Ад умоваў работы залежаць яе вынікі
У Дзятлаўскім раёне ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу праходзіць месячнік бяспекі працы ў галіне жывёлагадоўлі. У рамках яго адбыўся маніторынг фермаў “Краглі”, “Погіры”, “Нагародавічы” КСУП “Жукоўшчына”. Выявіць, як там праводзіцца работа па ахове працы, накіраваліся галоўны спецыяліст аддзела механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Камароў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыя Шымчык.

Члены мабільнай групы правяралі стан умоваў працы і бяспекі работнікаў на працоўных месцах, забеспячэнне іх сродкамі індывідуальнай абароны, укамплектаванасць жывёлагадоўчых аб’ектаў аптэчкамі і спраўнымі першаснымі сродкамі пажаратушэння; правядзенне навучання і інструктажоў па ахове працы работнікаў; стан санітарна-бытавых памяшканняў, пакояў прыёму ежы.

Станоўча адзначана, што адбываецца кантроль за выкананнем працоўнай дысцыпліны работнікамі; выконваецца заканадаўства па ахове працы, праводзіцца стажыроўка і інструктажы па ахове працы работнікаў прадпрыемства, вядзецца адпаведная дакументацыя.
Але разам з тым у спецыялістаў былі заўвагі па стане санітарна-бытавых памяшканняў на фермах.

– На аснове заўваг будуць складзены агульныя рэкамендацыі, якія вышлюць кіраўніку сельгаспрадпрыемства для выканання. Там укажуць парушэнні і тэрмін, да якога іх неабходна выправіць, – адзначыў Аляксандр Камароў. – Спадзяёмся, што адказныя асобы гаспадаркі з разуменнем аднясуцца да сітуацыі, бо ад таго, у якіх умовах працуюць людзі, залежаць і вынікі іх работы.

Святлана ГРЫШЫНА








