Главная » Новости » Лента новостей

Пра рэканструкцыю фермы “Кямелішкі” і яе калектыў расказвае загадчык Люцыя Дземідовіч

92

У апошнія гады актыўна вядуцца размовы пра стварэнне агра­холдынгаў і будаўніцтва малочна-таварных комплексаў. За імі, па меркаванні экспертаў, будучыня сельгасвытворчасці. Для паспяховай рэалізацыі гэтых задум пераход ад кропкавага да маштабнага ўтрымання жывёлы павінен адбыцца паступова – працэс не аднаго года. Пра гэта добра разумеюць у РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі», дзе адбываецца рэканструкцыя фермы «Кямелішкі». Пра змяненні на жывёлагадоўчым аб’екце, запланаваныя работы і калектыў даведаўся журналіст «раёнкі». 

З загадчыкам фермы Луцыяй Дзе­мі­довіч – летась падчас святкавання Дня работніка сельскай гаспадаркі жанчыну прызналі адным з лепшых спе­цыялістаў у раёне – сустрэліся ля фермы. 

Акінуўшы вокам тэрыторыю, заўважыла, што запланавана тут, відаць, многае – некаторыя цялятнікі ўжо разабраны, іншыя, наадварот, «убраліся» ў новыя дахі, дзверы і вокны. Са спецыялістам накіроўваемся ў адрамантаванае памяшканне.

– Раней гэтая прастора была разбіта на клеткі, у якіх утрымлівалася 170 галоў. Зрабілі рэканструкцыю, устанавілі новыя дзверы, вокны, паілкі з аўтаматычнай падачай вады. Тут стаялі карыты, якія цялятніцы ўручную вымывалі, – расказвае Луцыя Чаславаўна. – Зрабілі высокія выгулы, каб жывёла ў вадзе не стаяла і не пералазіла праз агароджу. Залілі пляцоўку пад гноевыдаленне. Некаторыя будынкі разабралі, на іншых ідзе рэканструкцыя. Цяпер тут змяшчаецца 260 быкоў, якія могуць выходзіць на двор.

Па ўсім бачна, што работа ў «Кямелішках» кіпіць. У планах дырэктара саўгаса Дзяніса Кірпы не толькі аднавіць жывёлагадоўчыя памяшканні, але і зрабіць пакой адпачынку для працаўнікоў, дзе можна будзе пера­апрануцца ці пагрэцца зімой.

– Шмат гадоў загадваю фермай «Талюшаны». Летась Дзяніс Валер’евіч папрасіў дапамагчы тут – тагачасны загадчык на пенсіі, – узгадвае жанчына. – Гэтае «дапамагчы на месяц-два» перарасло ў пастаяннае месца. Адзінае, што з Талюшан у Кямелішкі далекавата дабірацца – дырэктар выдзеліў «Жыгулі». У палавіне сёмай раніцы я ўжо за рулём.

Пацікавілася ў Луцыі Чаславаўны, як атрым­ліваецца «не разарвацца» паміж «Талюшанамі» і «Кямелішкамі»?

– І тут, і там людзі старанныя, працавітыя – не магу на іх нарадавацца. Хоць, зразумела, розныя сітуацыі здараюцца, – працягвае загадчык. – З улікам вартаўнікоў у «Кямелішках» працуе 10 чалавек. Кожная ця­лятніца замацавана за асобным жывёлагадоўчым памяшканнем. Падсунуць кармы, пачысціць праходы – часу прысесці нават у дзяўчат няма.

У адрозненні ад «Талюшан», дзе кормасумесь развозяць на кані, у «Кямелішках» гэты працэс механізаваны. 

– Быкі атрымліваюць сянаж і сілас. Цялушкам дадаткова даём камбікорм, сена і зялёную масу. Побач з гэтай фермай закладзены чатыры ёмістасці для захоўвання травяністых кармоў, таму сілас прывозяць з іншых траншэй, – працягвае загадчык. – Па прывагах плюсуем. Яны залежаць не толькі ад кармлення, але і ад сарціроўкі жывёлы: большых пераводзім да большых, меншых – да меншых. Калі гэтага не будзе, пра прывагі можна забыць: большыя будуць аб’ядаць меншых. 

На тэрыторыі сустрэла  цялятніц Святлану Будзько, Ірэну Духновіч, Вольгу Мажуту і Валянціну Вашкевіч. У адзін голас жанчыны сцвярджаюць, што загадчык у іх самы лепшы.

– Год толькі прайшоў, як да нас прыйшла Чаславаўна, а ўжо такія змяненні: і прывагі харошыя, і жывёла, і рамонт ідзе, – гаворыць Святлана Фёдараўна. 

На ферме жанчына каля 20-ці гадоў. Спачатку была даяркай, а калі дойных кароў перавялі на комплексы ў Падольцы і Рытань, стала даглядаць цялят. 

Пра бычкоў на адкорме клапоціцца Валянціна Вашкевіч. На ферму яна прыйшла ў 2005 годзе, калі ў аграгарадку закрылі сталовую райспажыўтаварыства, дзе працавала да гэтага. 

За Ірэнай Духновіч на ферме замацаваны цялушкі. Акрамя гэтага, жанчына адказвае за іх пакрыццё. 

– Шмат гадоў па вёсках малако збірала, пакуль прыватнік не прыйшоў. Апушыны, Паядуні, Кямелішкі, Вярдзелішкі, Даўцюны – вёсак не злічыць, – узгадвае Ірэна Духновіч. – Штодзень і ў свята, і ў выхадны прачыналася ў 3 гадзіны ночы. Кабыла Баска, на якой рабіла аб’езд, цяпер на ферме ў Стрыпунах.

Падменнай цялятніцай нядаўна працуе Вольга Мажута. Сюды жанчына перайшла з мясцовага клуба.

– Калектыў харошы. Хоць работа ў сельскай гаспадарцы, а тым больш на ферме, нялёгкая, але ж трэба некаму працаваць! – зазначыла вяскоўка. 

Текст и фото: Алёна Ганулич

По материалам газеты "Астравецкая праўда"

Читайте также: