Свята першага снапа прайшло на Смаргоншчыне
З традыцыйнага для беларускай зямлі абраду – “Зажынак”- пачалася ўборачная кампанія на Смаргоншчыне. Шырокае ячменнае поле, якое раскінулася паміж вёскамі Кавалі і Варакумшчына, стала месцам правядзення старадаўняга земляробчага рытуалу – зажынання першага снапа.
Зажынкі, якія ўжо не першы год праходзяць у КСУП “АграСолы”, сабралі камбайнераў і вадзіцеляў, старшынь гаспадарак і іншых гасцей. Павіншаваць хлебаробаў з пачаткам жніва прыехалі старшыня райвыканкама Генадзь Харужык, яго першы намеснік, начальнік райсяльгасупраўлення Сяргей Мядзвецкас, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзяньчук i старшыня райкама профсаюза АПК Вiталь Iвашка. Напачатку ўрачыстасці ўсіх прысутных павітаў Генадзь Васільевіч. Ён адзначыў, што цяперашні ўраджай у полі – гэта вынік клопату шматлікіх людзей: механізатараў, якія апрацоўвалі глебу перад сяўбой, сеялі і праводзілі мерапрыемствы па ахове раслін, работнікаў, якія рыхтавалі зерне, вадзіцеляў, якія падвозілі насенне ў поле, аграномаў, якія клапаціліся пра ўраджай. Звяртаючыся да камбайнераў, Генадзь Васільевіч адзначыў, што сёння менавіта яны галоўныя героі ўрачыстасці, і што ад іх старанняў залежыць вынік працы ўсяго калектыву.
Зладжанай работы ўсім удзельнікам жніва пажадаў Сяргей Тадэвушавіч. Ён падкрэсліў, што жніво – гэта вынік сельскагаспадарчага года. Гэту працу трэба правесці хутка і з мінімальнымі стратамі. Усяго ў раёне неабходна ўбраць амаль 19 тысяч гектараў зерневых. Задзейнічаны будуць 63 камбайны. Дарэчы, гаспадарка “АграСолы” сёлета набыла 2 новыя зернеўборачныя камбайны “Палессе”. Наогул, уся тэхніка ў гаспадарцы падрыхтавана да жніва і ёсць упэўненасць, што з-за паломак прастояў ва ўборцы не будзе.
Падчас урачыстасці камбайнерам і вадзіцелям павязалі чырвоныя стужкі і пажадалі добрых і хуткіх намалотаў. Па добрай традыцыі ўдзельнікаў жніва і іх тэхніку благаславіў і акрапіў святой вадой айцец Валянцін. Работнікі культуры падаравалі віноўнікам урачыстасці шмат добрых песень.
Ганаровае права зажаць першы сноп было прадстаўлена дырэктару гаспадаркі Вользе Лук’яненка і жанчыне са шматгадовых стажам работы ў гаспадарцы - Марыі Пагода. Першы зажаты сноп быў ўручаны кіраўніку раёна Генадзю Харужыку. Пасля абраду зажынання першага снапа камбайнеры занялі свае месцы ў кабінах падрыхтаванай тэхнікі. Жніву быў дадзены афіцыйны страт.
Фота Т.ЧАРНЯЎСКАЙ