Главная » Новости » Лента новостей

Механізатар КСУП «Макараўцы» Віктар Ляховіч – на раённай Дошцы гонару

1078

Прафесія земляроба на вёсцы заўсёды была адной з самых паважаных і ганаровых. Для таго, каб радаваў ураджай і ладзілася праца, трэба, у першую чаргу, любіць зямлю і ў дасканаласці валодаць тэхнікай. Такой пазіцыі і прытрымліваецца механізатар КСУП «Макараўцы» Віктар Ляховіч.

З надыходам пасяўной, а пазней уборачнай кампаніі, імя гэтага працавітага і добрасумленнага работніка на старонках нашай газеты можна сустрэць даволі часта. Віктар Эдвардавіч – перадавік прадпрыемства, чалавек вельмі адказны і старанны, які па-сапраўднаму хвалюецца за сваю працу.
Скончыўшы Вішняўскую сярэднюю школу, а пасля Бераставіцкае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча, у 1997 годзе ён прыйшоў працаваць механізатарам у тагачасны калгас “Дружба”. З той пары і да сённяшняга дня Віктар Ляховіч ні разу не змяніў месца працы, і, як прызнаўся, ніколі аб гэтым не шкадаваў.
– Праца ў полі – гэта мая стыхія, – адкрыта гаворыць механізатар, – зараз, аглядаючыся ў мінулае, наўрад ці абраў бы сабе іншую прафесію. Шчыра кажучы, праца далёка не лёгкая.
Вясной і восенню працоўны дзень, як правіла, пачынаецца ў майго субяседніка ў 8 гадзін раніцы. Улетку ён значна даўжэйшы – падчас збору ўраджаю Віктар Эдвардавіч можа затрымацца ў полі да позняга вечару. Умовы працы камфортнымі назваць цяжка – і ў холад, і ў спёку ён заўсёды ў полі. Пры гэтым за падрыхтоўку тэхнікі да выхаду ў поле, за яе тэхнічны стан таксама адказвае ён.
Менавіта за гэтым заняткам я і застаю з самага ранку перадавіка КСУП “Макараўцы”.
– З агляду тэхнікі і падрыхтоўкі яе да выезду ў поле пачынаецца кожны працоўны дзень, – гаворыць Віктар. – На працягу трынаццаці гадоў маім “жалезным таварышам” падчас уборкі ўраджаю з’яўляецца камбайн “MEGA-208”. Прызнаюся, час ад часу капрызіць, усё ж такі столькі гадоў ужо мне служыць, але з усімі непаладкамі стараюся хутка спраўляцца.
Ні для каго не адкрыццё, што ў механізатараў працы хоць адбаўляй. Зімой, як падзяліўся Віктар Ляховіч, калі ўсе ў асноўным займаюцца рамонтам тэхнікі, падрыхтоўкай яе да веснавога перыяду, як правіла, часу вольнага становіцца больш. А вось з вясны і да восені, як ужо было адзначана, працаваць прыходзіцца з раніцы і аж да заходу сонца.
З года ў год шэраг абавязкаў, якія ўскладзены на плечы майго субяседніка, застаюцца нязменнымі: перадпасяўная апрацоўка глебы, сяўба, уборка ўраджаю. Як прызнаўся Віктар, апошняе яму больш за ўсё да душы. Дарэчы, менавіта за высокія паказчыкі на ўборцы ўраджаю імя мужчыны было неаднойчы занесена на Дошку гонару КСУП “Макараўцы”, а ў гэтым годзе таксама і на раённую. Сярод шматлікіх узнагарод Віктара Ляховіча ёсць Граматы за высокія дасягненні з раённых і абласных “Дажынак”, Падзячны ліст ад Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта.
Як падзялілася з намі намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Алеся Капіца, Віктар Эдвардавіч з ліку тых работнікаў, якія да кожнага абавязку, нават самага малаважнага, ставяцца з поўнай адказнасцю.
Яго нялёгкая добрасумленная праца заслугоўвае шчырых слоў падзякі і з’яўляецца сапраўдным прыкладам для сучаснай моладзі, – падагульніла Алеся Мікалаеўна.
А Віктар Эдвардавіч, паміж тым, не толькі ганаровы работнік прадпрыемства, але яшчэ і клапатлівы муж і тата. У яго пяцёра цудоўных дзяцей: старэйшаму – Уладзіславу – 19, а самай малодшай дачушцы Мілене – 5 гадкоў. Дарэчы, жонка майго субяседніка Ірына таксама працуе ў КСУП “Макараўцы” прадаўцом у краме.
– Як і любы мужчына, я ў першую чаргу стараюся для сваёй сям’і. Гэта маё галоўнае багацце і невычэрпная крыніца любові, павагі і натхнення, – шчыра ўсміхаючыся завяршыў бяседу Віктар Ляховіч.

beresta.by

Читайте также: