Главная » Новости » Лента новостей

Гонар Астравецкага раёна і КСУП “Варняны” – член прафсаюза работнікаў АПК, механізатар Іосіф Мацкела

145

На перадавой аграпрамысловага комплексу звычайна знаходзяцца камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак. Іх называюць героямі жніва, ім уручаюць узнагароды і прэміі, пра іх заўсёды расказвае «раёнка». Ніхто не змяншае заслуг перадавікоў, але ў іх ценю часта застаюцца не менш працавітыя, адданыя калісьці абранай справе людзі. З такіх механізатар КСУП «Варняны» Іосіф Мацкела, які ў аграпрамысловым комплексе Астравеччыны, больш таго, у адной гаспадарцы працуе без малога 35 гадоў. Партрэт мужчыны сёлета занесены на раённую Дошку гонару. 

Як і большасць вяскоўцаў, Іосіф Часлававіч нязвыклы да ўвагі да сваёй асобы, сціплы і нешматслоўны. 

– Ніякіх асаблівых і адметных фактаў у маёй біяграфіі няма. Нарадзіўся ў звычайнай вясковай сям’і ў Трокеніках. Бацькі працавалі ў калгасе імя Куйбышава: тата – у будаўнічай брыгадзе, пазней быў паляводам, а мама – у мясцовым цэху. Да вучобы быў гультаяваты. (Усміхаецца.) Больш да тэхнікі цягнула, запчастак. У Варнянскім вучэбна-вытворчым камбінаце адвучыўся на трактарыста і пасля 8 класа пайшоў у калгас. У армію не ўзялі па стане здароўя. З 1989 года так і працую, – сцісла расказаў мужчына. – Пятнаццаць гадоў назад у наш трокеніцкі калгас прыслалі дзяўчыну на практыку. Алена глянулася мне – ажаніліся. Жонка хоць і вывучылася на агранома, але па прафесіі не працуе. Яна загадвае мясцовай бібліятэкай. Жывём у Трокеніках асобна ад бацькоў.

Кажуць, што незаменных людзей няма. Але гэта меркаванне не тычыцца Іосіфа Мацкелы. Апошнія некалькі гадоў ён працуе на «Амкадоры». Без пагрузчыка ў КСУП «Варняны», дарэчы, як і ў любой іншай гаспадарцы, проста не абысціся. Незалежна ад пары года фронт работ у механізатара вялікі. Яго дапамога патрэбна і на фермах, і на складах, і ў полі, і ля ёмістасцей для захоўвання травяністых кармоў. 

– Сёння мой працоўны дзень пачаўся ў 6 гадзін раніцы. Тры дні з траншэі ля малочна-таварнага комп­лексу «Беразоўка» грузіў сянаж на фермы ў Варняны, Карвэлі, Варону. Падчас корманарыхтоўкі трамбую «зялёнку», падчас жніва загружаю збожжа і рапс у зернесушылкі, – расказвае механізатар. – У свой час і араў, і культываваў – толькі не сеяў. Пачынаў на трактары Т40, потым даверылі МТЗ-80, пазней перасеў на МТЗ-1221. Восем гадоў на «Амкадоры». Пагрузчык атрымаў не новы, але моцна ён мяне ніколі не падводзіў, хоць гады работы даюць пра сябе ведаць. 

Пацікавілася ў мужчыны, хто яму  паведаміў пра занясенне на раённую Дошку гонару і што ён пры гэтым адчуў. 

– Калі наш галоўны аграном Іван Дзенюш расказаў мне пра гэта, зніякавеў. Не прывык я да ўвагі. Тым больш у нас хапае талковых механізатараў, якія ў гаспадарцы працуюць не адзін год, – разважае Іосіф Часлававіч. – Блізкім, нават жонцы, нічога не сказаў і калі ездзіў у райцэнтр фатаграфавацца на Дошку гонару, і калі ўдзельнічаў у свяце Першамая, падчас якога называлі лепшых працаўнікоў раёна. Пра гэта яны даведаліся з вашай тэлепраграмы. Родныя вельмі ўзрадаваліся. Мне, прызнацца, таксама прыемна, што маю працу так высока ацанілі. 

У механізатара запытала, пра што ён марыць. 

– У жыцці, здаецца, усяго хапае. Даўно, яшчэ ў школьныя часы, ездзіў з класам на экскурсію ў Ленінград. Хацеў бы яшчэ раз там пабываць, але разам з жонкай, – зазначыў Іосіф Мацкела. 

Слова калегам

Іван Дзенюш, галоўны аграном КСУП «Варняны»:

– Адказны, вопытны, сумленны – гэта ўсё пра Іосіфа Мацкелу. Ён з кагорты тых механізатараў, якія працуюць не дзеля ўзнагарод і не па раскладзе. Калі закладвалі сянаж, сілас, ён, лічы, адзін спраўляўся. Трэба карміць раніцай жывёлу на фермах і комплексах – Часлававіч тут як тут. Ніхто з калег пра яго дрэннага слова не скажа. Лічу, што партрэт гэтага работніка заслужана трапіў на раённую Дошку гонару.

Алёна Ганулич
По материалам газеты "Астравецкая праўда"
 

Читайте также: