Главная » Новости » Лента новостей

Аграрыі КСУП “Гудагай” адны з першых у раёне распачалі корманарыхтоўку

1095

Лічыцца, што ў аснове поспеху малочнай галіны ляжаць тры “К”: комплексы, кадры і кармы. Ад чаго залежыць эфектыўнасць апошняга складніка, наш журналіст высвятляў напрыканцы мінулага тыдня ў КСУП “Гудагай”.

Відаць, у нябеснай канцылярыі пачулі просьбы аграрыяў: пасля спорнага дажджу травы на вачах пацягнуліся ўгору – у раёне распачалася масавая касавіца.

– Пры нарыхтоўцы кармоў больш спадзяванняў ускладаем на першы ўкос. Летась засуха ўнесла значныя карэктывы ў нашы планы: першым укосам нарыхтавалі толькі трэць кармоў ад патрэбы, – па дарозе на малочна-таварны комплекс “Германішкі” расказаў галоўны аграном Андрэй Ненартовіч. – Затое другім укосам план цалкам закрылі.

 

Галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Ненартовіч

Сёлета ў КСУП “Гудагай” падчас першага ўкосу запланавана скасіць больш за 3 000 гектараў. Па стане на 4 чэрвеня, травы ўжо ляглі ў пракосы на плошчы 1 377 гектараў – а гэта 44 % ад плана. Зялёную масу актыўна закладваюць у сянажна-сіласныя траншэі, сянажную масу таксама нарыхтоўваюць у выглядзе рулонаў – у стрэйч-плёнку гудагайцы ўжо закруцілі 385 тон траў.

Для таго, каб у зімне-стойлавы сезон пракарміць больш за 6 000 галоў буйной рагатай жывёлы, у гаспадарцы сёлета плануюць нарыхтаваць каля 1 600 тон сена, крыху больш за 30 000 сенажу і каля 37 000 сіласу – усяго 19 733 тон кармавых адзінак, з разліку на адну ўмоўную галаву гэта 2,5 цэнтнера.

Агучваю не мною прыдуманую формулу паспяховасці малочнай галіны: “кармы, кадры, комплексы” і цікаўлюся ў галоўнага агранома Андрэя Ненартовіча, ці ёсць такая ў корманарыхтоўцы.

На імгненне галоўны тэхнолаг гудагайскіх палёў задумваецца. У яго вачах загараюцца хітрынкі – значыць, усё ж такі нейкі сакрэт ёсць, і больш таго, аграному ён вядомы.

– Прызнацца, мне не па душы розныя формулы. Ды і сакрэт паспяховасці любой справы ў першую чаргу залежыць ад самаго чалавека і яго працаздольнасці, – ухіліста адказаў Андрэй Ненартовіч. – Тым не менш, калі малако, па вашых словах, залежыць ад трох “К”, то кармы – ад трох “Т”: траў, тэхнікі і тэхналогіі закладкі зялёнай масы. Можам паглядзець, як гэта выглядае на практыцы.

У дзень майго прыезду ў КСУП “Гудагай” на корманарыхтоўцы было занята каля 20 адзінак тэхнікі: касілкі, граблі, кормаўборачныя комплексы, МАЗы…

Сяргей Урлік, касец

– На корманарыхтоўку нічога з тэхнікі не набывалі – у нашай гаспадарцы трактарна-машынны парк абноўлены некалькі гадоў таму, – расказаў Андрэй Іванавіч.

Няма тых работ у гаспадарцы, на якіх не працаваў бы Віталь Мілэйша. Мінулым летам, да прыкладу, механізатар убіраў травы на кормаўборачным камбайне і па выніках прафсаюзнага спаборніцтва заняў другое месца ў раённай корманарыхтоўцы з вынікам 4 857 тон.

Віталь Мілэйша заняты на адвозцы зялёнай масы

– На трактары “Беларус” з прычэпам перавожу зялёную масу з поля да траншэй, – расказвае механізатар. – У сярэднім за дзень раблю 10 рэйсаў, але гэта залежыць ад таго, як далёка працуем ад малочнага комплексу. А травы сёлета нядрэнныя, і дождж патрэбны – паліў бы дзень-два, глядзіш – атава хутчэй пачала б расці.

