Главная » Новости » Лента новостей

Дзіцячы садок, санаторная група… для цялят

14

Нездарма Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначаў у час наведвання аднаго з малочнатаварных комплексаў краіны, што, каб выгадаваць здаровае пагалоўе буйной рагатай жывёлы, да цялят трэба адносіцца, як да маленькіх дзяцей. Магчымасць здаць экзамен на замацаванне гэтай тэорыі жывёлаводам прадаставіла сёлетняя суровая зіма.

Аб тым, як спраўляюцца з задачай на МТК “Еленка” ААТ “Граніт-Агра”, паназіралі разам з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Анастасіяй Хоміч.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў ААТ “Граніт-Агра” складае 6545 галоў, з іх дойнага статку – 2569. На комплексах сельгаспрадпрыемства знаходзіцца каля 300 галоў маладняку, які патрабуе асаблівага догляду і ўвагі. На “Еленцы” цяляты ўтрымліваюцца ў асобным памяшканні, пабудаваным спецыяльна для іх, – прафілакторыі. Умовы тут і сапраўды як санаторныя: сухія прасторныя загоны, камфортная тэмпература паветра, малочная кухня, збалансаванае харчаванне, кантроль медыцынскіх паказчыкаў. Усё гэта забяспечваюць жывёлаводы, ветэрынарны доктар і галоўны заатэхнік, якая трымае працэс на кантролі на ўсіх МТК. Анастасія Алегаўна расказала, якім чынам праходзіць звычайны дзень жывёлавода ў прафілакторыі для цялят:

– Як і ў сапраўднай бальніцы, раніца пачынаецца з абходу: праводзім агляд стану пасля ночы нашых маленькіх падапечных, пасля чаго даглядчыкі ажыццяўляюць выпайку пастэрызаваным малаком, якое кожнаму цялятку дастаўляецца на малочным “таксі” – спецыяльным агрэгаце накшталт вялікага тэрмасу, у якім падтрымліваецца аптымальная тэмпература вадкасці. Такія ёсць у нас на кожным з чатырох малочнатаварных комплексаў. Самым маленькім даём малако праз соскі. Далей праводзіцца раздача камбікорму, праз некаторы час – вады, гігіенічныя працэдуры. Малако ў дзённы рацыён цялят уводзіцца два разы ў суткі, а ў асобных выпадках для падтрымання імунітэту – тры разы. За тэмпературай малака і вады, якія атрымлівае жывёла, сочаць самі жывёлаводы і перыядычна – ветэрынарны доктар, у працэсе ўдзельнічаюць адказныя спецыялісты. 

Галоўны заатэхнік паказала, як наладжана сістэма размеркавання выхаванцаў унутры прафілакторыя. Зусім маленькія цяляты на працягу двух з паловай месяцаў знаходзяцца ў індывідуальных загонах, пасля чаго пераводзяцца на агульнае размяшчэнне ў групах па ўзросце.

– Атрымліваецца нешта падобнае да дзіцячага садка: ёсць яслі, старэйшая і дашкольная групы, з кожнай – свая работа. Перад тым, як перавесці ў іншую, абавязкова праводзім агляд, вакцынацыю і прафілактычныя мерапрыемствы. Мяняецца схема кармлення, і мы ўважліва назіраем за тым, як цяляты перажываюць новаўвядзенні, – расказвае Анастасія Алегаўна.

– Усё ж, што, па-вашаму, галоўнае ва ўтрыманні маладняку ў зімовы перыяд?

– На маю думку, самае важнае – цяпло не толькі ў ежы, але і ў памяшканні, адсутнасць скразняку. У гэты перыяд жывёлаводы робяць глыбокую падсцілку, асабліва для нованароджаных цялят. Нават калі ў загоне суха, яна мяняецца раз у два дні. Мы прытрымліваемся пазіцыі, што ў марознае надвор’е цялятам камфортней зімаваць у памяшканні. У гэтым плане прафілакторыі зарэкамендавалі сябе з найлепшага боку. У перспектыўным плане значыцца будаўніцтва новых, вельмі хочацца, каб усё рэалізавалася.

Наталля АВЯРЧУК

Читайте также: