Главная » Новости » Лента новостей

Свой 60-летний юбилей водитель КУСП «Черняховский-Агро» Сергей Гимпель встретил на 38-ой по счету жатве

494

 

 

Вадзіцель КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Сяргей Гімпель сціплы па натуры і не прывык да павышанай увагі да сябе. Штодзень ён садзіцца за руль аўтамабіля і старанна выконвае даручаную справу, застаючыся адзін на адзін з развілістымі карэліцкімі дарогамі. Аднак у аўторак, 11 жніўня, зусім невыпадкова мужчына аказаўся ў цэнтры ўвагі і пачуў у свой адрас шмат цёплых слоў і віншаванняў. Менавіта ў гэты дзень Сяргей Гімпель адзначыў 60-гадовы юбілей.

Павіншаваць стараннага працаўніка і ўручыць яму грашовую прэмію і падарункі на мехмайстэрні гаспадаркі прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алена Макар і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Аляксандр Варэнік.

Як вядома, жніво – гарачая пара, падчас якой перад вадзіцелем Сяргеем Гімпелем стаіць адказная задача – дастаўка збожжа ад камбайнаў на зернесушыльны комплекс. Дарэчы, працаўнік – у перадавіках Карэліччыны. Ён адзін з першых у раёне стаў двухтысячнікам на адвозцы зерня. Надзейны таварыш “МАЗ-555102” — таксама сёлета своеасаблівы юбіляр. 24 жніўня жалезнаму сябру споўніцца 15 гадоў.

Спяшаючыся на хлебную ніву сельгаспрадпрыемства, Сяргей Гімпель усё ж такі вылучыў некалькі хвілін на размову.

– Родам я з вёскі Загор’е. У 1983 годзе прыйшоў у гаспадарку, з таго часу і працую тут вадзіцелем.

– Якое па ліку для Вас сёлетняе жніво?

– Бачыце ў кабіне снапок з каласоў? Кожны сімвалізуе адну ўборачную кампанію. Зараз іх 38. Адпаведна 38 уборак на маім рахунку. Штогод у пачатку жніва збіраю снапок, дадаючы ў яго чарговы колас. Гэта мой сімвал і абярэг, які спрыяе мне цэлы год.

– У бягучым годзе Ваша імя занесена на раённую Дошку пашаны. Што адчувалі, стоячы на святочнай сцэне?

– Безумоўна, было прыемна і ганарова. Аднак да шумных урачыстасцей я зусім не прывык. Мне больш даспадобы сельская цішыня. Нічога асаблівага я не раблю, стараюся працаваць на сумленне.

Сціплыя словы вадзіцеля і заслужанае прызнанне яго працоўных подзвігаў сталі яскравым доказам таго, што на такіх вяскоўцах, як Сяргей Гімпель, трымаецца карэліцкая зямля.

polymia.by
Фота аўтара

Читайте также: