Главная » Направления работы » МОЛОДЕЖЬ » Фотоконкурс «Память поколений»

№21 Ивашко Марина - Крыніца Апостала Святога Якуба

У пачатку ХVІІІ стагоддзя хрысціяне з Тракеляў, Дайлідак, Даўшышак, станцыі Ашмяны і іншых населеных пунктаў звярнуліся да Віленскага біскупа з просьбай арганізаваць на іх тэрыторыі асобную парафію. Праз нейкі час новая парафія, якая атрымала імя “Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі”, была створана. І на яе тэрыторыі пачалі ўзводзіцца культавыя будынкі: касцёл, капліца на могілках – сёння ўжо наўрад ці можна даведацца, па чыёй ініцыятыве – капліца ля крынічкі ў Тракелях. А крынічку назвалі імем святога Якуба. 25 ліпеня, у дзень святога Якуба, у крынічнай капліцы сталі ладзіцца фэсты – з працэсіяй ад самага касцёла, з харугвамі з песнямі і малітвамі. У 1939 годзе адбыўся апошні з такіх фэстаў – пачалася эра атэізму. Спачатку разабралі каплічку, і да крыніцы пачалі ганяць на вадапой калгасных коней – балазе, канюшня знаходзілася непадалёк. А потым падчас правядзення меліярацыі завярнулі бураломам ды камянямі і саму крыніцу. Але Ядвіга Іосіфаўна і Міхаіл Імпалітавіч Матулойці памяталі месца, з якога біла крыніца, і разам са сваімі дзецьмі вырашылі яго ачысціць. Папрацаваць давялося шмат, але справа таго была вартая – забіла, заіскрылася на сонейку гаючая крынічная вада. Змыла са свайго твару ганьбу, нанесеную людзьмі, і заспявала, як даўней – радасна і шчасліва. Тым больш, што побач з яе студзенькай быў устаноўлены крыж, высокі і моцны. Але жыхары Тракеляў вырашылі поўнасцю аднавіць “статус-кво” сваёй вадзяной лекаркі, і Ядвіга Баляславаўна Сабюн адшукала ў Віленскім гістарычным архіве дакументы, якія пацвердзілі і імя крыніцы, і яе высвенчанасць, і гаючую ўласцівасць яе вады. Копіі дакумента разам з пісьмом, у якім вернікі прасілі дазволу аднавіць святое месца, былі накіраваны ў райвыканкам, старшыні Астравецкага сельсавета і ў біскупат Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп Аляксандр Кашкевіч даў дазвол на аднаўленне фэстаў, і 25 ліпеня ля тракельскай цуда-крынічкі, як некалі іх продкі, збiраюцца на малітву людзі.
Першую – пасля больш за 50 гадоў забыцця Імшу – адслужыў пробашч Міхалішкаўскага касцёла ксёндз Анатоль Захарэўскі, дапамагаў якому падчас цэлебравання мясцовы пробашч ксёндз Алег Шпень. У 2020 годзе ў Дайлiдскай парафii адзначылася 200-годзе пачатку будаўнiцтва першай каплiцы на крынiцы Апостала Святога Якуба.

Рейтинг: 649