Главная » Новости » Лента новостей

«Прафесію мяняць не збіраюся...»

839

Ветэрынарным урачом Насця Кісель стала свядома. Клапаціцца аб братах нашых меншых малады спецыяліст малочна-таварнага комплексу «Агароднікі» КСУП «Бердаўка-Агра» вырашыла яшчэ ў дзяцінстве. Праз школьныя гады пранесла сваю мару і, калі наступіў хвалюючы момант здачы цэнтралізаванага тэсціравання, без праблем паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт на факультэт ветэрынарнай медыцыны. Пяць гадоў лепшымі сябрамі дзяўчыны былі падручнікі: вельмі хацелася атрымаць глыбокія веды, якія дапамаглі б у будучым стаць годным спецыялістам. Заўсёды падтрымлівалі дачку i бацькі, хоць ніхто з ix, як прызналася гераіня артыкула, ніколі не працаваў у галіне сельскай гаспадаркі.

– Мама – кухар, а бацька – вайсковец, таму доугі час мы жылі ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна, дзе базіравалася яго часць. Так склалася, што ў час вучобы ў старэйшых класах пераехалі ў Ліду. Вядома, я адразу палюбіла гэты зялёны горад. Ён утульны i прыгожы. Тут жывуць добрыя людзі.

Сёння спектр абавязкаў маладога спецыяліста шырокі: яна загадвае ветэрынарнай аптэкай, робіць заказы на лекі, але самае галоўнае – клапоціцца аб cвaix падапечных. Сядзець на адным месцы дзяўчына не любіць: карысці гэта не прынясе. I ўсю працу імкнецца рабіць адказна.

– У 2017 годзе я праходзіла клінічную практыку на базе МТК «Агароднікі» сельгаспрадпрыемства «Бердаўка-Агра», а ў лютым 2018 года – пераддыпломную. Вельмі спадабаўся калектыў. З першых дзен знайшла падтрымку ў асобе старэйшых калег, якія дапамагалі і парадай, і справай. Думаю, яшчэ ў пачатку прафесійнага шляху толькі таму не расчаравалася ў сваім выбары. А яшчэ вельмі люблю жывёл. Атрымліваю велізарнае задавальненне, калі бачу, што мая праца аблегчыла ix пакуты, дапамагла ачуняць. Стандартны набор маёй аптэчкі – уколы, парашкі, антымікробныя прэпараты, вітаміны. Вядома, прыходзіцца нялёгка, бо цялятку не патлумачыш, што трэба спакойна паляжаць, пацярпець тpoxi. Людзі не разумеюць мовы жывёл, але па вачах і па вонкавым выглядзе можна вызначыць, дзе і што баліць.

– Бывае і такое, што маладыя спецыялісты лічаць дні да канца адпрацоўкі. Якой вы ўяўляеце сваю будучыню?

– Прафесію мяняць не збіраюся, як і месца працы, – упэўнена адказвае дзяўчына. – Гаспадарка знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад горада. Самі разумееце, гэта вялікі плюс. Села ў маршрутнае таксі або аўтобус – і ўжо праз нейкіх дваццаць-трыццаць хвілін на месцы працы.

Задаволеныя новым работнікам i ў калектыве. Аб дзяўчыне кажуць толькі добрыя словы: «Працавітая, адказная, такога маладога спецыяліста днём з агнём не знайсці».

Недахоп маладых кадраў, якія б трымаліся за працу і хацелі ў ёй рэалізавацца, – адна з самых вострых праблем, з якой сутыкаюцца практычна на кожным сельгаспрадпрыемстве, – расказвае начальнік комплексу Генадзія Станіславаўна Пятроўская.

– У нейкі момант здаецца, што для паспяховай работы ёсць усе ўмовы. А вось з людзьмі – праблема. Таму і сёння фраза «Кадры вырашаюць усё» не губляе сваёй актуальнасці. Маладыя людзі ўсё больш глядзяць у горад, а не на сяло. А з Насцяй нам пашанцавала. Яна трапіла да нас на комплекс па размеркаванні летам мінулага года. I з першых месяцаў працы праявіла сябе як выдатны спецыяліст, зарэкамендавала сябе толькі са станоўчага боку. Яна малайчына. Адразу бачна: чалавек займаецца сваёй справай.

Упэўненая, што ветэрынарыя – справа ўсяго яе жыцця, i гераіня артыкула. I хоць яна нясе адказнасць больш чым за 800 галоў буйной рагатай жывёлы, такія лічбы яе не бянтэжаць.

– Дактароў чакаюць і на сяле, бо надежны догляд жывёл вельмі важны ў сельскай гаспадарцы, паколькі ад гэтага залежыць поспех усёй галіны, – адзначыла Насця. – Кола абавязкаў дастаткова шырокае: ад вывучэння хваробы жывёлы і прызначэння лячэння да маніторынгу якасці малочнай прадукцыі. Адказнасць вялікая. Але я ведала, што прыеду на комплекс, буду працаваць. I ні разу аб сваім рашэнні не пашкадавала.

 

Па матэрыялу «Лідскай газеты»

Читайте также: