспадарыць мая суразмоўца.

 – Цяпер у мяне 185 цялят. У секцыю яны трапляюць у двухмесячным узросце вагой каля 80-90 кілаграмаў. За паўгода павінны набраць да 250 ці больш, потым іх пераводзяць у цэх адкорму, – расказвае пра работу цялятніца. – Напачатку з малышамі складана, яны ж прывучаныя да сосак і вядзерцаў, не разумеюць, як піць. Таму даводзіцца залазіць у клетку, падводзіць малога да паілкі і вучыць. На іх адаптацыю патрэбен месяц. Спачатку цялятам даём сена, розныя дабаўкі. Пазней развозім кормасумесь. Уручную трэба набраць і раздаць каля 3 тон, ці 20 тачак. А яшчэ пачысціць паілкі, кармушкі, праходы. У другой палавіне дня ўсё паўтараецца. 
У 12 секцыях цэха дарошчвання працуюць выключна жанчыны. Некаторыя з іх ужо выйшлі на заслужаны адпачынак, у тым ліку і Вера Кацяш, але не могуць кінуць сваіх гадаванцаў. 

 – Наша работа, канешне, складаная, але ж некаму трэба працаваць, – разважае жанчына з Дошкі гонару. – У наступным годзе будзе 40 гадоў як Астравеччына стала для мяне другой радзімай. У маладосці нават і не падумала б, што буду цялятніцай, але жыццё ўсё размеркавала на свой лад. Нездарма ж людзі кажуць, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек. Ім і трэба заставацца – і з людзьмі, і з жывёламі…

Валянціна Мажэйка, начальнік комплексу па дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы:
 
 – Вера Пятроўна вельмі старанны і добрасумленны работнік, сапраўдны чалавек працы. Толькі глянуўшы на жывёлу, на вока можа вызначыць вагу цяляці – не памыліцца. Яна столькі гадоў на адным месцы, таму цалкам заслужана трапіла на раённую Дошку гонару.

Алена Гануліч

По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: