Главная » Новости » Лента новостей

Водитель, полевод, заведующая складом. Профсоюзы Кореличчины награждают активных участников жатвы 2020 года

462

 

Зразумела, падчас жніва павышанай увагі да сябе заслугоўваюць камбайнавыя экіпажы, якія беражна абмалочваюць гектары залатой збажыны. Аднак нельга недаацэньваць працаўнікоў іншых прафесій, якія таксама з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі ўборачнай кампаніі. Іх узнагароджанне стартавала 5 жніўня, калі жніво перасягнула свой экватар.

– Традыцыйна падчас жніва райкам прафсаюза работнікаў АПК праводзіць працоўныя спаборніцтвы. Пасля падвядзення вынікаў іх пераможцы ўзнагароджваюцца, – расказвае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская. – Сёлета мы вырашылі выйсці за звыклыя рамкі і выказаць словы падзякі за працу прадстаўнікам розных прафесій – вадзіцелям, механізатарам, паляводам і іншым. Па хадайніцтве пярвічных прафсаюзных арганізацый у кожным сельгаспрадпрыемстве і ААТ “Карэлічы-Лён” вылучылі па адным працаўніку, які ўзнагароджаны Падзячным пісьмом райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовым сертыфікатам.

Загадчыца цэнтральнага склада СВК “Маяк-Заполле” Алена Казак (НА ГАЛОУНЫМ ФОТА)

Дзе, як не на зернесушыльным комплексе, можна ўбачыць вынік старанняў хлебаробаў гаспадаркі і адчуць гонар за іх працу? Залацістымі ўзгоркамі збажыны сустрэў нас зернесушыльны комплекс у агр. Краснае, цэнтральны склад якога  шосты год запар узначальвае загадчыца Алена Казак.

– На сённяшні дзень у засеках ужо маем больш за 16 тысяч тон збажыны. Таму абавязкова будзем з хлебам, – задаволена адзначае загадчыца цэнтральнага склада СВК “Маяк-Заполле”, трымаючы ў руках прафсаюзныя ўзнагароды. – Больш за ўсё люблю пшаніцу. Яна ў нас сапраўды залатая. Пасля пярвічнай апрацоўкі і дасушвання адпраўляем збожжа на захоўванне. Таксама рыхтуем да сяўбы насенне. У хуткім часе будзем азімыя сеяць, вясной – яравыя. Шчыра кажучы, сёлета была некаторая заклапочанасць наконт ураджаю зерневых. Надвор’е не вельмі спрыяла. Але нам удалося атрымаць добрую ўраджайнасць – 78,8 ц/га. Цяжка перадаць словамі тыя эмоцыі, якія адчуваеш, калі глядзіш на камбайн, які плыве па залатым полі. Калі ж збожжа шумным струменем сыплецца з кузава машыны на зерняток, сам сабой узнікае спакой за дабрабыт “Маяка”.

 

Вадзіцель КСУП “Племзавод Карэлічы” Леанід Мураўскі

Яшчэ аднаго героя сёлетняй уборачнай кампаніі сустрэлі на зернесушыльным комплексе ў агр. Палужжа. Вадзіцель КСУП “Племзавод Карэлічы” Леанід Мураўскі працуе ў гаспадарцы 12 гадоў і неаднаразова ўзнагароджваўся на раённым узроўні. У сераду, 5 жніўня, у капілку ўзнагарод працаўніка дадаліся Падзячнае пісьмо і грашовы сертыфікат ад прафсаюзаў раёна.

– Штодзень раблю каля 18 рэйсаў. З пачатку жніва ўжо перавёз больш за тысячу тон зерня, – дзеліцца вадзіцель МАЗа. – Ураджайнасць зерневых 76,5 ц/га, якую сёлета маем, не можа не радаваць. Па-першае, гэта фінансавы дабрабыт гаспадаркі. Да таго ж заробак вадзіцеляў залежыць ад колькасці перавезенага ад камбайнаў зерня. А калі ўраджай добры, тады і кузаў хутчэй напаўняецца. Адпаведна і перавязеш больш. Тут арыфметыка простая. Зразумела, і маральнае задавальненне адчуваеш, калі вязеш поўны кузаў спелых зярнят, старанна вырашчаных рукамі працаўнікоў гаспадаркі.

Палявод КСУП “Лукі-Агра” Ганна Калабаева

– Якая б сучасная тэхніка не працавала на палях гаспадаркі, без чалавечых рук не абысціся, – дзеліцца палявод КСУП “Лукі-Агра” Ганна Калабаева, якой таксама ўручана прафсаюзная ўзнагарода. – Просты прыклад: калі вясной і восенню паляводы не збяруць на палях камяні, тэхніка будзе ламацца. Альбо іншы: магутныя камбайны абмалоцяць збажыну. Наша задача – граматна спарадкаваць яго, каб ніводнае зярнятка не было страчана.

За актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі 2020 года таксама ўзнагароджаны вадзіцель СВК «Свіцязянка-2003» Мікалай Адамовіч, электрагазазваршчык КУСП «Чарняхоўскі-Агра» Міхаіл Грэмяка, трактарыст-машыніст КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» Валерый Давыдзенка, вадзіцель КСУП «Цырын-Агра» Генадзій Лежань, слесар па механізацыі працаёмістых працэсаў КСУП «Царука» Андрэй Рамейка, трактарыст-машыніст СВК «Жухавічы» Іван Драткоўскі, галоўны аграном КСУП «Малюшычы» Сяргей Шыш, трактарыст ААТ «Карэлічы-Лён» Анатолій Норэнберг.

polymia.by

Читайте также: