Патрабуюцца нестандартныя падыходы да работы
На Дзятлаўшчыне праходзіць штогадовы агляд-конкурс пасеваў. Семінар ладзіцца два дні на землях усіх сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Удзельнікамі агляду пасеваў традыцыйна сталі намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі, землеўпарадкавальнай службы, раённых інспекцый па насенняводстве, каранціне і абароне раслін, кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгаспрадпрыемстваў раёна.
У першы дзень камісія наведала СГФ “АграМілк”, КСУП “Жукоўшчына”, КСУП “Хвінявічы”, ТАА “РоданАграПол”. Ацэньваліся стан пасеваў, выкананне нормы высеву, аптымальнай гушчыні, унясенне мінеральных угнаенняў, правядзенне хімахоўных работ, узворванне і ўцягванне ў гаспадарчы абарот патэнцыйна ўрадлівых і пустуючых земляў, якія прылягаюць да сельскагаспадарчых аб’ектаў, якасць сяўбы і іншыя аспекты.

– Сёлета аграрыі раёна працуюць у складаных умовах надвор’я, у нетыповы год, нялёгкі для ўсіх. Агляд-конкурс на Дзятлаўшчыне каштоўны тым, што мы можам убачыць розныя падыходы да вырашэння сітуацыі і розны вынік. Сёлета ўборка будзе ў разы больш складанай за леташнюю, таму на яе пачатку абмеркавалі тэхналагічныя аспекты справы. У калектыўным абмеркаванні вырашаем, якія падыходы да работы будуць найбольш аптымальнымі, – адзначыў Віталій Шулейка. – Таксама ў працэсе вырошчвання і ўборкі ўраджаю варта не забываць пра эканамічную выгаду і мэтазгоднасць: укладзеныя выдаткі павінны быць апраўданы і вярнуцца прыбыткам. Сёлета, як ніколі, неабходна зладжаная работа кіраўнікоў і аграномаў: кожны дзень наглядаць за палеткамі і падстройвацца пад зменлівую сітуацыю.

Віталій Тадэвушавіч дадаў, што найбліжэйшая задача для хлебаробаў – высокімі тэмпамі ўвайсці ў масавае жніво і паралельна падбіраць палі для сяўбы азімых культур.
У час сустрэчы прадстаўнікі гаспадарак абмеркавалі надзённыя справы, абмяняліся вопытам па вырошчванні сельскагаспадарчых культур, вызначылі, куды рухацца далей у галіне раслінаводства.
Прызёры, а таксама лідары ў кожнай з намінацый агляду-конкурсу будуць адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Наталля АВЯРЧУК