Кожны ўчастак пасля таго, як на ім скошана і ўбрана трава, адразу падкормліваюць азотам.

На трактары з прычапной касілкай КПРР-9 не першы год працуе Зыгмунд Лукашэвіч. Пад націскам вострых лёзаў касілкі травы кладуцца ў пракос шырынёй дзевяць метраў. Па выніках касавіцы мужчыну неаднойчы прызнавалі адным з лепшых механізатараў раёна і вобласці.

На касавіцы не першы год завіхаецца Зыгмунд Лукашэвіч

– За дзень абкошваю каля 40 гектараў траў. На сенажаці працую з раніцы да позняга вечара, – у два сказы мужчына ўціснуў увесь свой працоўны дзень.

Пакуль адны косяць і возяць траву, другія яе трамбуюць круглыя суткі – гэта без перабольшвання, бо так патрабуе тэхналогія закладкі сянажнай масы.

Артур Высоцкі, вадзіцель 

Летась у КСУП “Гудагай” пабудавалі па адной сянажна-сіласнай траншэі каля малочна-таварнага комплексу “Германішкі” і малочна-таварнай фермы “Дрэвянікі”, яшчэ адну давялі да толку ў Смілгах. Сёлета да восені гудагайцы плануюць скончыць будаўніцтва траншэй каля фермаў у Ліпнішках і Лошы.

На МТК “Германішкі” ўтрымліваецца каля 2 000 галоў буйной рагатай жывёлы. У дзень майго прыезду тут закладвалася другая траншэя: трактары нібыта спаборнічалі з МАЗамі – машыны пад’язджалі да траншэі, высыпалі здробленую траву і зноў імчалі ў поле. Вялікія “Амкадор” і “Кіравец” трамбавалі зялёнку.

Яўген Грымбоўскі зграбае ў адзін валок травы з дзевяці метраў

Тэмпература і вільготнасць сіласнай масы пастаянна вымяраюцца. Гэта, да слова, адзін з паказчыкаў сумленнасці работы трамбоўшчыкаў. Залянуецца амкадоршчык лішні раз “скаціцца” з крутой зялёнай горкі – тэмпература масы адразу павялічваецца, што негатыўна адбіваецца на якасці сенажу.

– Зялёную масу трэба трамбаваць круглыя суткі. З раніцы да вечара мы гэта робім з напарнікам, у начную змену працуе іншы чалавек, – патлумачыў Рыгор Тхораў.

Рыгор Тхораў трамбуе зялёную масу…

… разам з Анатолем Валяватым

Начальнік МТК “Германішкі” Галіна Карвэцкая старанна сочыць за працэсам закладкі зялёнай масы ў траншэю і фіксіруе асноўныя даныя ў журналах: колькасць рэйсаў, вагу перавезенай травы, тэмпературу і вільготнасць “зялёнкі” ў траншэі.

Начальнік МТК “Германішкі” Галіна Карвэцкая

– З мінулага года ў нас засталося яшчэ 2 000 тон сіласу выдатнай якасці. Можаце самі глянуць, – гаворыць Галіна Аляксандраўна. – А ўсё таму, што не парушаецца тэхналогія закладкі. Выкарыстоўваем спецыяльныя плёнкі – цёмную і светлую, каб утрамбаваная зялёная маса знаходзілася ў вакууме. Ні ў якім разе туды не павінны трапляць вільгаць і паветра.

…На мінулагодні сянаж я ўсё ж глянула – перамагла журналісцкая цікаўнасць. Мяркуючы па кармах, у КСУП “Гудагай” формула паспяховасці корманарыхтоўкі – травы, тэхніка і тэхналогія – узведзена ў ранг закона. І не дзіва, што надоі тут найбольшыя ў раёне!

Па матэрыялу раеннай газеты

Читайте также: