Главная » Новости » Лента новостей

Сямейны падрад Клімукоў – сплаў вопыту і маладосці

807

Механізатар ААТ “Дэмбрава” Леанід Станіслававіч Клімук адзін з тых, хто задзейнічаны ў гаспадарцы на касавіцы. Нарыхтоўваць травяністыя кармы яму дапамагае старэйшы сын Алег, які сёлета заканчвае сельскагаспадарчы ліцэй і прыйшоў у сельгаспрадпрыемства на практыку.

-- Мінулым летам я працаваў тут зваршчыкам, -- гаворыць юнак. – А цяпер мне даверылі трактар МТЗ-82 з прычапной варушылкай. Разам з бацькам раскідваю па полі свежаскошаную траву, каб яна крыху падвялілася на сонцы, як таго патрабуюць тэхналогіі. У дзень рыхтую да 80 гектараў.

-- Яго ж з кабіны выгнаць немагчыма! – уключаецца ў гутарку Леанід Станіслававіч. – Вы паглядзіце як ён умела кіруе тэхнікай! Нават і не скажаш, што гэта яго першая касавіца.

Між іншым, першы раз за руль трактара Алег Клімук сеў яшчэ ў сёмым класе: будучы цікаўным хлопчыкам, напрасіўся да бацькі ў кабіну. З той пары і палюбіў тэхніку. Калі прыйшоў час вызначыцца з прафесіяй, падаўся ў механізатары.

-- Некаторыя мае аднагодкі лічаць, што працаваць на сяле бесперспектыўна, -- кажа малады механізатар. – Аднак яны моцна памыляюцца! Летась падчас практыкі я зарабіў сабе на новы мабільны тэлефон, а сёлета адкладу зарплату на аўтамабіль. Задаволены заробкам і мае аднакурснікі, якія таксама праходзяць практыку ў ААТ “Дэмбрава”. Мы амаль кожны дзень бачымся на мехдвары і яшчэ больш пасябравалі.

Працоўны дзень сямейнага падрада Клімукоў пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы і заканчваецца, калі сонца хаваецца за гарызонт.

-- Мы не лічымся з асабістым часам, бо разуеем, што падчас касавіцы кожная пагодная хвіліна на вагу золата, -- дзеліцца Л.С. Клімук. – Сілкуемся прама ў полі: усіх занятых на нарыхтоўцы травяністых кармоў гаспадарка забяспечвае двухразовым гарачым харчаваннем. Назіраючы за працай сына, адчуваю гонар, что выхаваў дастойнага чалавека.

Якое ж было маё здзіўленне, калі даведаўся, што Леанід Станіслававіч – шматдзетны бацька.

-- Дома мяне чакаюць яшчэ два сына і дачка, якія ў гэтую гарачую пару выконваюць усе хатнія клопаты, -- працягвае наш суразмоўца. – А як іначай? Мая жонка Алена Алегаўна працуе ў гаспадарцы аператарам машыннага даення на МТФ “Дэмбрава-777”, і амаль увесь светлавы дзень “прападае” на ферме. За агульным сталом мы збіраемся ўсёй сям’ёй толькі вечарам: дзелімся эмоцыямі, абмяркоўваем апошнія навіны.

Першы ўкос траў у ААТ “Дэмбрава” плануюць завяршыць прыкладна праз два тыдні. А там ужо і жніво не за гарамі. Частка механізатараў, у тым ліку і Леанід Станіслававіч Клімук, перасядуць на зернаўборачныя  камбайны  і пачнуць убіраць хлеб.

 

 

 

-- У кабіне камбайна “Палессе” сядзеў не раз і добра вывучыў, як працуе гэтая тэхніка, -- зазначае Алег Клімук. -- Калі будзе неабходна, з задавальненнем падключуся да ўборачнай кампаніі. Працаваць у тандэме з бацькам адно задавальненне: мы разумеем адзін аднаго з паўслова, таму і справа спорыцца!

Па матэрыялу раеннай газеты

Читайте также: